• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачобута не выпусцілі з турмы, бо Польшча не адкрыла пункты пропуску на мяжы – Лукашэнка

    Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Польшча сарвала ўгоду – нібыта палітвязня Анджэя Пачобута збіраліся абмяняць на беларускіх шпіёнаў, затрыманых у Польшчы, але польскія ўлады адклалі адкрыццё двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут. Фота: Вольга Корсун

    «У нас з палякамі былі кантакты. Яны просяць там гэтых Пачобутаў, шпіёнаў прызнаюць. Яны затрыманыя. «Аддайце». Мы ім кажам: «Ну добра, там 2–3 чалавекі нашых ёсць. Вяртайце. Правядзем абмен». Таксама ж сем’і і гэтак далей. Выведка была, ёсць і будзе. Я гэта прызнаю, паважаю. Добра, абмяняем. Пачобута хочаце – мы гатовыя пайсці і на гэта. «Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовыя з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ чагосьці»», – распавёў Аляксандр Лукашэнка пра дэталі ўгоды.

    Аднак затым Польшча адклала адкрыццё двух памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю.

    «Учора да ночы мне паведамляе КДБ: «Не, яны адступілі ад гэтай пазіцыі ў знак салідарнасці з Літвой за гэтыя вось шарыкі». Я кажу: «Перадайце ім прывітанне». Адступілі – ну і мы адступім. Мы на паўзу ставім. Калі саспееце – прыходзьце, будзем з вамі размаўляць», – дадаў Лукашэнка.

    Паводле яго, беларускі бок гатовы да размовы «без нагнятання».

    28 кастрычніка Дональд Туск нечакана заявіў, што Польшча гатовая адкрыць два памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю: «Кузніца – Брузгі» і «Баброўнікі – Бераставіца». Аднак пазней міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Марцін Кервіньскі паведаміў, што анансаванае раней адкрыццё памежных пунктаў адклалі на некалькі тыдняў праз салідарнасць з Літвой, якая цалкам закрыла мяжу з Беларуссю праз паток кантрабанды.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці