• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Persona non grata: Знакавая серыя фатографа Уладзіміра Парфянка

    28 верасня споўнілася б 67 гадоў Уладзіміру Парфянку — фатографу, аднаму з заснавальнікаў мінскай галерэі візуальных мастацтваў Nova. Куратару, рэдактару, педагогу.

    14 студзеня мінулага года творца пайшоў з жыцця ў Мінску, пакінуўшы пасля сябе спадчыну, якая чакае пераасэнсавання, публікацыі і папулярызацыі.

    Reform.news да дня народзінаў адной з выбітных постацей беларускай фатаграфіі вырашыў звярнуцца да, бадай, самай вядомай серыі фатографа — праекта Per­sona non gra­ta, які здабыў славу аўтару ў 1980‑я. Цыкл, які больш вядомы вузкаму колу фатографаў, можна назваць адным са знакавых праектаў беларускай фатаграфіі ХХ стагоддзя.

    Persona non grata: Знакавая серыя фатографа Уладзіміра Парфянка

    Уладзімір Парфянок. Фота: Данііл Парнюк

    Хто такі Уладзімір Парфянок?

    Уладзімір Парфянок нарадзіўся ў 1958 годзе ў мястэчку Вострына Гродзенскай вобласці. У фатаграфію прыйшоў нечакана — праз хімію і музыку. Скончыўшы хімфак БДУ, ён пайшоў працаваць на мінскі завод «Інтэграл» і быў вядоўцам рок-клуба «Аспект» пры інтэрнаце прадпрыемства. У мясцовай лабараторыі Уладзімір рабіў запрашальныя квіткі ў рок-клуб — і менавіта з дапамогай фатаграфіі. Гэта былі фотаграмы з выкарыстаннем розных элеменатаў: бітага шкла, рассыпанай солі, разлітай вадкасці. Пасля гэтых напаўфатаграфічных жартаў Уладзімір пазычыў фотаапарат у свайго сябра і пачаў здымаць, працягваючы працаваць на «Інтэграле».

    Але ўсё змянілася, калі фатограф стаў адным са слухачоў «Студыі‑3» пры фотаклубе «Мінск», у якой выкладаў культавы педагог і фатограф Валерый Лабко. Навучанне ў Лабко дазволіла Уладзіміру Парфянку ўбачыць у фатаграфіі адчувальны і выразны інструмент спасціжэння рэальнасці і мастацкага самавыяўлення. Фатаграфія не як «здымак на заказ», «прыгожая выява», а вельмі персанальны, тонкі пасярэднік адлюстравання часу і сябе ў ім.

    Менавіта ў час творчага пошуку і эксперыменту сярод аднадумцаў і выпускнікоў студыі Лабко і нарадзілася серыя Per­sona non gra­ta.

    Persona non grata: Знакавая серыя фатографа Уладзіміра Парфянка

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Незалежная асоба

    Пра што гэта серыя?

    Часам нараджэння цыкла, які ўбірае каля дваццаці «экспрэсіўных» партрэтаў, можна лічыць 1988 год. Імпульсам для яго стварэння стала «банальная» фотаздымка сяброў, як распавядаў Уладзімір. Але яна нечакана паштурхнула аўтара да выкрышталізацыі ідэі фатаграфавання людзей «па-за» сістэмай. Людзей, якія не хочуць з той сістэмай сумяшчацца.

    «Per­sona non gra­ta» можна разглядаць як своеасаблівы калектыўны партрэт маіх сучаснікаў, не сумяшчальных з той Сістэмай, у якой яны нарадзіліся і былі вымушаны працягваць жыць. Як правіла, гэта не выпадковыя людзі, а мае блізкія сябры, добрыя знаёмыя, тыя, з кім мяне сутыкала жыццё», — распавядаў пра ідэю праекта Уладзімір Парфянок.

    Серыя распачалася «хуліганскім» партрэтам, і ў далейшым гэта эмоцыя сталася адной з вядучых у стварэнні калекцыі.

    Persona non grata: Знакавая серыя фатографа Уладзіміра Парфянка

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Будучы мецэнат

    Разняволеная атмасфера падчас некаторых сесій, дух нонкамфармізму, сумесная творчасць мадэляў і фатографа — некаторыя мадэлі самі прапаноўвалі ідэі для здымак — усё гэта паўплывала на характар фатаграфіі. А схапіць «нерв часу» дапамог аўтарскі метад працы з выявай.

    «Я браў і памяшчаў у [хімічны] раствор тампон з вады і такім метадам размалёўвання, але не пэндзлем, фарбамі, як [Барыс] Міхайлаў (вядомы ўкраінскі фатограф — Reform.news), а менавіта хімічнымі гэтымі жартамі [наносіў на адбітак плямы]. Пару плям паставіў, змыў, паглядзеў, пачакаў. Потым узяў іншы пласт, потым зноў паставіў і нібыта па-свойму гарманізаваў, дамагаючыя нейкага няроўнага малюнка. Я назваў гэта «нервовая выява», яна павінна была дадаваць нейкую нявызначанасць, вібрацыю…», — распавядаў пра тое, як нараджаўся метад, фатограф. Пазней Уладзімір дасць яму азначэнне «спантаннае таніраванне».

    Каго аўтар лічыў «непажаданымі персонамі»? У іх лік, як адзначаў Уладзімір, траплялі яго сябры, знаёмыя, а таксама і творцы, якім потым было наканавана стаць легендай беларускага року. У прыватнасці, сярод партрэтаў серыі можна знайсці фатаграфію музыкантаў гурта «Мроя». Таксама ў цыкле можна ўбачыць фотапартрэт лідара культавага барабаннага гурта Drum Esc­ta­sy.

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Беларускамоўны рок-гурт

    Але ў подпісах да фатаграфій Уладзімір Парфянок пазбягае канкрэтыкі — ён пазначае хутчэй «несістэмны клас»: «Незалежная асоба», «Афганец, перадавік вытворчасці», «Будучы мецэнат», «Савецкі турыст за мяжой», «Адзінокая дзяўчына з інтэрната».

    Большасць фотаздымкаў стваралася ў рэальных інтэр’ерах, без выкарыстання якіх-кольвек пастановачных хітрыкаў. Аднак вынайдзены метад працы з выявай, атмасфера саміх здымак, пэўная лаканічнаць, нават брутальнасць фону, бунтарскі пасыл — усё гэта пераўтварыла шэраг нібыта «звычайных партрэтаў» у калектыўны партрэт нонкамфармісцкага пакалення.

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Афганец, перадавік вытворчасці

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Савецкі турыст за мяжой

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Адзінокая дзяўчына з інтэрната

    Persona non grata: Знакавая серыя фатографа Уладзіміра Парфянка

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Малады фатограф і яго мадэль

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Малады спецыяліст

    Чаму гэту серыю называюць важнай у беларускай фатаграфіі?

    Фатаграфічныя практыкі Уладзіміра Парфянка і яго калег са «студый» Лабко выліліся ў Мінскую школу фатаграфіі, феномен якой заўважыў фінскі куратар і арт-крытык Хану Ээрыкяйнен. На мяжы 1980‑х — 1990‑х замежныя даследчыкі сталі цікавіцца фатаграфічным рухам, які адбываўся ў Савецкім Саюзе, і пазнаёміўшыся з фатаграфіяй беларускіх творцаў з Мінска, яны прызналі за ёй адметнасць і сімвалічную вагу.

    Фатографы «Мінскай школы» выйшлі за звыклыя рамкі паноўнай у тыя часы фатаграфіі як выбарам незвычайнай стылістыкі, поглядам на тое, што можа стаць прадметам фатаграфавання, так і зваротам да новых тэхнік стварэння выявы. У сваіх эксперыментах аўтары маглі звяртацца да архіўнага фота, ствараць калажы, рабіць танаванне фатаграфічнай выявы. Усё дзеля таго, каб зафіксаваць, пераасэнсаваць час, у якім яны жылі.

    Уладзімір Парфянок. З серыі «Per­sona non gra­ta». Сістэмны піпл

    Серыя Уладзіміра Парфянка Per­sona non gra­ta — якраз адна з пераліку найважнейшых цыклаў фатографаў «Мінскай школы». Яна неаднаразова была адабрана ў шэраг замежных выстаў і зборнікаў. У прыватнасці, на выставу New Sovi­et Pho­tog­ra­phy (“Новая савецкая фатаграфія”) у Одэнсе (Данія), Стакгольм (Швецыя), Хельсінкі (Фінляндыя) — 1988–1990 гады. У праект “Беларускі фотаавангард” Масква (Расія), на выставу “СССР-ФОТА. Фатографы з Мінска” — Капенгаген (Данія), на выставу “Сучасная фатаграфія з СССР” у Нью-Ёрк (ЗША), заявіўшы пра новы этап у беларускай фатаграфіі на сумежжы эпох.

    Працы з серыі «Per­sona non gra­ta» захоўваюцца ў калекцыях Каралеўскай бібліятэкі ў Капенгагене, Музея фатаграфіі ў Одэнсе (Данія), у прыватных калекцыях у Фінляндыі, Расіі, Беларусі, ЗША.

    Навучэнне ў студыі Лабко і далейшыя адчыненыя дзверы ў замежныя галерэі — усё разам падштурхнула Уладзіміра Парфянка сысці з завода і заняцца творчай фатаграфіяй. У 1994 годзе ён адкрывае ў мінскай публічнай бібліятэцы імя Пушкіна галерэю візуальных мастацтваў Nova, якая прапрацуе ў сталіцы 15 гадоў, адкрыўшы мінскай публіцы беларускіх і замежных фатографаў розных пакаленняў і школ. Уладзімір Парфянок піша пра фатаграфію, курыруе выставы, папулярызуе медыум фатаграфіі ўсё сваё жыццё. Часам грамадская дзейнасць ішла ва ўрон яго персанальнай творчасці.

    Важна дадаць, што Уладзімір Парфянок не лічыў праект Per­sona non gra­ta закрытым. Галерэю «партрэтаў «несумяшчальных» ён планаваў папаўняць фотаздымкамі герояў новага часу. Актуалізацыя серыі сама сабой адбылася пасля 2020 года, але ці ажыццявіў фатограф свой намер — засталося невядомым.

    «Яго фатаграфіі былі заўсёды крутымі»: у Вільні адкрылася выстава Уладзіміра Парфянка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці