Персоны і грошы: беларуская прапаганда за мяжой
«Бюро Медыя» разбіралася, хто стварае прапаганду на «Вольным слове для Польшчы» і колькі гэта каштуе беларускаму бюджэту.

Ілюстрацыйнае фота з сайта pixabay.com
Інфармацыйна-аналітычны мультымедыйны праект «Вольнае слова для Польшчы» на міжнародным радыё «Беларусь» (уваходзіць у структуру «Белтэлерадыёкампаніі») стартаваў яшчэ ў 2024 годзе. Беларуская прапаганда шэсць гадзін на дзень травіць палякам байкі, як добра жыць у Беларусі за Лукашэнкам.
«Бюро» знайшло сярод аўтараў прапагандысцкай праграмы грамадзян Еўразвяза, якія збеглі ад крымінальнага пераследу з родных краін.
А суддзі хто?
Былы польскі суддзя Томаш Шміт з’яўляецца ці не найбольш заўважнай фігурай прапагандысцкага праекта. У траўні 2024 года ён збег з Польшчы і папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. Польская пракуратура ўзбудзіла супраць яго крымінальную справу за шпіянаж і абвясціла ў нацыянальны вышук.

Томаш Шмідт на першай прэс-канферэнцыі ў Мінску 6 траўня 2024 года, фота: БЕЛТА
Томаш Шмідт цудоўна ўпісаўся ў лукашэнкаву сістэму. Спачатку Шміт перакваліфікаваўся ў супрацоўніка дзяржаўнага агенцтва навінаў БелТА, затым пачаў супрацоўнічаць і з радыё «Беларусь».
Паводле расследвальнікаў, у 2024 годзе Шміт атрымаў тэндар «Белтэлерадыёкампаніі» на стварэнне 110 сцэнарыяў у суаўтарстве на польскай мове – па 360 хвілін кожны. Летась беглы суддзя атрымаў 22 тысячы беларускіх рублёў (каля 6,3 тысячы еўра), а ў 2025 годзе — 54,6 тысячы рублёў (амаль 15,3 тысячы еўра) за напісанне 273 сцэнарыяў для «Вольнага слова для Польшчы».
Італьянец Давідэ Карбанара, які «назбіраў цэлы букет крымінальных справаў» у суседняй Польшчы, у 2024 годзе ўцёк ад пераследу ў Беларусь. Сам сябе ён назваў пацярпелым «ад сваёй журналісцкай дзейнасці». Пад журналісцкай дзейнасцю ён мае на ўвазе супрацоўніцтва з праектам Wbrew Cenzurze («Насуперак цэнзуры»). Гэта YouTube-канал з 24 тысячамі падпісчыкаў, дзе публікаваліся інтэрв’ю з ідэолагам «рускага свету» Аляксандрам Дугіным, спікерам МЗС Расіі Марыяй Захаравай, Томашам Шмітам і прапагандыстам Аляксеем Дзермантам.

Давідэ Карбанара. Скрыншот з сайта mostmedia.io
За два гады на сцэнарах ён «зарабіў» 76 тысяч беларускіх рублёў (амаль 21,5 тысячы еўра).
З краін Балтыі — ў Беларусь
Літовец Эдзікас Ягелавічус таксама значыцца сярод аўтараў прапагандысцкага канала.

Кіраўнік зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі «Міжнародны форум добрасуседства» Эдзікас Ягелавічус. Фота: mfd.by
У 2024 годзе «Белтэлерадыёкампанія» выплаціла яму 37 тысяч беларускіх рублёў (10,5 тысячы еўра) за стварэнне 185 сцэнарыяў «Вольнага слова для Польшчы». 54,6 тысячы (амаль 15,3 тысячы еўра) літовец атрымаў ужо сёлета за 273 праграмы.
У Літве Эдзікас Ягелавічус аб’яўлены ў крымінальны вышук у якасці падазраванага па справе дапамогі іншым краінам у дзеяннях супраць Літвы. У 2022 годзе ён выступаў «назіральнікам» на «рэферэндуме» на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны: паездка была арганізаваная Мінабароны РФ, а сам «рэферэндум» праходзіў пад узброеным кантролем расійскіх ваенных.
Апроч таго, Э.Ягелавічус з’яўляўся членам арганізацыі «Міжнародны форум добрасуседства» і паплечнікам асуджанага за шпіянаж на карысць Расіі Альгірдаса Палецкіса. У 2025 годзе Эдзікас Ягелавічус выступаў у якасці «незалежнага міжнароднага назіральніка з Літвы» на бязвыбарах Лукашэнкі.
Беглы латвіец Раман Самуль з нядаўніх часоў таксама атабарыўся ў Беларусі. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў тэлеграм-канал «Антыфашысты Прыбалтыкі». У лістападзе 2022 года Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі распачала крымінальную справу, падазраючы, што аб’яднанне «Антыфашысты Прыбалтыкі» дзейнічала супраць інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Латвіі, збіраючы закрытую інфармацыю для перадачы расійскім спецслужбам. У кастрычніку 2023 года латвійская пракуратура выставіла абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расіі шасці заснавальнікам «Антыфашыстаў Прыбалтыкі», у тым ліку і Раману Самулю.

Раман Самуль. Фота: baltija.eu
За два гады шпіён і сцэнарыст атрымаў 60,8 тысячы беларускіх рублёў (17 тысяч еўра) за 304 сцэнары для «Вольнага слова для Польшчы».
Хто яшчэ працуе на прапагандысцкі праект?
Да выхаду «Вольнага слова для Польшчы» спрычыніліся і іншыя прапагандысты «Белтэлерадыёкампаніі»: Радзівон Попель, Пётр Пятроўскі, Алег Кухальскі, а таксама польскія «дысідэнты» Павел Янскі і Даніэль Мікусек, «журналісты» праўладнага выдання «Беларусь сегодня» Марыя Крушэўская і Аркадзь Гартунг і нават протаіерэй Юрый Залоска.
Небезвядомы Аляксей Дзермант супрацоўнічаў з радыёпраграмай «Вольнае слова для Польшчы» ў 2024 годзе. За сцэнары ён атрымаў 50 тысяч беларускіх рублёў (14,2 тысячы еўра).
«Бюро» са спасылкай на сайт дзяржзакупак падлічыла, што за два гады «Белтэлерадыёкампанія» ўжо выдаткавала 1,5 мільёна беларускіх рублёў (амаль 410 тысяч еўра) з дзяржаўнага бюджэту аўтарам «Вольнага слова для Польшчы».
Аднак гэта не адзіны парпагандысцкі праект, які выпускае міжнароднае радыё «Беларусь». З 2020 года яно вырабляе праграмы «Ваш сябар – Беларусь» на кітайскай мове і «Знаёмцеся: Беларусь» на арабскай, а з 2024-га – «Беларусь у сусветнай супольнасці» на французскай. Сумарна гэтыя прапагандысцкія каналы абышліся беларускаму бюджэту ў 155 тысяч беларускіх рублёў (больш як 40 тысяч еўра).
