• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я аднойчы злавіў сябе на тым, што ў галаве няма ніводнай думкі». Павел Севярынец – пра турму, веру і вяртанне дадому

    Павел Севярынец правёў за кратамі больш за 5,5 года. Пасля вызвалення ў снежні 2025-га яго вывезлі з Беларусі, а ўжо ў Вільні ён упершыню за доўгі час абняў жонку Вольгу і сына Францішка. 

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    «Белсат» пагаварыў з Паўлам пра ўмовы зняволення і тое, як ён перажываў бацькоўства ў турме, пра погляд на ролю Святланы Ціханоўскай і шлях дэмакратычных сілаў, пра тое, чым ён плануе займацца далей – і чаму, нягледзячы ні на што, кажа: «Мы абавязкова вернемся».

    «Каменныя сцены проста трэсліся, бо адразу ў некалькіх камерах, у дворыках, збівалі людзей»

    Для Паўла Севярынца апошні тэрмін не быў першым пазбаўленнем волі. Упершыню апынуўся пад крымінальным пераследам у 2005‑м – пасля акцыяў пратэсту супраць трэцяга прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Тады лідара «Маладога фронту» засудзілі на 3 гады «хіміі». Другі раз Севярынца затрымалі пасля Плошчы-2010, яму зноў прызначылі 3 гады абмежавання волі.

    7 чэрвеня 2020-га Паўла забралі ў двары дому пасля пікету на Камароўскім рынку ў Менску. Ён апынуўся ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе яму раз за разам дадавалі содні – агулам ён атрымаў 75 дзён арышту. Амаль адразу ж яго змясцілі ў карцар. Потым завялі крымінальную справу: палітыка абвінавацілі ў рыхтаванні масавых закалотаў. 25 траўня 2021-га Паўлу Севярынцу прысудзілі 7 гадоў калоніі строгага рэжыму.

    – Калі вы даведаліся, што на вас завялі крымінальную справу?

    – Пасля пратэстаў, здаецца, гэта быў 70‑ы ці 71‑ы дзень маіх содняў. Я ўжо разумеў, што тут будзе справа сур’ёзная і пра выхад гаворкі няма.

    Але паміж гэтым было 9‑га, 10-га, 11 жніўня. Акрэсціна ў гэтыя дні было эпіцэнтрам. Туды звозілі практычна ўсіх людзей, затрыманых у Менску. Збіццё я чуў, некаторыя рэчы нават даводзілася бачыць, бо мяне перавялі з карцару ў камеру. 

    Я нават выглядаючы ў акно бачыў калідор, па якім праганялі людзей, якіх прывозілі на Акрэсціна. Там цэнтральныя каменныя сцены проста трэсліся, бо адразу ў некалькіх камерах, у дворыках, людзей збівалі, стаяў страшэнны крык. Я такога нават у страшных кіно не бачыў. Заставалася толькі маліцца, бо гэта было жахліва.

    Пасля таго як завялі крымінальную справу, да мяне прыехала адвакатка, і я даведаўся, што адбываецца. Яна паказала мне раздрукаваныя здымкі – сотні тысяч беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі выйшлі на вуліцы Менску: гэта было пашырэнне свядомасці. Я зразумеў, за што змагаліся папярэднія 20 гадоў, яно здарылася: беларускі народ выйшаў.

    – Суд быў закрыты, і склад абвінавачванняў быў вельмі розны. Якія самыя абсурдныя моманты вам запомніліся?

    – Супраць мяне крымінальных абвінавачванняў проста не было. Мяне судзілі нават не за спробу, а за «замысел». Я «замысліў» масавыя пратэсты за два месяцы да пратэстаў. Усе з гэтага смяяліся. Ладна б я яшчэ спрабаваў нешта зрабіць, але нават не спрабаваў – проста «замысел». Як кажуць, было б за што, дык забілі б.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    А гэтых хлопцаў, з кім я апынуўся на судзе, я проста ведаў. Яны калісьці былі ў «Маладым фронце», там была і адна дзяўчына. Як мне падаецца, логіка ўладаў была вельмі простая: маўляў, раз Севярынец гэтых людзей ведае, дык проста аб’яднаем усіх у адну справу – і няхай. Гэта сталінская школа. Проста бяруць невінаватага чалавека і «далучаюць» яго да нейкай групы. Зарганізавалі такую кампанію, мы сталі лічыцца «падзельнікамі».

    Сам суд у закрытым рэжыме – гэта быў спектакль. Я адразу абраў лінію маўчаць. Я сказаў: паказанняў не дам, адказваць нічога не буду.

    – А калі вам агучылі вырак 7гадоў, што вы падумалі ў той момант – за што?

    – У турме лепей задаваць пытанне не «за што?», а «дзеля чаго?». Я ведаю, што Бог дае такія выпрабаванні для чагосьці. І мне гэтыя пяць з паловаю гадоў былі патрэбныя ў жыцці. Раз яны здарыліся, Бог гэта дапусціў, значыць, абсалютна ясна: яны былі для чагосьці. Я гэта так тлумачу.

    За ўвесь час, які я быў на волі, я не мог выбраць часу, каб напісаць важныя кнігі, напісаць вершы, намаляваць малюнкі для сына, ліставацца з маёй каханай жонкай, з матуляй – на ўсё гэта знайшоўся час, калі я апынуўся ў турме. Мала таго: Бог гартаваў, рыхтаваў да новых этапаў жыцця. Там я сустракаў самых розных людзей, вучыўся цярплівасці да іх, вучыўся стрыманасці ўмовам, можа быць, вучыўся жыць у такім агрэсіўным асяроддзі. Усяму гэтаму вучыўся, шліфаваўся – і дзякую Богу. Я дзякую Богу за кожны дзень, які там правёў. Я не хачу ў турму і ніколі не хацеў там быць. Але раз Бог гэта дапускае, значыць, мне трэба было там быць.

    «Маладзейшыя, сярэдняга веку людзі, наркаманы, спартоўцы – масава за Украіну. Алкаголікі, забойцы, людзі старэйшага веку – за Расею»

    За час апошняга тэрміну Павел Севярынец змяніў некалькі месцаў зняволення. Пасля содняў на Акрэсціна – СІЗА № 1 на Валадарскага. Затым, на час чакання суда, быў этапаваны ў турму ў Магілёве. Пасля выраку адправілі адбываць тэрмін у Папраўчую калонію № 17 у Шклове. А затым яму пастанавілі замяніць рэжым утрымання – і ў ліпені 2023 года Павел апынуўся ў Турме № 1 у Горадні, апошнім пункце ягонага турэмнага маршруту.

    – Вы прайшлі праз некалькі розных месцаў зняволення. Чым адрозніваліся ўмовы?

    – Ёсць плюсы і мінусы ў кожным выпадку. Для мяне гэта былі проста розныя этапы жыцця, якія адрозніваліся. У Магілёўскай турме я маляваў. Вельмі файна было маляваць – шмат часу. Я ўпершыню пачаў для свайго сына маляваць храмы, машынкі, партрэты. Гэта быў творчы час.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    Шклоў – там часу вельмі мала. Бо восем гадзінаў працы абавязкова. Усё астатняе – праверкі, лекцыі. І там урваць час, напрыклад, на малюнак складана. Але там можна было назіраць за жыццём звычайных беларусаў. Якіх, так сказаць, згрузілі ў атрадзе па 100 чалавек: якія працуюць, якія глядзяць тэлевізар, асабліва пасля таго як пачалася вайна.

    Можна было весці проста сацыялагічныя назіранні: маладзейшыя, сярэдняга веку людзі, наркаманы, спартоўцы – масава за Украіну. Алкаголікі, забойцы, людзі старэйшага веку – за Расею. Проста ўсё пакаленні як тэктанічная пліта. 

    Вельмі цікавая была турэмная бібліятэка. Я там прачытаў і Салжаніцына, шмат класікі, шмат беларускай літаратуры.

    А турма ў Горадні больш, калі можна так сказаць, інтэлігентная. Там не было грубага ціску – хутчэй, псіхалагічныя штукі: пасадзілі ў камеру, тры чалавекі апроч цябе. І ты бачыш гэткую 3D-сістэму: кожны назірае за тваймі рэакцыямі, выразам твару. Чытаеш газету – на першай старонцы партрэт Лукашэнкі. А які выраз твару ў Севярынца? Молішся, пасля паўгадзіны працаўнікі турмы пачынаюць закідваць пытанні: «Тыя слоўцы фігуравалі ў малітве?» Па вуснах чыталі спецыяльна навучаныя і падрыхтаваныя сукамернікі.

    – А ўвогуле як складваліся стасункі з іншымі вязнямі?

    – Людзі былі абсалютна розныя. У турэмным рэжыме, як правіла, калі палітычны трапляе ў камеру, там ніводнага выпадковага чалавека няма. І там абсалютна ясна: трэба быць практычна ў рэжыме маўчання. Гэта найлепшае. Побытавыя пытанні – так, пра сябе – нічога. Ніякіх ацэнак, эмоцыяў – як мага менш. Бо ўсё гэта можа быць выкарыстана і будзе выкарыстана супраць цябе.

    У калоніі трошкі прасцей. Там немагчыма сто «сексотаў» у атрад змясціць. Таму сустракаліся людзі, якія падтрымлівалі, якія паціскалі руку, якія казалі: «Трымайся». Але былі і тыя, якія правакавалі на эмацыйныя рэакцыі, каб даведацца маё стаўленне да таго ці іншага. Але тут ужо, як Салжаніцын піша, ты адчуваеш: гэта чалавек шчыра кажа, альбо гэта чалавек, які іграе, які выклікае на шчырасць.

    Агульная рэкамендацыя, якая ёсць для людзей, што трапляюць туды, вельмі простая: маўчанне табе ніколі не здрадзіць. Турма – гэта не тое месца, дзе трэба размаўляць.

    – Ці прапаноўвалі вам супрацу?

    – Спрабавалі ўгаварыць мяне на супрацу з газетаю «Трудовой путь» [ведамаснае выданне Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі. – Заўв. рэд.]. «Вы ж журналіст, вы ж працавалі журналістам – давайце, напішыце, мы будзем рэдагаваць». Я кажу: «Не, не хачу вас падстаўляць. Разумееце, мае кніжкі прызнаныя экстрэмісцкімі – я буду пісаць у «Трудовой путь»? Такое саліднае выданне – ну як?» Тады кажуць: «Ну, можа быць, малюнак. Мы ведаем, што вы ўмееце маляваць». Адказваю – не. «Вы ж пішаце вершы – ну хоць верш які-небудзь». Але я зноў адмовіўся [усміхаецца].

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    – Ці быў у вас момант за гэтыя 5,5 года няволі, калі мільгала думка: «Госпадзе, годзе выпрабаванняў, я ж не вінаваты. Навошта ты гэта робіш?»

    – Падобныя малітвы былі. Я ў пытанні таго, што Бог робіць, заўсёды зыходжу з таго, што так трэба. Думкі пра тое, што нешта ідзе не так, нешта няправільна, няма. Ёсць думка: што я сам зрабіў не так.

    Бывалі моманты, калі ў мяне проста «адключалася» свядомасць. Уявіце: ШІЗА, так званая лядоўня. Зімою там пакідаюць у такіх умовах, што, калі не спіш ад холаду пяць – шэсць дзён, пачынаюцца галюцынацыі, руйнуецца мысленне.

    Я аднойчы злавіў сябе на тым, што ў галаве няма ніводнай думкі. Ты стаіш пусты і разумееш: яшчэ некалькі дзён і начэй у такім стане – і галава можа проста «паехаць». Не тое што сказаць нешта – падумаць нічога не можаш. Настолькі адключаецца мозг, уключаецца нейкая абарончая сістэма арганізму – і думак проста няма. Гэта вельмі палохае.

    І вось тут ужо было складана. Там былі і малітвы – сур’ёзныя малітвы. Былі і хвалі смутку, і, магчыма, чысты страх. Але я доўга вучыўся спраўляцца з такімі станамі, і Бог не даў выпрабаванняў звыш меры. Я цяпер перад вамі – дзякуючы Богу – у яснай памяці і здаровым розуме.

    «Мільганула думка: можа, у Расею вязуць?»

    13 снежня 2025 года з турмаў і калоніяў Беларусі вызвалілі 123 асобаў, пераважная большасць з якіх – палітвязні. Гэта адбылося пасля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскаю дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам у кантэксце дамоўленасцяў, звязаных са змякчэннем санкцыяў, у тым ліку вакол «Беларуськалію». Бальшыню вызваленых прымусова вывезлі на тэрыторыю Украіны. Адтуль частка з іх выехала ў Польшчу, частка – у Літву, у тым ліку Павел Севярынец.

    – Дзень вызвалення: як гэта адбывалася?

    – За некалькі хвілінаў да адбою, у пятніцу 12 снежня, мяне раптам выклікалі: «Севярынец, з рэчамі». У такіх выпадках можна чакаць усяго – пераводу ў іншую камеру або нават ШІЗА. Гэта заўсёды трывога: я сабраўся і чакаў.

    Мяне павялі ў боксы, дзе праводзяць дагляд рэчаў. І там я ўбачыў, што гэтым разам усё начальства турмы асабіста аглядае рэчы. Яны забралі ўсе мае запісы – усе без выключэння, уключаючы лісты ад родных. У мяне, умоўна кажучы, былі дзве торбы: адна з рэчамі, другая з запісамі. І вось усё, што было запісана, забралі цалкам.

    Дзякуй Богу, што нешта застаецца ў галаве: вершы, напрыклад, якія я пісаў, я запамінаў.

    Мяне вывелі за дзверы боксу – і чорны мяшок на галаву, адвялі і запхнулі ў бусік. У гэты момант я ўжо зразумеў: хутчэй за ўсё, гэта той самы так званы абмен.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    Вязуць. Я разумею: Горадня паблізу ад польскай і літоўскай мяжы, некалькі дзясяткаў хвілінаў. Але вязуць далей. Можа быць, у Менск? Але пры той хуткасці, нават калі мяшок на галаве і кайданкі на руках, ты пачынаеш разумець, што ўсё ж такі вязуць кудысьці далей. Мільганула думка: можа, у Расею вязуць? Можа, Пуцін дамовіўся, што тых, хто яму цікавы, вязуць туды? Але калі мы апынуліся ва Украіне, гэта быў шок для ўсіх, не было ніводнага чалавека, хто чакаў, што так будзе.

    Потым нас правезлі праз Чарнігаў. Мы пабачылі руіны. У 2022 годзе горад быў у блакадзе, пад абстрэламі – і гэта было відаць. Разбураныя дамы, сляды ўдараў. Мы пабачылі вайну, мы пачулі вайну: як лётаюць «шагэды», як іх збіваюць, чулі выбухі. Некалькі начэй мы спускаліся ў бамбасховішча.

    У нейкі момант прыходзіць разуменне: людзі тут жывуць у стане вайны. Гэта было моцнае пашырэнне свядомасці – ты раптам разумееш, што трапіў у зусім іншы свет. Ты заходзіў у турму – і нават уявіць не мог, што існуе нешта такое. А тут яно літаральна перад табой.

    – Калі б вам прапанавалі выбар – застацца ў Беларусі або выехаць: што б вы пастанавілі ў той момант?

    – Дзякуй Богу, што мне не было такой прапановы. Бо я разумею плюсы і мінусы ў абодвух. Застацца ў Беларусі пад кантролем Лукашэнкі, застацца там з сям’ёй – можа, гэта было б лягчэй. З іншага боку – цяжэй для маіх родных. Мне не было б магчымасці зрабіць крок налева, крок направа.

    Таму, як яно адбылося, так яно і трэба.

    «Ён пабег да мяне праз увесь аўтавакзал»

    Пасля вызвалення Паўла Севярынца вывезлі за межы Беларусі – ягоная сям’я тым часам заставалася ў краіне. У канцы снежня жонка Вольга і сын Францішак здолелі прыехаць да яго ў Вільню.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец з жонкай Вольгай і сынам Францішкам у Вільні. Фота: Павел Севярынец / Telegram

    – Францішку было два гады, калі вас пасадзілі. Як вы перажывалі бацькоўства ў турме і як прайшла сустрэча з сынам?

    – Ён пабег да мяне праз увесь аўтавакзал. Я з букетам шукаў іх на іншым пероне, не вельмі разабраўся, куды прыбываюць аўтобусы. І тут бачу – бяжыць хлопчык. Бяжыць Францішак, проста абдымае мяне і некалькі хвілінаў не адрываецца.

    Я пісаў яму кожны трэці дзень. Кожны трэці дзень – матулі, кожны трэці дзень – жонцы, кожны трэці дзень – сыну. Малюнкі, дапаможныя тэксты. Мы з ім былі ў сувязі. Ён дасылаў мне свае малюнкі, мы з ім абмяркоўвалі ў школе справы. Поўная сувязь была.

    Цяпер мы проста разам. У нас ёсць добрыя беларускія відэа, якіх ні ён, ні я нават не бачылі. У нас ёсць файныя рэчы. Шмат дзякуючы «Белсату»: напрыклад, «Вусы Скарыны» – мы з ім проста запоем глядзім, сталі фанатамі.

    – Вы будзеце заставацца ў Літве? 

    – Думаем заставацца ў Літве. Волечка мая – яна беларуска, але нарадзілася ў Вільні, праз 10 дзён пасля штурму віленскай тэлевежы, 23 студзеня 1991 года. І мая бабуля – таксама беларуска, але таксама віленская. Таму для мяне гэта ў нейкай ступені родны горад – і з боку бабулі, і з боку жонкі. Думаем атрымаць тут дакументы. Але я перакананы, што заставацца тут жыць надоўга, будаваць планы не варта. Напярэдадні зранку падняўся і думаў, куды ўсё ідзе ў свеце, а к вечару мы зразумелі, што Мадура [прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура. – Заўв. рэд.] ужо ў Штатах чакае суда.

    «Гэта ж Галівуд. Гісторыя, якая будзе гучаць у вяках»

    Павел Севярынец – адзін з заснавальнікаў і былы лідар моладзевай арганізацыі Партыі БНФ «Малады фронт», а таксама адзін з лідараў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). На сёння «Малады фронт» прызнаны ўладамі Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем, а ў шэрагах БХД адбыўся раскол.

    – Ці верылі вы ў 2020 годзе, сядзячы на Акрэсціна, што дэмакратыя пераможа?

    – Былі спадзяванні. Я разумеў, што рэжым моцны. І ў той момант, калі дэманстранты 16 жніўня павярнулі ад рэзідэнцыі Лукашэнкі і разышліся, я ўжо прыблізна ўяўляў, чым усё скончыцца.

    Звычайна, калі ёсць на гэта Божая воля, збіранне вялікай колькасці людзей і такія моцныя пратэсты прыводзяць да абрынання рэжыму: пачынае сыпацца ўлада, пачынаюць падаваць у адстаўку, уцякаюць чыноўнікі. Тое, што назіраем у Венесуэле, напрыклад, сёння пры нас. Але аказалася, што ў нас рэжым выстаяў. Тут была рэч і ў падтрыманні Расеі. Тут была рэч і ў тым, што, мусіць, яшчэ не прайшоў час.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    Але беларусы сталі моцныя – гэта якасна іншая сітуацыя. Той узровень салідарнасці, які я цяпер, праз пяць з паловаю гадоў, назіраў, раней такога не было. Ты прыходзіш – і дзясяткі арганізацыяў кідаюцца на дапамогу палітвязням. Раней – адна «Вясна», можа, яшчэ пару арганізацыяў. Цяпер дзясяткі валанцёрскіх арганізацыяў дапамогі, самых розных. Гэта плён 2020 года. Беларусы сталі мацнейшыя.

    Але пакуль беларусы, на мой погляд, не зрабілі галоўнага кроку – кроку да Бога. Нашая нацыянальная ідэя – гэта Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску. Мы да гэтага ідзём, мы да гэтага рухаемся. Але поўны шлях яшчэ трэба прайсці. Усё прыходзіць у свой час для таго, хто ўмее чакаць. Мы, беларусы, чакаць умеем. Мы цярплівыя.

    – Калі вас пасадзілі, Святлана Ціханоўская была яшчэ «проста жонкаю» Сяргея Ціханоўскага. Вы выйшлі – а яна лідарка дэмакратычных сілаў. Якое ўражанне яна на вас зрабіла пры асабістым знаёмстве?

    – Сам той крок, калі яна пайшла ў прэзідэнты ў той сітуацыі, якая была ў 2020 годзе, пандэмія, і ўжо было відаць, што рэпрэсіі будуць жорсткія, і яна пайшла на гэты шлях – вялізарная павага.

