Памёр Вячка Станкевіч, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода
У Злучаных Штатах завяршыўся зямны шлях Вячкі Станкевіча, аднаго з найстарэйшых актывістаў беларускай дыяспары ў Амэрыцы, паведаміла Рада БНР.

Вячка Станкевіч, крыніца — Радыё Свабода
Вячка Станкевіч нарадзіўся ў Вільні ў 1932 годзе ў сям’і выбітнага мовазнаўцы Яна Станкевіча. Выехаў зь Беларусі разам з бацькамі ў час II усясьветнай вайны. З 1949 году — у ЗША. Атрымаў ступень магістра па спэцыяльнасьці «электрамэханіка». Працаваў інжынэрам у карпарацыях «ITT» і «Western Union».
З 1990 па 1998 год ён быў дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода. На наступны год пасьля таго, як Станкевіч узначаліў Беларускую службу Радыё Свабода, Савецкі Саюз спыніў існаваньне, абрынулася камуністычная сыстэма.
Менавіты пры ім у Менску зьявілася бюро Радыё Свабода, а ў службе — першыя журналісты зь Беларусі пасьля сканчэньня халоднай вайны.
«Я разумеў, які час прыйшоў у Беларусі, — расказваў Вячка Станкевіч ў інтэрвію Радыё Свабода ўвесну 2024 году. — Маёй задачай было запоўніць штат службы прафэсійнымі журналістамі. Першы, каго я прыцягнуў да працы на Радыё Свабода, быў Аляксандар Лукашук. Ён тады працаваў у Беларусі ў газэце „Звязда“. Ён быў большым прафэсіяналам у гэтай справе, чым я. Я тады паехаў у Менск, пагаварыў зь ім і прыцягнуў яго да працы. Але не на беларускую службу, а ў аддзел, які рыхтаваў аналітычныя артыкулы. Там патрэбныя былі людзі, якія арыентаваліся ў сытуацыі ў краінах, на якія вяшчала Радыё Свабода. Пазьней я прыняў яго ў службу… Зьявіліся людзі і зь Беласточчыны, і зь Беларусі».
