Адамовіч, Быкаў, Лучанок: постаці ў фотааб’ектыве Яўгена Коктыша
Сёння на Паўночных могілках у Мінску пахаваюць выбітнага фотажурналіста Яўгена Коктыша. Ён памёр 5 лістапада на 86‑м годзе. Яўген Фаміч праславіўся ў тым ліку шматлікімі партрэтамі слынных айчынных пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, рэжысёраў. Мы прапаноўваем ўзгадаць колішні матэрыял «Радыё Свабода», каб угледзіцца ў галерэю партрэтаў знакамітых беларусаў, створаных майстрам.

Фотажурналіст Яўген Коктыш
Гэты матэрыял быў падрыхтаваны журналістам Ігарам Карнеем у 2017 годзе да адкрыцця фотавыставы Яўгена Коктыша «Сяброў маіх цудоўныя абліччы».
Яўген Коктыш нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне ў чэрвені 1940 году. Пасьля школы па камсамольскай пуцёўцы паехаў на Карагандзінскі мэталюргічны завод, потым была служба ў войску, вучоба ў Беларускім політэхнічным інстытуце на спэцыяльнасьці «энэргетыка». Працаваў інжынэрам-канструктарам у аддзеле фізыкі неразбуральнага кантролю Акадэміі навук.

Мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменьнік Алесь Адамовіч. Фота: Яўген Коктыш

Колер 1970‑х. Сядзяць: Мікалай Селяшчук і Мікалай Ісаёнак. Стаяць: Мікола Купава, Міхаіл Рагалевіч, Уладзімер Александровіч, Уладзімер Тоўсьцік, Валеры Славук, Уладзімер Савіч. Фота: Яўген Коктыш

Паэт Рыгор Барадулін і скульптар Анатоль Анікейчык. Фота: Ящген Коктыш

Тройка народных мастакоў: Віктар Грамыка, Леанід Шчамялёў, Уладзімер Тоўсьцік. Фота: Яўген Коктыш

Васіль Шаранговіч з дачкой Натальляй. Фота: Яўген Коктыш

Народны мастак Беларусі Віктар Грамыка ў сквэры Янкі Купалы. Фота: Яўген Коктыш
Тады сурʼёзна захапіўся фатаграфіяй, якая забірала ўсё больш часу. Ягоныя высілкі неўзабаве заўважылі, ён друкаваўся ў газэтах «Комсомольская правда», «Знамя юности», «Чырвоная змена», часопісе «Работніца і сялянка», быў заўсёднікам Менскага фатаклюбу.

Мікалай Ісаёнак і Алесь Адамовіч падчас здымкаў фільму «Ідзі і глядзі». Фота: Яўген Коктыш
У 1976 годзе фатограф Юры Іваноў запрасіў калегу ў агульнасаюзнае Агенцтва друку «Новости» (АПН) — дапамагаць асьвятляць падзеі зь Беларусі. Гэта ўжо быў выхад на міжнародны ўзровень, бо патрабавалася знаходзіць сюжэты, якія хацелі б набываць замежныя падпісчыкі. Фотакарэспандэнтам АПН Коктыш адпрацаваў практычна да развалу СССР.

Георгій Паплаўскі, Алесь Адамовіч, Валянцін Тарас, Васіль Быкаў. Фота: Яўген Коктыш
Вялікія і незаменныя
На прызнаньне Яўгена Коктыша, гэта быў самы плённы этап прафэсійнай дзейнасьці. Менавіта тады завязваліся шчыльныя кантакты са знакамітымі беларусамі, у ліку якіх Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Заір Азгур, Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка ды многія іншыя. У якасьці фотарэпартэра быў сьведкам стварэньня кінафільму «Ідзі і глядзі» рэжысэра Элема Клімава паводле сцэнара Алеся Адамовіча.

Перад выставай на Паркавай магістралі. Селяшчук, Тоўсьцік, Савіч (сядзяць). Альшэўскі, Фэлікс Янушкевіч (стаяць). Фота: Яўген Коктыш

Мікалай Ісаёнак і Аляксей Марачкін. Фота: Яўген Коктыш

Валеры Славук і Мікалай Селяшчук. Фота: Яўген Коктыш

Скульптар Заір Азгур на Бярэзіне. Фота: Яўген Коктыш
«Недзе ў 1973 годзе я зразумеў, што трэба ісьці ў прафэсіяналы, — згадвае Яўген Коктыш. — Першай такой прыступкай стала творчая студыя „Фота і жыцьцё“. Выпускалі кніжкі, плякаты, брашуры пра знакавыя мясьціны Беларусі. Пасьля таго як адпрацаваў тры гады, набіў руку, Юра Іваноў запрасіў фотакарэспандэнтам у АПН.
І тут ужо пачаліся сурʼёзныя справы — 27 часопісаў, 19 газэтаў, ахоп 175 краінаў. Трэба было даваць толькі найлепшае. Такімі людзкімі „глыбамі“ тады былі Быкаў, Адамовіч, Паплаўскі, Савіцкі, Шчамялёў, Вашчанка, Кішчанка, Селяшчук. А пра Васіля Ўладзімеравіча ды Алеся Адамовіча матэрыялу набярэцца, безь перабольшаньня, на кнігу».

Алесь Адамовіч і Аляксей Кузьміч. Фота: Яўген Коктыш
Паступова кола сяброў пашыралася. Дзякуючы Яўгену Коктышу творчы шлях дзясяткаў літаратараў, мастакоў, скульптараў, тэатральных дзеячоў цяпер навечна зафіксаваны ў гісторыі:

Георгі Паплаўскі, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч. Фота: Яўген Коктыш
«Быкаў, Адамовіч, Бураўкін, Барадулін — гэта ж адно кола аднадумцаў. Плюс мастакі — Кашкурэвіч, Паплаўскі, Шчамялёў, Вашчанка. Ці трэба казаць, што з кожнай нагоды я з задавальненьнем здымаў гэтых цудоўных людзей — і ў майстэрнях, і на афіцыйных імпрэзах, і на сямейных сьвятах.
Прыходзіш у госьці, заўсёды ў руках камэра (я без фотаапарату не ўяўляю сябе і сёньня, гэта ўжо неад’емная частка мяне). Хочаш ня хочаш — фатаграфуеш, фіксуеш. І цягнецца гэта ад другой паловы 1970‑х, то бок акурат 40 гадоў. Таму архіў сабраўся надзвычай багаты».

Гаўрыла Вашчанка з жонкай Мацільдай. Фота: Яўген Коктыш
У шэрагу выданьняў да сёньня ёсьць адмысловыя рубрыкі, дзе на падставе рарытэтных здымкаў Яўгена Коктыша можна прасачыць станаўленьне той ці іншай асобы. А неўзабаве вобразы будуць сыстэматызаваныя і паўстануць перад шырокай публікай на выставе пад назвай «Сяброў маіх цудоўныя абліччы»:

Заір Азгур сярод сваіх правадыроў. Фота: Яўген Коктыш

Марына Ісаёнак, Эдуард Белагураў, Мікалай Ісаёнак. Фота: Яўген Коктыш

Алесь Адамовіч, Васіль Быкаў, Натальля Паплаўская, Валянцін Тарас, Георгі Паплаўскі (на юбілеі апошняга). Фота: Яўген Коктыш
«Вядома, спачатку трэба пакланіцца тым мастакам, якіх, на вялікі жаль, ужо няма. Гэта Валодзя Кожух, Коля Селяшчук, Жора Скрыпнічэнка, Жэня Кулік, Віця Маркавец, Сярожа Цімохаў, а таксама мэтры — Вашчанка, Кішчанка, Савіцкі. Але мне цікавыя і цяперашнія хлопцы — маладыя, цікавыя, амбітныя. Напрыклад, сустрэў днямі Антона Вырву, паглядзеў ягоныя працы — цуд.
Таму будуць як тыя, хто тварыў у 1970–80–90‑х, так і новая плынь. Сабраў больш за 100 працаў. Адзінае — ці здолеюць арганізатары столькі ўмясьціць. Дарэчы, хачу выказаць падзяку гаспадыні галерэі Маргарыце: у яе будаўнічы бізнэс і яна мае такое добрае хобі, зрабіла ўжо не адну выставу».
@bajmedia






