Трамп падаў пазоў супраць BBC на пяць мільярдаў даляраў
Прэзідэнт ЗША падаў у суд на BBC за паклёп, які, на яго думку, выяўляўся ў мантажы фраз з ягонага выступу 6 студзеня 2021 года ў дакументальным фільме праграмы Panorama. Трамп патрабуе ад Брытанскай вяшчальнай карпарацыі пяць мільярдаў даляраў, паведамляе BBC.

Фотa: Anna Moneymaker / Getty Images
У пазове, пададзеным 15 снежня ў суд у амерыканскім штаце Фларыда, адвакаты Трампа абвінавачваюць Бі-бі-сі ў парушэнні законаў аб камерцыйным праве і «наўмыснай, зламыснай і ўводзячай у зман» рэдактуры яго прамоў 6 студзеня 2021 года, у дзень, калі яго прыхільнікі пайшлі на штурм Капітолія.
Кіраўніцтва BBC пакуль афіцыйна не каментавала факт падачы пазову.
У лістападзе BBC папрасіла прабачэння ў Трампа за мантаж ягоных выказванняў, але адхіліла патрабаванне аб кампенсацыі, заявіўшы, што не бачыць падстаў для абвінавачванняў у паклёпе. Пра намер падаць пазоў супраць BBC Трамп заявіў тады ж, у пачатку лістапада.
«Я думаю, мне варта гэта зрабіць. Яны схітравалі. Яны змянілі словы, якія я казаў», — заявіў Трамп журналістам. Пасля гэтага ён накіраваў карпарацыі ліст з пагрозай судовага пазову.
Скандал вакол мантажу слоў Трампа разгарэўся пасля таго, як брытанская газета Telegraph апублікавала службовую запіску Майкла Прэската, былога незалежнага дарадцы камітэта BBC па рэдакцыйных стандартах. У ёй Прэскат звярнуў увагу кіраўніцтва BBC на тое, што ў адной з флагманскіх праграм карпарацыі Panorama прамова Дональда Трампа была зманціравана такім чынам, што сэнс яго слоў аказаўся скажоным.
У сваёй прамове ў Вашынгтоне 6 студзеня 2021 года Трамп сказаў: «Мы пойдзем да Капітолія і будзем падбадзёрваць нашых адважных сенатараў і кангрэсменаў». Больш чым праз 50 хвілін пасля гэтага (ў тым жа выступе) ён заявіў: «І мы будзем змагацца. Змагацца з усіх сіл».
Але ў праграме Panorama: Trump: A Second Chance? («Трамп: Другі шанец?»), якая выйшла ў эфір летась, яго словы былі пададзеныя так: «Мы пойдзем да Капітолія… і я пайду з вамі. І мы будзем змагацца. Мы будзем змагацца з усіх сіл».
Заява пра намер «змагацца з усіх сіл» была зробленая тады, калі Трамп гаварыў пра тое, наколькі «скажоннымі» былі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. У агульнай складанасці словы «змагацца» або «змаганне» прагучалі ў яго выступе 20 разоў.
BBC прызнала, што такі мантаж ствараў памылковае ўражанне, быццам Трамп наўпрост заклікаў да гвалтоўных дзеянняў.
9 лістапада генеральны дырэктар карпарацыі Цім Дэйві і дырэктар BBC News Дэбора Тэрнэс падалі ў адстаўку.
Крупнейший скандал в истории Би-би-си: в чем обвиняют журналистов
Да таго як Трамп падаў пазоў, юрысты BBC падрабязна адказалі на яго прэтэнзіі. Яны, у прыватнасці, заявілі, што ў такім мантажы не было злога намеру і што фільм не нашкодзіў Трампу, бо той перамог на прэзідэнцкіх выбарах неўзабаве пасля выхаду фільма ў эфір.
Акрамя таго, юрысты адзначылі, што BBC не мела правоў на паказ гэтай праграмы на сваіх амерыканскіх каналах і, адпаведна, не дэманстравала яе ў ЗША. Фільм быў размешчаны на ўласным сэрвісе BBC — iPlayer, але ён даступны толькі з тэрыторыі Вялікабрытаніі.
Адвакаты Трампа ў пазове згадваюць пагадненне BBC з іншай медыякарпарацыяй, паводле якога тая, згодна з іх звесткамі, мела правы на распаўсюд фільма за межамі Брытаніі. На гэтае сцвярджэнне пакуль не адказалі ні BBC, ні гэтая карпарацыя.
Акрамя таго, у пазове сцвярджаецца, што жыхары Фларыды маглі паглядзець фільм з дапамогай VPN або ж на брытанскім струменевым сэрвісе BritBox.
@bajmedia