Журналістка Паліна Піткевіч прызнаная палітычнай зняволенай
27 лютага прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі ў адмысловай заяве прызналі затрыманую беларускімі ўладамі журналістку Паліну Піткевіч палітычнай зняволенай.

Журналістка Паліна Піткевіч. Фота: сацсеткі
Паліну Піткевіч утрымліваюць пад вартай у следчым ізалятары паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні».
Журналістцы пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Судовы працэс над Палінай Піткевіч пачнецца 7 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе.
КДБ Беларусі 18 чэрвеня 2024 года абвесціў анлайн-выданне Media IQ «экстрэмісцкім фармаваннем», і Паліна Піткевіч была названая сілавікамі ўдзельніцай гэтага медыяпраекта. Прыкладна ў той жа час журналістка была затрыманая.
Камітэт абароны журналістаў 27 лютага выступіў з патрабаваннем неадкладнага вызвалення Паліны Піткевіч і спынення практыкі зняволення прадстаўнікоў медыя за выкананне сваёй працы.
«Затрыманне Паліны Піткевіч — яшчэ адзін змрочны напамін пра тое, што ўрад Аляксандра Лукашэнкі — найгоршы турэмшчык журналістаў у Еўропе і Цэнтральнай Азіі», — заявіў 27 лютага ў Нью-Ёрку дырэктар праграм CPJ Карлас Марцінес дэ ла Серна. — Беларускія ўлады павінны зняць усе абвінавачанні з Піткевіч і адмяніць законы аб экстрэмізме, а не выкарыстоўваць іх для падаўлення іншадумства».
Паліна Піткевіч нарадзілася ў 1994 годзе. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (2016). Яна захаплялася тэатрам і нейкі час грала як актрыса ў Лабараторыі сацыяльнага тэатра ў Мінску. Як журналістка пісала на культурніцкія тэмы.
Таксама Паліна вядомая сваёй любоўю да жывёл — на яе старонках у сацсетках можна знайсці мноства аб’яў пра дапамогу бяздомным хвастатым. Па словах знаёмых, у Паліны ў самой дома жыў не адзін выратаваны кот.
