Пасля вызвалення: як былыя палітвязні-журналісты асвойваюцца ў эміграцыі
У мінулым верасні пасля перамоў з ЗША беларускія ўлады вызвалілі і дэпартавалі ў Літву 52 палітвязняў, сярод якіх — 12 журналістаў і супрацоўнікаў медыя. Пагаварылі з калегамі, як за гэты час змянілася іх жыццё: пра адаптацыю, працу і патрэбы, пра негатыў і пазітыў.

Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»
Мікола Дзядок: «Аграмадная грамадская салідарнасць, але таксічнасць беларускай інтэрнэт-прасторы»
— Сталай працы я не знайшоў.
Я зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік — спрабую жыць са сваёй творчай дзейнасці, але, на жаль, пакуль пра ніякую самаакупнасць гаворкі не ідзе.
Зразумела, зараз сярод беларусаў актыўнасць у фінансавай падтрымцы блогераў зусім не такая, як у 2020 годзе. Але я шмат працую і буду старацца, каб вырвацца на самазабеспячэнне. З дакументамі ў парадку — досыць хутка атрымаў часовы дазвол на жыхарства на тры гады і пашпарт замежніка. Так што зараз ужо магу падарожнічаць.
Што да стаўлення навакольных і беларускай супольнасці ўвогуле, то, безумоўна, пазітыўнага нашмат больш, чым негатыўнага. Галоўны пазітыў — гэта аграмадная салідарнасць.
Вельмі ўразіла, як людзі дапамагалі, ахвяравалі сваім часам, ахвяравалі фінансава, абдымалі бясконца, вадзілі па кавярнях, усяляк праяўлялі сваю любоў, клопат. Вельмі дапамаглі людзі з дыяспары, мноства незнаёмых асабіста нават людзей — хто куртку даў (элементарна курткі зімняй не было на той час), хто па крамах вадзіў, хто дапамог разабрацца ў бюракратычных пытаннях, усяго і не ўзгадаць нават.

Мікола Дзядок. Фота: «Новы Час»
Было вельмі шмат дапамогі, гэта такі, скажу, штуршок пазітыўны і моцны быў. Вельмі ўсцешыла тое, што беларуская салідарнасць не знікла, што яна ёсць. А вось з непрыемнага найбольш адзначу таксічнасць інтэрнэт-прасторы. Гэта бясконцая колькасць ботаў, якія пішуць аграмадную колькасць каментароў, бачна, што яны працуюць.
З іншага боку, бачу нездаровую скіраванасць вялікай часткі нашай беларускай супольнасці на абмеркаванне нейкіх скандалаў, на сваркі замест пазітыўнай павесткі — адкрый любы пост, там будуць кагосьці бэсціць, вышукваць нейкія смажаныя факты і гэтак далей. Людзі часам вельмі зласліва стасуюцца між сабой у сацсетках.
Я гэту культуру стасункаў тлумачу ў тым ліку тым, што наш рух 2020 года быў настолькі масавы, што ён захапіў і людзей, якія не мелі дагэтуль аніякага досведу ні ў актывізме, ні ў руху, ды не мелі досведу палітычнага мыслення — іх вельмі лёгка збіць з панталыку, простыя кадэбэшныя маніпуляцыі з імі спрацоўваюць.
Канешне, не варта скідаць з рахунку і расчараванне людзей, многія ж спадзяваліся праз год, максімум праз два, быць у Беларусі — вось зараз і пачынаецца пошук вінаватых, пошук па сваіх уласных перавагах. Гэта заўважна, гэта муляе вока. Інтэрнэт-камунікацыя беларусаў між сабой часам пакідае цяжкія ўражанні.
Мяркую, самыя вострыя праблемы чалавека пасля вызвалення — гэта адчуць сябе ў бяспецы і давяраць бліжняму.
Павел Мажэйка: «На нас не толькі праўда, надзея, але яшчэ і адказнасць»
— У мяне атрымалася зачыніць за сабой дзверы. Было няцяжка, урэшце рэшт гэтыя дзверы — гэта ж брама лукашэнкаўскай турмы. Іду далей, асабліва назад не азіраюся. Не бачу сэнсу наракаць: гэй, Радзіма, за што ты, як сказаў адзін мудры чалавек, «выцяла мяне ботам ніжэй спіны». Гэта ж не Радзіма выцяла…

Павел Мажэйка пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Скрыншот відэа «Белсат»
Паўтаруся, было няцяжка. Пры падтрымцы ўсіх нашых ініцыятыў, якія працуюць з палітвязнямі, прафесійных журналісцкіх і культурніцкіх структур, маіх сяброў-прыяцеляў, выпадковых знаёмых, мінакоў на вуліцах, сям’і ў гэтыя першыя чатыры месяцы я пачуваю сябе абароненым, задбаным, шчаслівым чалавекам.
Сёння я ўсё яшчэ чакаю дакументаў на легалізацыю і, натуральна, дазволу на працу. Яны дадуць мне магчымасць быць больш свабодным і больш самастойным.
Маё ўспрыманне жыцця не змянілася. Дзе б я ні быў, у Гародні, турме, гарадах і сталіцах Еўразвяза, не люблю траціць час на нараканне. Мне ўсюды цікава. Нагружаюся чытаннем, брэйнштормам, удзелам у вартых увагі задумах. Я ў захапленні ад Святланы Курс, яе творчасці і жыццёвай пазіцыі, нязмушанасці, адсутнасці фальшу, сапраўднасці. Гэта касмічны ўзровень, яна не проста разбірае нас на дробачкі, яна паказвае якія мы, беларусы, магутныя.
Уразіла выстава ў Беластоку — Pankstok’80. Для мяне было адкрыццём, што 40 гадоў таму ў камуністычнай Польшчы, у далёкім ад усіх галоўных шляхоў Беластоку актыўна дзейнічалі больш за 30 моладзевых музычных гуртоў: панкі, эксперыментатары, рэгі. Цэлая субкультура. Ёсць і тыя, хто спяваў па-беларуску, — і гэта тэма для журналісцкай працы. Гэта ж наша беларуская гісторыя. Памятаю, спрабаваў неяк у Гродне заняцца гісторыяй незалежнай, непадцэнзурнай музыкі часоў «саўка». Марна, амаль пуста. І гэта таксама паказвае розніцу тагачасных рэжымаў, кандыцыю грамадстваў, тэмпературу настрояў. І тое, чаму мы тут, а яны там.
Напачатку вельмі цікавіла, а цяпер вельмі хвалюе сітуацыя, настрой у незалежнай прэсе, вымушанай працаваць з‑за мяжы. Адчуваецца, што значная частка працуе ў асноўным, каб жыць, нямногія імкнуцца думаць пра чытача ў Беларусі. І гэта сур’ёзны выклік для нас усіх. Запатрабаванне на праўду і надзею ў Беларусі аграмаднае.
Не думаю, што гэта змянілася за апошнія месяцы. А надзею даем усе мы — тыя, каму ў разы лягчэй, тыя, хто на свабодзе, і не толькі ў фізічным сэнсе. Навінам, якія ў Беларусі здабываюцца з такой цяжкасцю, пад пагрозай пераследу, давер надзвычай вялікі. Ведаю з уласнага досведу. Таму на нас не толькі праўда, надзея, але яшчэ і адказнасць.
Павел Вінаградаў: «Самая вострая праблема — хочацца дадому»
— Пачуваюся я выдатна, зноў пачаў імкнуцца да формы шара. Але, шчыра кажучы, гэтае імкненне трэба неяк спыняць, буду спрабаваць нешта з гэтым зрабіць. Калі сур’ёзна, то міграцыйная служба Літвы выдала мне ВНЖ на тры гады, засталося забраць пластыкавую картку.

