• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра легалізацыю і люстрацыю. Офіс Ціханоўскай падвёў юрыдычныя вынікі пяцігоддзя

    За мінулыя гады юрыдычная каманда Офіса налічыла больш за дзясятак галоўных дасягненняў.

    Выява з сайта tsikhanouskaya.org

    Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай падрыхтавала «шэраг важных юрыдычных рашэнняў і ініцыятываў, якія служаць на карысць усім беларусам і беларускам». Менавіта гэтыя напрацоўкі за апошния пяць гадоў павінны легчы ў аснову будучай дэмакратычнай Беларусі, хаця ўжо зараз дапамагаюць беларусам па ўсім свеце.

    Падрыхтаваная Канцэпцыя люстрацыі ў Беларусі, над якой цягам трох месяцаў працавалі 30 беларускіх і міжнародных экспертаў. «Гэта ключавы дакумент, каб забяспечыць аднаўленне даверу да дзяржаўных інстытуцыяў у вольнай Беларусі», — сцвярджаюць юрысты.

    Гатовая таксама Канцэпцыя кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным, якая «вызначае прынцыпы і механізмы аднаўлення правоў і кампенсацыі шкоды грамадзянам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў». Гаворка не толькі пра матэрыяльную кампенсацыю, але і рэабілітацыю ахвяраў рэпрэсіяў.

    Пры МУС Польшчы створаная сумесная група, праз якую ўдалося «сістэмна вырашаць пытанні легалізацыі, відаў на жыхарства і абароны беларускіх уцекачоў у Польшчы». Як прыклад — беларусы і беларускі ў Польшчы, дзякуючы працы групы, цяпер могуць атрымліваць польскі праязны дакумент бясплатна.

    Сярод дасягненняў называеццца ініцыятыва па стварэнні «Люксембургскіх рашэнняў». Умоўна кажучы, гэта даведнік па праблемах беларусаў у выгнанні (пытанні легальнага ўезду і знаходжання на тэрыторыі ЕС, пагрозы свабодзе перамяшчэння, адмовы ў консульскіх паслугах) і імплементацыя іх рашэнняў у нацыянальных заканадаўствах краін Еўрапейскага Звяза.

    Пры Радзе Еўропы створаная Кантактная група, якая «забяспечыла прамую камунікацыю і магчымасць уплываць на міжнародныя рашэнні па Беларусі».

    Безумоўна, важным дасягненнем дэмакратычных сілаў з’яўляецца Стратэгічны дыялог з ЗША, падчас якога выпрацоўваюцца прававыя пазіцыі і прапановы, якія ўлічваюцца ў палітыцы ЗША адносна Беларусі. За прыклад прыводзіцца «ўзгодненая агульная пазіцыя па пытанні вызвалення палітычных зняволеных, санкцыйнага ціску і прыцягнення да адказнасці за масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека».

    Дэмсілы ўдзельнічаюць таксама ў Стратэгічных кансультацыях з Вялікабрытаніяй, падчас якіх рыхтуюцца рэкамендацыі для брытанскага ўрада — каб забяспечыць падтрымку беларускага грамадства і ўзмацніць міжнародны ціск на рэжым.

    Яны таксама займаюцца адвакацыяй ў працэсе грамадзянскага агляду выканання Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі, пазбавіўшы «прадстаўнікоў рэжыму магчымасці з трыбунаў ААН казаць пра тое, як у Беларусі ўсё добра з вяршэнствам права, гендарнай роўнасцю і ўзроўнем адукацыі».

    Агулам дзеля абароны правоў беларусаў Офіс Ціханоўскай актыўна выкарыстоўваў розныя структуры ААН: рыхтаваў і накіроўваў даклады і паведамленні ў спецыяльныя працэдуры ААН, у тым ліку Спецыяльнаму дакладчыку па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і іншым тэматычным дакладчыкам (па пытаннях катаванняў, свабоды слова, незалежнасці суддзяў і адвакатаў). Цяпер дэмсілы ўдзельнічаюць у працэсе Універсальнага перыядычнага агляду (UPR), каб зрабіць відавочнымі сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі на глабальнай арэне. Праблемы палітычных рэпрэсіяў і беззаконня ў Беларусі былі ўключаныя ў парадак дня Генеральнай Асамблеі і Рады па правах чалавека ААН.

    Дэмсілы актыўна прасоўваюць механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі і міжнароднай адказнасці. Прасцей кажучы, яны супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі краінаў ЕЗ з мэтай «спрыяць узбуджэнню крымінальных справаў супраць вінаватых у злачынствах рэжыму па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі». Такія справы ўжо зараз расследуюцца ў Літве, Польшчы, Чэхіі і шэрагу іншых краінаў. Тэрмінаў даўніны па гэтых злачынствах амаль нідзе няма, таму дэмсілы перакананыя, што рана ці позна вінаватыя панясуць пакаранне.

    Юрысты Офіса Ціханоўскай правялі шырокую міжнародную адвакацыю, у выніку якой скарацілі магчымасці выкарыстання Інтэрпола для палітычна матываваных пераследаў беларусаў за мяжой.

    За пяць гадоў юрысты разгледзелі тысячы зваротаў грамадзянаў Беларусі, якія сутыкнуліся з пагрозамі, пераследам або юрыдычнымі праблемамі ў розных краінах.

    Юрысты Офіса сумесна з праваабаронцамі стварылі Міжнародную групу экспертаў па расследаванню парушэнняў правоў чалавека пасля выбараў 2020 года. Менавіта гэтая група ўпершыню заявіла на міжнародным узроўні, што дзеянні беларускага рэжыму падчас выбараў і пасля іх могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці.

    І, нарэшце, дэмсілы сістэмна працуюць на пляцоўках АБСЕ. Адным з вынікаў «стала стварэнне Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (Inter­na­tion­al Account­abil­i­ty Plat­form for Belarus) і яе падтрымка з боку краінаў—удзельніц АБСЕ. Платформа зафіксавала ўжо тысячы сведчанняў здзяйсненняў супраць беларусаў злачынстваў, у тым ліку міжнародных. Фактычна гэта доказная база па будучых працэсах прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму і іх памагатых», — гаворыцца ў справаздачы.

    Каманда Ціханоўскай адзначае, што ўсё пералічанае – не пра юрыдычныя працэдуры і прававыя фармулёўкі. Галоўнае – беларусы. Гаворка найперш «пра беларусак і беларусаў, якія сёння жывуць унутры краіны і штодзень дыхаюць атмасферай страху і ціску, але працягваюць захоўваць годнасць, дапамагаць адно аднаму і верыць у перамены». І «пра больш чым мільён беларусаў і беларусак, якія былі вымушаныя пакінуць Радзіму».

    Мы — юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай — працуем 24/7, каб максімальна вялікая колькасць беларусаў атрымала абарону, справядлівасць і шанец на свабоднае жыццё ў сваёй краіне. Мы ведаем, дзеля чаго гэта робім. І мы не спынімся, пакуль Беларусь не стане свабоднай, прававой і справядлівай дзяржавай для ўсіх сваіх грамадзянаў, — гаворыцца ў справаздачы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці