«Пацібулум» Дудзінскага: антыўтопія і вытворчы раман у адным флаконе
Зося Лугавая кажа адназначна: вельмі моцная кніга.

Ёсць горад, сыты і задаволены сабой, які ўжо 10 гадоў жыве пад акупацыяй. Калісьці сюды прыйшла армія Консула, якая пераможна рушыла па кантыненце і захоплівала ўсё новыя тэрыторыі. Горад жа не стаў абараняцца, ён ціха здаўся і прыстасаваўся. Консул спакойна атабарыўся ў ім, але ўсе гэтыя 10 год пакутаваў: у яго не было адчування, што ён перамог. Таму Консул ставіць гораду ўльтыматум і дае 10 дзён. Цягам гэтых дзён горад моцна змяняецца, а мы бачым гэта вачыма здымачнай брыгады мясцовага тэлебачання — «найлепшага рэпарцёра з паўтарачнай стаўкай» і таленавітага аператара.
І вось тут пачытаюцца плюсы і моцныя бакі кнігі. Дудзінскі прапануе свой варыянт антыўтопіі, але адначасова стварае «вытворчы» раман. У кнізе шмат тэлевізійнай кухні, бо галоўны герой — тэлерэпарцёр. Амаль усю кнігу мы назіраем Фелікса і яго вернага аператара Марка ў працы.
Дудзінскі гаворыць пра тэлебачанне шмат і робіць гэта цікава.
«Нібыта шукаючы апраўдання перад сабой і перад уяўнымі крытыкамі, ён заўсёды нагадваў сабе, што яшчэ ні разу не зрабіў рэпартаж ці сюжэт, якія б наўпрост праслаўлялі Консула або яго кіраванне. Эканоміка, спорт, побытавыя пытанні горада, прэс-канферэнцыі ў мэрыі, надвор’е — так, менавіта гэта і было тэмамі яго працы, але ніяк не сляпое ўзвялічванне акупацыйнага рэжыму і яго лідара. Нават нягледзячы на тое, што тэлебачанне цяпер атрымлівала фінансаванне — а значыць, і ён свой заробак — непасрэдна з кішэні консульскай зграі».
Дзяніс Дудзінскі доўгі час быў адным з твараў дзяржаўнага тэлебачання. У 2020 годзе яго звольнілі за крытычныя выказванні, і ён пераарыентаваў сваю кар’еру на незалежныя праекты. Цяпер працуе на канале «Белсат».

Дзяніс Дудзінскі. Фота з ягонай фэйсбук-старонкі
«Пацібулум» (дарэчы, ці вы ведаеце, што гэта?*) у пэўным сэнсе перагукаецца з апошнімі кнігамі іншых аўтараў-журналістаў — Аляксандра Чарнухі і Сашы Філіпенкі. Асабліва са «Сланом» апошняга. У Дудзінскага таксама ўмоўны горад і таксама надзвычайныя абставіны, якія прымушаюць людзей раскрывацца па-новаму. Пераважна — у горшы бок. Аднак у Дудзінскага кніга выйшла найбольш цэласная і гарманічная.
Тое, за што адразу хочацца накінуць балаў Дудзінскаму — (сама)іранічнасць і адсутнасць позы. У галоўным героі даволі пазнавальныя рысы аўтара, і пры гэтым Фелікс далёка не бездакорны. Таленавіты, кемлівы, але кан’юктурны. У пэўныя моманты інфантыльны. Быццам бы эмпатычны, але неяк выпадкова.
«Гаварыць прыгожа — гэта яго праца, але «прыгожа» не азначае «з сэнсам».
І гэта, дарэчы, было ледзь не галоўнае маё здзіўленне ў кнізе. Ад Дудзінскага я акурат чакала позы і празмерна сур’ёзнага стаўлення да сябе. У «Пацібулуме» гэтага няма, альбо добра прыхаванае. Праз тэкст не прасвечвае.
«Не бывае незалежнага тэлебачання — мы ўсе абслугоўваем нечыя інтарэсы, і часцей за ўсё на шкоду ўласным, ідзём на кампрамісы з сумленнем і заплюшчваем вочы на тое, што нам здаецца праўдай.»
Кніга добра структураваная, не распадаецца на кавалкі. Усё ясна і паслядоўна. Магчыма, крыху прадказальна, але тут няма чагосьці прыцягнутага за вушы, як тая ж крыжаванка ў «Слане». Падазраю, за гэта варта падзякаваць і рэдактарцы Наталлі Давыдоўскай.
Денис Дудинский: «Самое главное, что я не стал мерзавцем и подонком, не предал самого себя»
У Дудзінскага ёсць стыль. Мне спадабалася мова, нават негледзячы на тое, што яна расейская (спадзяюся, паважаны чытач адчуе тут іронію). Кніга лёгка і хутка чытаецца, але гэта не рэпартаж і не тэлеграфны стыль. У кнізе ёсць прыемныя апісанні горада, нязмушаныя, але і не павярхоўныя апісанні герояў:
«Фелікс любіў гэты горад, любіў яго побытавую нясталасць і сезонныя капрызы, любіў гарадскі шум і нават задушлівы пах аўтамабільных выхлапаў. Гэта была зусім не любоў дзеля самой любові, якую звычайныя людзі адчуваюць да месца, дзе яны нарадзіліся. Гэта была цалкам лагічная і ўсвядомленая любоў да канкрэтнага населенага пункта, да пэўнага пункту на карце ці глобусе: у гэтым горадзе ўсё адпавядала яго, Фелікса, экзістэнцыяльнаму тэмпарытму, уяўленню пра час і прастору, адчуванню кліматычнага камфорту».
«Настрой быў роўны, без усплёскаў невытлумачальнага энтузіязму, але і без упадніцкай абыякавасці і безуважнасці да свету, што час ад часу наведваюць людзей інтэлектуальных прафесій».
Дарэчы, горад у Дудзінскага напраўду абстрактны. Без аніякіх павеваў з усходу ці з захаду. Тое ж тычыцца імёнаў галоўных герояў — яны грэцкага, габрэйскага, лацінскага паходжання: Фелікс, Марк, Саламон, Серафіна, Тэадор… Не Пашы з Сашамі, не Францішкі з Алесямі. І за гэтым адчуваецца адмысловая праца.
Паклаўшы руку на сэрца, магу сказаць: адзіная хіба кнігі — што яна напісаная не па-беларуску.
*Пацібулум (лац. patibulum) — у антычнай рымскай традыцыі, першапачаткова, папярочная бэлька крыжа, якую асуджаныя на распяцце неслі на сваіх плячах да месца пакарання. На месцы пакарання яна мацавалася да вертыкальнага слупа, утвараючы крыж. Пазней слова пацібулум пачало абазначаць сам крыж, распяцце, а яшчэ пазней — шыбеніцу або месца публічнага пакарання смерцю. Ужываецца ў тым ліку як сімвал пакут і пакарання.
Ад турэмнай літаратуры да навуковай фантастыкі. Якія беларускія кнігі выйшлі ў 2025 годзе
@bajmedia