    Я разумею, што за гэты час ёй было цяжка, і, можа быць, нават цяжэй, чым нам – людзям, якія некалькі дзясяткаў гадоў мелі палітычны досвед, а яна – без усяго гэтага. І я разумею: знайсці такога чалавека, здольнага прайсці такі шлях, – гэта цуд Божы для ўсіх беларусаў.

    Я не хачу сказаць, што ўсё было ідэальна. Не хачу сказаць, што ўсё было зроблена слушна. Верагодна, былі і памылкі – не так, як хацелася б, не на сто адсоткаў, як мы, беларусы, хацелі б. Але трэба паглядзець, адкуль усё пачыналася: гэта пачыналася з жанчыны, якую літаральна выцягнулі з дому. За якую прагаласавалі мільёны беларусаў. Гэта ж Галівуд, гэта гісторыя, якая будзе гучаць у вяках.

    – Ці сфармавалі вы для сябе цяпер бачанне палітычнай сітуацыі?

    – Інфармацыю я актыўна паглынаю, але шлях для мяне ўжо ясны: ён заключаецца ў яднанні тых сілаў і тых людзей, якія змагаюцца за вольную, незалежную Беларусь. Калі і Зянон Пазняк, і Святлана Ціханоўская, і Маша Калеснікава, і Павел Латушка здольныя будуць каардынаваць паміж сабою дзеянні. Казаць адно яны ўсё роўна не будуць, гэта розныя людзі. Але калі будзе еднасць і каардынацыя, гэта будзе ў два – тры разы мацнейшым для Беларусі. 

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    – Што вы будзеце рабіць далей?

    – Калі дасць Бог і ўсё будзе добра, я засяроджуся на тым, што найбліжэй мне: вера, мова, культура. Гэта кнігі – тое, што я ўмею. Я пісьменнік – і буду рабіць тое, што павінен рабіць.

    У палітычным плане ў мяне няма амбіцыі «абавязкова прысутнічаць», «трапіць кудысьці», «быць на важных сустрэчах». Запросяць – з’яўлюся, падстаўлю плячо. Калі я змагу тут нечым дапамагчы, буду проста шчаслівы. Прэтэндаваць на нейкае лідарства, тым больш тут, у эміграцыі, за мяжою, – думаю, што гэта справа без сэнсу.

    У астатнім ёсць думкі адносна Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, яе абнаўлення. Ёсць думкі адносна «Маладога фронту» і ўсяго, што з гэтым звязана. Але найперш цяпер трэба стаць на ногі, заняцца тымі рэчамі, якія Бог адкрываў у турме.

    – Якую вы бачыце ролю хрысціянскай дэмакратыі ў будучыні?

    – Тут гісторыя нашмат сур’ёзнейшая, чым нейкая партыя, якая калісьці была. За тысячу гадоў гісторыі Беларуссю доўга кіравалі хрысціянскія людзі, і гэта былі залатыя часы. Полацкае княства – вечавая хрысціянская дэмакратыя: вернікі збіраюцца і вечам вырашаюць, як павінна быць. Вялікае Княства Літоўскае – самакіраванне, магдэбургскае права: ролю палітычных партыяў тады выконвалі канфесіі і манаскія ордэны. Гэта была натуральная хрысціянская дэмакратыя, толькі шляхецкая.

    З ХХ стагоддзя ў Беларусі пачалася гісторыя народнай хрысціянскай дэмакратыі. Мала хто ведае, але ў 1906 годзе Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі перамагла на выбарах у Першую Дзяржаўную думу ад нашай краіны. Не бальшавікі, не эсэры, не кадэты, не польскія ці расейскія нацыянальныя партыі – менавіта хрысціянскія дэмакраты.

    І на першых свабодных выбарах у Беларусі ўсе ахнуць, якую долю галасоў атрымае хрысціянская дэмакратыя – у якім бы выглядзе яна ні была. Гэта будзе. Гэтая ідэя дэмакратыі на хрысціянскіх прынцыпах палыхне, бо яна натуральная для Беларусі. Гэта стрыжань нашай нацыянальнай ідэі.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    «Я зразумеў, што жанчыны могуць рухаць Беларусь, кіраваць дзяржаваю»

    Пра Паўла Севярынца часта гавораць не толькі як пра палітычнага вязня і палітыка, але і як пра чалавека з даволі жорсткімі поглядамі. Ягоныя ранейшыя публічныя выказванні пра ЛГБТ і фемінізм выклікалі вострую крытыку і шырокія дыскусіі. За час зняволення некаторыя пазіцыі былі пераасэнсаваныя, нешта змянілася, але ключавыя рэчы засталіся нязменнымі: вера ў Бога і ўпэўненасць у тым, што беларусы вернуцца дадому.

    – Як бы вы сёння сфармулявалі сваю пазіцыю адносна ЛГБТ адным сказам?

    – Думаю, празмерная ўвага да гэтай тэмы лье ваду на млын расейскай прапаганды. Таму дазвольце прамаўчаць.

    – Ці змянілася вашае стаўленне да фемінізму?

    – Маё стаўленне да жанчын – і ў першую чаргу да беларускіх жанчын – змянілася. 

    Моцна змянілася. Мая жонка, іншыя жанчыны, Святлана Ціханоўская і Маша Калеснікава – я зразумеў, што жанчыны могуць рухаць Беларусь, кіраваць дзяржаваю.

    – Бог вучыць нас прабачаць. Ці прабачылі вы тым, хто пасадзіў вас на 5,5 года? Хто зрабіў столькі зла беларусам? Хто развязаў вайну супраць Украіны?

    – Тым, хто катаваў мяне асабіста, я прабачаў. Безумоўна. Я хрысціянін – я абавязаны прабачаць. Без гэтага хрысціянства няма.

    Адначасова я не магу вырашаць за тых людзей, якія маюць іншую пазіцыю. Я не магу казаць сваякам тых, хто загінуў у турме «Давайце прабачаць». Не. Гэта права людзей і выбар тых людзей, тых сваякоў – гатовыя яны прабачаць ці не. Тым больш гэта права Украіны – прабачаць або не прабачаць тое, што адбылося. Тут я не магу быць ні суддзём, ні тым, хто вырашае за іншых. Я разумею, што ў маштабе Украіны такую вайну, напэўна, нельга проста дараваць – за яе павінна наступіць адказнасць.

    Мая асабістая пазіцыя такая: я не буду патрабаваць. У мяне няма чорных спісаў. Але адносна іншых людзей – я не маю права ўмешвацца і лічу абгрунтаваным, калі хтосьці падымае пытанне пра аднаўленне справядлівасці – законна і абгрунтавана.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    – Мінула пяць гадоў, Лукашэнка па-ранейшаму ва ўладзе. Ці вернемся мы дадому?

    – Мы абавязкова вернемся. Мы абдымемся ў Беларусі са сваймі сябрамі, са сваймі роднымі – гэта абавязкова будзе, я гэта ведаю. Наколькі надоўга расцягнецца нашае блуканне, не магу ведаць, не магу сказаць. Але, думаю, роўна настолькі, колькі патрэбна Богу. Каб мы падрыхтаваліся, каб мы маглі вярнуцца не проста паляжаць на гамаках, а каб мы маглі ўкласці ўвесь свой досвед і ўсю моц у перамены Беларусі. Каб яна стала цудоўнай і лепшай, чым тая краіна, якую мы бачым цяпер.

    – Калі б у вас была магчымасць вярнуцца ў 7 чэрвеня 2020 года, што б вы сказалі сабе?

    – Можа быць, і добра, што Бог не дае такіх выбараў. Немагчыма ведаць усё адразу. Бог вядзе такім чынам, каб мы маглі вытрымаць. Дае нам тое, што мы можам у гэты момант прыняць.

    Такіх «адкрыццяў» пра тое, што ў мяне наперадзе пяць з паловаю гадоў, не было. Але паступова, па чарзе, на год, на паўтара, Бог асвятляў дарогу. Вось прыкладна так гэта працуе. Людзі слабыя. Адкрыць усю праўду да канца чалавеку – гэта і немагчыма, і маральна цяжка вытрымаць.

    Павел Севярынец

    Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»

    З іншага боку, было б не так цікава. Таму, я думаю, беларусам цяпер проста трэба памаліцца, адкрыцца Богу і ісці сваім шляхам. Навокал вельмі шмат цікавага, класнага, цудоўнага.

    А тое, што адбываецца на нашых вачах, застанецца ў гісторыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці