• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Польскі суд адмовіў у разглядзе апеляцыі адвакатаў беларускага журналіста Аляксандра Буракова

    Ваяводcкі адміністрацыйны суд у Варшаве на пачатку сакавіка вынес рашэнне аб адхіленні пазову па справе Буракова. Сутнасць справы, з‑за якой беларускі журналіст трапіў у шэнгенскі бан, застаецца таямніцай. Вырак вышэйшай інстанцыі наконт адхілення апеляцыі збянтэжыў нават польскую адвакацкую кантору.

    Аляксандр Буракоў

    Алесь Буракоў-старэйшы. Фота: БАЖ

    Пра дзіўнае рашэнне Ваяводcкага адміністрацыйнага суда ў Варшаве Пётр Дзенішэўскі, адвакат Аляксандра Буракова-старэйшага, паведаміў кліенту ў лісце:

    «Хачу паведаміць, што па вашай справе вынесена рашэнне аб адхіленні нашага пазову. Яно было ўручана нам на пачатку сакавіка. Паколькі нам пакуль невядомая матывацыя суда, мы неадкладна накіравалі запыт на пісьмовае абгрунтаванне рашэння. Гэта важна па дзвюх прычынах: 1) мы хочам дакладна ведаць, чаму суд не пагадзіўся з нашымі довадамі; 2) толькі пасля азнаямлення з абгрунтаваннем мы зможам дакладна ацаніць, ці з’яўляецца рашэнне па сутнасці правільным і ці ёсць сэнс абмяркоўваць апеляцыйны працэс».

    «Папярэдні ліст ад адваката быў пра фінальны суд у закрытым рэжыме, з‑за якога сутнасць справы застанецца таямніцай. Цяпер маем вырак, які троху збянтэжыў нават адвакацкую кантору. Вырак — адно слова «адхіліць», — зазначае ў каментары БАЖ Аляксандр Буракоў.

    Пакуль Аляксандр Буракоў не вырашыў, ці прадпрымаць пэўныя юрыдычныя дзеянні праз адвакатаў, каб усё ж дамагчыся раскрыцця сутнасці прэтэнзій да яго, на падставе якіх яму забаронены ўезд у Польшчу.

    «Адно магу сказаць, усе гэтыя больш чым чатыры гады ўсе юрысты давалі мне адну параду — абапірацца на верхавенства права і звяртаццам па абарону сваіх правоў і інтарэсаў у суды.

    Увесь гэты працэс прававога змагання скончыўся адным словам у выраку — «адхіліць». На гэта прыйшлося знайсці і патраціць 3 000 еўра. Але цяпер я ведаю, што ніякага верхавенства права няма нават у ЕС. Рэальна механізмы не працуюць», — лічыць журналіст. 

    Апеляцыя разглядалася ад студзеня 2026 года 

    Нагадаем, на пачатку гэтага года польскія ўлады адмовіліся раскрыць сутнасць справы Аляксандра Буракова, паводле якой яму забаронены ўезд у Шэнгенскую зону.

    Ініцыятарам унясення журналіста ў «бан» была Польшча. Аляксандр Буракоў амаль пяць гадоў спрабаваў высветліць у чым заключаюцца прэтэнзіі, на падставе якіх яму забаронена наведваць шэраг еўрапейскіх краін — сябраў Шэнгенскага пагаднення.

    Напярэдадні Новага году Аляксандр Буракоў-старэйшы атрымаў ліст ад свайго адваката Пятра Дзенішэўскага наконт фінальнага рашэння кіраўніка Упраўлення па справах замежных грамадзян. Летась адвакат звяртаўся ў гэты орган з просьбай выдаць для азнаямлення матэрыялы справы беларускага журналіста.

    Нагадаем, у 2021 годзе Аляксандр Буракоў даведаўся, што яму — нягледзячы на нядаўна выдадзеную польскую візу — забаронены ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення да 2 сакавіка 2026 года. 

    Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

    Улетку 2025 года Аляксандр Буракоў праз адваката дамагаўся тлумачэння падстаў, паводле якіх журналіста ўключылі ў ў базу SIS (Шэнгенскую інфармацыйную сістэму, якая выкарыстоўваецца для мер бяспекі), каб аспрэчыць забарону.

    Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве 9 ліпеня 2025 года прызнаў, што адмова выдаць для азнаямлення матэрыялы справы — неправамоцная. Але ў тым жа месяцы яму зноў адмовілі: «З той прычыны, што падставы ўнясення мяне ў SIS падпадаюць пад дзеянне асобных пунктаў заканадаўства, калі замежнік не мае права на азнаямленне з дакументамі».

    Без шанцаў на рассакрэчванне матэрыялаў справы

    29 снежня 2025 года адвакат Пётр Дзенішэўскі атрымаў адказ ад суда, у якім пацвярджаецца, што Упраўленне па справах замежнікаў застаецца на сваёй пазіцыі і патрабуе адхілення скаргі Буракова.

    «Суд абвясціў, што справа будзе разглядацца ў спрошчаным парадку на закрытым пасяджэнні. Гэта азначае, што рашэнне будзе вынесена на падставе матэрыялаў справы і працэсуальных дакументаў, без прызначэння слухання і без удзелу бакоў. Суд разгледзіць дакументы, на падставе якіх вас унеслі ў SIS. Рашэнне, імаверна, будзе вынесена цягам 1–2 месяцаў», — паведаміў адвакат журналіста.

    «Я задаў пытанне, ці значыць гэты ліст, што адвакатам не дадуць зірнуць маю справу», — распавёў БАЖ Аляксандр Буракоў. — І выглядае, што так, не дадуць».

    Вось адказ адваката Пятра Дзенішэўскага: «У адказ на ваша пытанне: так, гэтыя матэрыялы пакуль застануцца засакрэчанымі. Польскае заканадаўства аб абароне сакрэтнай інфармацыі ў гэтым дачыненні вельмі строгае. Мы зрабілі ўсе магчымыя юрыдычныя крокі, каб нашы адвакаты маглі азнаёміцца з засакрэчанымі доказамі, аднак улады аспрэчылі нашы запыты, спасылаючыся на правілы канфідэнцыйнасці.

    Як ужо адзначалася, у межах цяперашняга разгляду мы ў першую чаргу засяроджваемся на тым, каб незалежны суд меў магчымасць разгледзець сабраныя матэрыялы. Мэта апеляцыі — забяспечыць бесстароннюю ацэнку гэтых доказаў.

    Суд праверыць, ці апраўдваюць гэтыя дакументы ўключэнне вашых даных у SIS і ў спіс непажаданых асобаў, незалежна ад пазіцыі іміграцыйных службаў і Агенцтва ўнутранай бяспекі, якія засакрэцілі гэтыя дакументы».

    «Польскі бан на маё наведванне Шэнгенскай зоны сканчаецца 2 сакавіка 2026 года. Пакуль не ведаю, скончыўся ён ці яго працягнулі з нейкіх засакрэчаных падставаў», — заўважыў Буракоў.

    Трапіў у «бан», нават не заехаўшы ў Польшчу

    Паводле журналіста, спачатку ён спрабаваў разабрацца самастойна, што мог парушыць, каб трапіць пад забарону на ўезд у Шэнгенскую зону. Але для яго гэта так і засталося загадкай: 2 сакавіка 2021 года ён без праблем атрымаў польскую гуманітарную візу, але скарыстацца ёй не паспеў, бо наспела патрэба рэлакацыі ў Літву.

    Калі праз два месяцы Аляксандр падаў дакументы ў Літоўскую амбасаду, высветлілася, што з ініцыятывы польскага боку ён унесены ў спіс асоб, якія нясуць пагрозу ўнутранай бяспецы польскай дзяржавы. Хаця ў Польшчу журналіст нават не заязджаў.

    Таямнічыя наступствы старога канфлікту

    Падставай, як мяркуе сам Аляксандр Буракоў, маглі стаць хіба што падзеі 20-гадовай даўніны:

    «У сярэдзіне 2000‑х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, і я стаў аўтарам ліста, які мы даслалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое фінансавала праект. Скончылася тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, але ж у хуткім часе мяне спынілі на мяжы і таксама анулявалі візу».

    Тады Аляксандру забаранілі ўезд у Польшчу на тры гады. Але потым журналіст некалькі разоў атрымліваў шэнгенскія візы ў амбасадзе Літвы, спакойна перасякаў мяжу і наведваў краіны Еўрасаюза.

    На сёння Аляксандр Буракоў-старэйшы вымушаны жыць у замежжы — у адной з краін, якая не ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Журналіст выехаў з Беларусі з прычыны палітычна матываванага пераследу.

    Ён працаваў фрылансерам на «Белсаце», радыёстанцыях «Радыё Рацыя», Deutsche Welle, пасля пратэсных падзей 2020 года яго двойчы затрымлівалі за прафесійную дзейнасць і прызначалі адміністрацыйныя арышты. У ізалятары Аляксандр трымаў галадоўку на знак пратэсту з нялюдскімі ўмовамі ўтрымання вязняў.

    У лютым 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да журналіста з пастановай на ператрус, а ў выніку зладзілі сапраўдны пагром у кватэры. Сілавікі пашматалі канапу, парэзалі падушкі, на кухні павысыпалі прадукты. Ператрэслі кош з бруднай бялізнай. У выніку забралі ноўтбук, тэлефон і некалькі флэшак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.