Павел Вінаградаў у турэмнай робе. Вільня, Літва. 15 кастрычніка 2025 года. Фота: Brogenie_Vinograda / Telegram
Дэпрэсіі ў мяне няма, відаць, яшчэ рана, ды я да яе і не схільны. Прыехала сям’я, дзіця пайшло ў школу, я цяпер увесь у нейкіх побытавых клопатах. Працы пакуль няма, але, спадзяюся, бліжэй да канца студзеня яна з’явіцца, пачну нешта пісаць для «Белсата».
А самая вострая праблема для мяне цяпер — тое, што я вельмі хачу дадому. Туды, дзе мае чатыры градкі, дзве кампостныя кучы, дзе ўвогуле ўсё маё. Вось мая галоўная праблема, але я, вядома, разумею, што, на жаль, пакуль гэта немагчыма.
Самае галоўнае і прыемнае з усяго часу пасля прыезду ў Літву — гэта стаўленне людзей да нас, хваля салідарнасці з вызваленымі палітвязнямі. Я, шчыра кажучы, ніколі такога на сабе не адчуваў: былі людзі, гатовыя цябе пасяліць, ёсць людзі, гатовыя купіць табе адзенне, прывезці прадукты, даць грошы і ўсё такое. Гэта было вельмі крута, і я быў гэтым моцна ўражаны.
Непрыемна ж я ўражаны коштамі на арэнду ў Вільнюсе: мне цяпер даводзіцца здымаць трохпакаёвую кватэру за 800 еўра, і гэта я яшчэ не ведаю, колькі мне прыйдзе за камунальныя паслугі.
А стаўленне людзей у Літве да мяне, эмігранта, нейкага незразумелага кекса з беларускай турмы, абсалютна нармальнае, нягледзячы на нязнанне мовы. Я магу павітацца па-літоўску, папрасіць прабачэння, што пакуль не размаўляю па-літоўску, але ніхто не прапануе мне з’ехаць з краіны. Вядома, калі я застаюся тут, буду вучыць мову. Але не выключаю, што паводле тых жа працоўных абставін магу з’ехаць у Польшчу. Хоць, як мне падаецца, на год я тут асеў: дзіця ўжо пайшло ў школу ў Вільні.
Што да гэтых нашых лакальных беларускіх скандалаў у інтэрнэце, то я іх не ўспрымаю: яны бачныя толькі людзям, якія знаходзяцца ў Facebook, гэта такая наша эмігранцкая, ведаеце, бурбалка. Дзякуй богу, што асноўная частка беларусаў гэтага ганьбішча не бачыць.
Вядома, думаю і пра кнігу. Думаю напісаць вялікую фундаментальную працу імя мяне, дзе я сканцэнтрую і тыя гісторыі, якія ўжо публікую ў Facebook, і некалькі іншых, больш сур’ёзных. Столькі кантэнту, колькі ёсць у мяне цяпер, у мяне не было ніколі — гэта трэба неяк аформіць у нешта больш-менш цэласнае і зразумелае.
Ларыса Шчыракова: «Размаўляю з рознымі людзьмі на запас»
— Я з аптымізмам гляджу ў будучыню. Але ёсць туга па радзіме, вельмі хочацца вярнуцца. Але ж жыць цяпер трэба, наладжваць побыт і гэтак далей. Што праўда, пакуль якраз побыт не наладжваю з той простай прычыны, што завяршаю патрэбныя медычныя працэдуры, а потым збіраюся с сынам у Польшчу, дзе буду падавацца на міжнародную абарону.
Пакуль не працую. На шчасце, жыць ёсць за што пакуль, гэта і дапамога беларускіх арганізацый і саміх беларусаў, ёсць і свае нейкія рэсурсы. Зараз жыву ў шэлтары, натуральна, размаўляю з рознымі людзьмі, запісваю, часам і здымкі раблю — але гэта, так бы мовіць, на запас. Збіраю матэрыял.
Да таго ж, не хачу ісці на працу з 9 да 18, у тым ліку журналісцкую, а хочацца заставацца ў фармаце фрылансу. Так што стала не працую, але матэрыял назапашваю, каб далей, можа быць, прапанаваць яго рэдакцыям. Купляю патроху апаратуру: вось набыла здымач, каб рабіць фота ды відэа.

Ларыса Шчыракова са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Мне не падабаюцца канфлікты ў нашым беларускім асяроддзі. Гэта засмучае, бо, на маю думку, ёсць толькі адзін бенефецыяр нашых канфліктаў — беларускі КДБ і такога ж кшталту структуры.
Не падабаюцца сваркі і тое, калі ўласныя амбіцыі ставяцца вышэй за беларускую справу. Але ж гэта, на жаль, не стала нейкім для мяне адкрыццём ці сюрпрызам. Як гісторык я ведаю, што такое ж было ў папярэдніх хвалях беларускай эміграцыі, міжваеннай ды паваеннай.
Пры гэтым вельмі ўразіла салідарнасць. Столькі дапамогі, уся магчымая і немагчымая, проста ад людзей, ад усемагчымых фондаў ды арганізацый, наракаць няма як. Вельмі цешыць, што не засталася сам насам са сваімі праблемамі, а была ахінутаю дапамогай і салідарнасцю.
Павел Падабед: «Стану на ногі — пайду аддзячваць»
— У Польшчы я падаўся на міжнародную абарону, мой пашпарт цяпер ва ўладаў. У мяне ёсць часовае пасведчанне іншаземца, але з ім тут даступна не ўсё: той жа банкаўскі рахунак без статусу адкрыць складана, нават хатні інтэрнэт падключыць цяжка, арандаваць кватэру і г. д.
З кватэрай дапамаглі мае былыя кіраўнікі на «Белсаце»: яшчэ ў 2017 годзе быў створаны фонд Strefa Solidarności, дык праз гэты фонд знялі кватэру, ды і з многімі бюракратычнымі пытаннямі дапамаглі. Пакуль жыллё ў мяне яшчэ на два месяцы, а як будзе далей — пакуль не ведаю.
Страх, шчыра кажучы, ёсць: час ідзе, а ў мяне тут пакуль ніякага статусу няма. І з працай таксама пакуль не ўсё зразумела: нейкі час буду на фрылансе, думаю пайсці ў распрацоўку — цяпер вывучаю мовы праграмавання, мне гэта цікава.

Павел Падабед . Фота: з асабістага архіва
Уразіла салідарнасць. Нам дапамагалі і фонды, і арганізацыі, і проста людзі. У Польшчы ёсць такая ініцыятыва «Вольныя» — яны робяць вельмі шмат.
Дзяўчына з гэтай ініцыятывы казала, што да іх звяртаюцца беларусы з запытамі, каму можна і трэба дапамагчы. Гэта на мяне моцна паўплывала — я нават не чакаў. Калі стану на ногі, мне таксама хацелася б рабіць нешта падобнае. Гэта не тое, каб «вярнуць доўг сусвету», але ёсць такая ўнутраная патрэба. Магчыма, таму, што да нас было столькі ўвагі, што потым хочацца і самому ў гэта ўключыцца, аддзячыць дабром. Гэта вельмі важна.
Я вось цяпер спрабую знайсці людзей з апошняй групы вызваленых, з якімі сядзеў. Нават проста гутарка важная — я гэта ўжо разумею па сабе. Спачатку ў цябе эйфарыя: ты вызвалены, ніхто табе не кажа, што ты лайно, няма гэтых сцен, кратаў, калючага дроту. Але потым гэта праходзіць, пачынаецца дэзарыентацыя: дзе ты, хто ты, ты ў чужой краіне, пачынаюцца побытавыя праблемы, праблемы легалізацыі, працы і г. д. А потым яшчэ можа накрыць дэпрэсія ад эміграцыі. Але ў любым выпадку, калі б не наша дыяспара, нашы арганізацыі, нашы людзі — было б у разы горш.
Ірына Слаўнікава: «Мы зразумелі, што будзем тут жыць досыць працяглы час»
— У мяне атрымалася адаптавацца вельмі хутка. Мяне тут і муж чакаў, тут ёсць сябры і калегі. Муж знайшоў нам новае жытло, і мы адразу вырашылі, што гэта будзе наш дом — мы зразумелі, што будзем тут жыць досыць працяглы час.
Гэта разуменне дало мне пэўную палёгку. Хаця, канешне, спачатку былі пэўныя недарэчнасці з вядзеннем хатняй гаспадаркі: ведаеце, у калоніі за цябе ўсё вырашаюць, усё ідзе паводле раскладу дня, а тут трэба і хадзіць у краму, і прыбірацца, і праць нешта, і гатаваць, і іншае побытавае. Але яны вырашыліся досыць хутка, зараз я раблю ўсё гэта нават з асалодай.

Пасля доўгага расстання. Фота: з асабістага архіва Ірыны Слаўнікавай
Пакуль я адпачываю, сумяшчаю адпачынак з чаканнем рашэння па маёй заяве на міжнародную абарону. Гэты час я выкарыстоўваю для прыемных рэчаў: чытаю, папраўляю здароўе, сустракаюся з сябрамі.
Негатыўнага я ўвогуле нічога за гэтыя чатыры месяцы не магу ўспомніць. Толькі фантан пазітыўных эмоцый — такія адчуванні. Людзі так добра ставіліся і ставяцца дагэтуль, з такім паразуменнем. Нават нейкія невялічкія падарункі стараюцца рабіць. Вось хадзілі з мужам ва ўжонд (мясцовая адміністрацыя. — Рэд.), і калі працаўнічка даведалася, што я прыехала сюды пасля чатырох гадоў у турме, то было настолькі добрае стаўленне, яна так намагалася нам дапамагчы ва ўсім. Так што, толькі пазітыў за гэты час.
Я наўмысна не аднавіла свой акаўнт у Facebook, не хачу туды ўлазіць. Я ведала, што там прыблізна магу пабачыць, гэтыя сваркі не першы ж раз сярод беларусаў. Не хачу ўваходзіць у гэта, каментаваць, спрачацца — гэта не маё. У мяне добрыя адносіны з мужам, сынам, калегамі, сябрамі, навошта пускаць у сваё жыццё гэты негатыў. Кепска разумею тых людзей, якія ствараюць гэтую атмасферу, асабліва ў дачыненні былых палітвязняў.
Блогер Дзмітрый Казлоў: «Іншых сфер, акрамя медыя, я для сябе не разглядаю»
— Магу сказаць, што праз чатыры месяцы пасля вызвалення я, на шчасце, адчуваю сябе нармальна, сур’ёзных праблем са здароўем няма. Прайшоў неабходную рэабілітацыю, крыху яшчэ засталося са стаматалогіяй.
А што да псіхалагічных адчуванняў, то магу сказаць, што ўжо нібыта і не быў у турме. На волі ўсё забываецца. Можна сказаць, што я ўжо рэабілітаваўся, сацыялізаваўся. ВНЖ у Літве атрымаў на тры гады.

Дзмітрый Казлоў у віленскай кватэры. Фота: Ірына Новік для «Вот так»
Развіваю свой канал, займаюся блогерствам, як і планаваў.
Жыллё ёсць. Розную дапамогу аказваюць арганізацыі. Плюс і сам стараюся нешта рабіць: напрыклад, здымаўся ў масоўцы ў кіно, рабіў на замову прадметную здымку, яшчэ нешта дробнае. Адаптуюся да гэтай рэальнасці.
Застаецца шэраг пытанняў, якія, хутчэй, ужо і не звязаныя з турмой. Як выжываць у эміграцыі, як увайсці ў медыярынак, каб развіваць канал, неяк заставацца на плаву, быць актуальным і пры гэтым нешта зарабляць. Бо іншых сфер, акрамя медыя, я для сябе не разглядаю.
А вострых пытанняў у людзей тут хапае. Гэта і легалізацыя, і атрыманне дакументаў, каб мець магчымасць перамяшчацца па Еўропе, адкрываць рахункі. Для многіх гэта вельмі важна і крытычна. Жыллё, праца. Для многіх важна пабачыцца з роднымі, уз’яднацца з сям’ёй, для кагосьці — пытанні, звязаныя з маёмасцю і нерухомасцю, якая засталася ў Беларусі.
Аператар Вячаслаў Лазараў: «Планы на будучыню — гэта ўжо вельмі падтрымлівае»
— Ведаеце, калі параўноўваеш сябе таго, толькі вызваленага, і цяперашняга, то, канешне, перамены кардынальныя. Становішся больш спакойны. Перасталі прыходзіць сны адтуль. Калоніі ўсё менш і менш у жыцці, стан палепшыўся, ёсць нейкія планы.
Некаторыя хлопцы амаль праз пару дзён казалі, што нібыта і не сядзелі.
Пра сябе я так сказаць не магу. На жаль, усё памятаю. Нават холад ты зараз па-іншаму ўспрымаеш. Памятаеш і міліцыянтаў, і кантралёраў, якія здзекаваліся з людзей. Але гэтыя рабілі тое па працы. А самае кепскае, што былі такія і сярод зняволеных, якія таксама былі на «прафуліку», але працавалі на адміністрацыю.
Мы думалі, што будзе калісьці нейкая адказнасць і для іх. Але, як вызваліліся, паглядзелі, што некаторыя з такіх паехалі сабе ў Польшчу, у Германію. Непрыемна.

Вячаслаў Лазараў са сваім партрэтам, які быў створаны ў межах выставы БАЖ «Журналісты: бязгучны рэжым». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ
Дагэтуль самым яскравым уражаннем застаюцца тыя першыя хвіліны на волі. Калі мы пабачылі, колькі людзей сустракала, дапамагала, як ставіліся да нас.
Літоўскі ВНЖ атрымаў, зараз я некалькі дзён ужо ў Варшаве. Самыя складаныя моманты — далейшае ўладкаванне. Законы змяняюцца, больш бюракратычных перашкод.
Ну і выкінулі ж шмат каго з нас без паперак, без дакументаў. З гэтым пакуль невядома — дзеянні беларускай улады паказваюць, што вяртанне пакуль немагчымае. Але галоўнае, што ёсць планы на будучыню — гэта ўжо вельмі падтрымлівае.
Хаця на сто адсоткаў упэўненасці наконт працы пакуль няма. Так, мне цікава вярнуцца ў прафесію, але ўжо хацеў бы здымаць больш творча, не толькі навіны, можа быць, нейкія дакументальныя сюжэты. Адно дакладна — усё, што будзе далей, у любым разе лепш за тое, што было там, у турме.
@bajmedia