Працэнт ад падаткаў — на падтрымку незалежных СМІ. Як дапамагчы рэдакцыям у Літве і Польшчы?
У Літве і Польшчы ўжо можна падаваць падатковую дэкларацыю. Абедзве гэтыя краіны прапануюць важную магчымасць: 1,2–1,5% падаткаў можна накіраваць на дабрачыннасць. Многія беларускія незалежныя СМІ за мяжой прапануюць чытачам падтрымаць іх. БАЖ расказвае, як працуе такая дапамога і чаму гэта важна.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
Якія медыя ўжо прапанавалі чытачам пералічыць ім частку падаткаў
Беларусы і беларускі, працаўладкаваныя ў Польшчы і Літве, пры запаўненні падатковай дэкларацыі могуць накіраваць частку сумы на дабрачыннасць.
У Польшчы гэта 1,5 %, у Літве — 1,2 %. Падкрэслім, што гэта не нейкі дадатковы працэнт ад вашага даходу, а частка падаходнага падатку, які вы ўжо заплацілі цягам года.
«Нягледзячы на блакіроўкі і іншыя абмежаванні, для нашых суайчыннікаў унутры краіны незалежныя медыя застаюцца важнай крыніцай непадцэнзурнай інфармацыі. А рэгіянальныя выданні, такія як Hrodna.life, адыгрываюць важную ролю не толькі ў барацьбе з прапагандай. Таксама мы культывуем лакальны патрыятызм і любоў да свайго горада. Праз самыя розныя каналы мы расказваем пра мясцовыя цікавосткі і дасягненні, пра гісторыю і пра сучаснасць нашага Гродна», — піша рэсурс Hrodna.life.
Партал «Будзьма беларусамі!» зазначае, што праз падтрымку чытачоў рэдакцыя зможа «ствараць больш якасных відэапраектаў, гістарычных артыкулаў і інтэрв’ю з беларускімі творцамі, а нашыя калумністы працягнуць рэгулярна весці свае калонкі».
«Для вас гэта цалкам бясплатна, а мы зможам зрабіць больш для Беларусі і беларушчыны!», — звяртаецца да аўдыторыі «Наша Ніва».
Як можна падтрымаць СМІ пры падачы дэкларацыі?
Жыхарам Польшчы пры запаўненні дэкларацыі на сайце podatki.gov.pl неабходна выбраць пункт, які датычыцца пералічэння часткі падаткаў грамадска карысным арганізацыям. Далей трэба ўвесці звесткі медыя, якому плануецца пералічыць грошы: рэгістрацыйны нумар арганізацыі-партнёра і код-ідэнтыфікатар самога СМІ. Пасля гэтага дэкларацыю можна падаваць.
У Літве дэкларацыю трэба падаваць на сайце deklaravimas.vmi.lt. Пасля рэгістрацыі можна выбраць спецыяльную форму для таго, каб накіраваць падтрымку НДА. Там трэба ўвесці код атрымальніка, мэту падтрымкі, памер падатку (1,2 %) і перыяд, на працягу якога частка падаткаў будзе пералічвацца таму ці іншаму медыя. Гэтае рашэнне заўсёды можна змяніць.
Склалі спіс некаторых медыя з адрасамі на падаткавыя ахвяраванні:
- «Бюро Медыя» (Літва і Польшча)
- «Еўрарадыё»
- «Зеркало»
- «Наша Ніва»
- BGmedia
- Hrodna.life
- Reform.news
Чаму гэта важна?
Вось і чытачы Літвы летась вельмі моцна падтрымалі «Нашу Ніву», сумарна выдаткаваўшы ёй 15 тысяч еўра. Паводле падлікаў рэдакцыі, выданню беларусы Літвы пералічылі «найбольш з усіх беларускіх структур».
«Для нас гонар, найвышэйшая ацэнка нашай працы.
Па капеечцы, па цэнціку… Але вынікі збору паказваюць таксама, як шмат грошай у беларусаў «валяецца пад нагамі». Гэта пытанне пары клікаў падчас падачы падатковых дэкларацый у Польшчы і Літве: пару клікаў, і ты пералічыў працэнт ад падаходнага таму, чыя праца табе важная. Гэтыя грошы могуць пайсці на беларускую справу, а інакш выкарыстаюць літоўская, польская дзяржава на свае патрэбы. Не забудзьце зрабіць гэтыя клікі і ў наступным годзе», — пісала ўлетку 2025-га выданне.
Удзячнае сваім чытачам і выданне «Зеркало», якое ў мінулым годзе ў Польшчы атрымала такім шляхам больш за 205 000 злотых альбо 56 000 еўра.

Аляксандр Ярашэвіч на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ
Сузаснавальнік «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч у гутарцы з БАЖ нагадвае, што «абсалютная большасць беларускіх незалежных медыя, як вядома, працуе ў эміграцыі, бо дома гэта стала немагчымым».
«У Беларусі іх прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а гэта значыць, што атрымліваць любую фінансавую дапамогу з Беларусі немагчыма — людзі, якія будуць перадаваць грошы, патрапяць пад крымінальны пераслед за «фінансаванне экстрэміскай дзейнасці». Таму ў нас сталі вельмі абмежаванымі каналы фінансавай падтрымкі. Адзін спосаб — гэта падаваць заяўкі на гранты ў фонды і на розныя конкурсы, другі — прасіць падтрымкі ў беларускай дыяспары, не такой і маленькай у апошнія гады. Але канкурэнцыя вялікая, тым больш, акрамя медыя, ёсць і іншыя НДА», — кажа Аляксандр Ярашэвіч.
Паводле журналіста, гэтая падтрымка з падаткаў вельмі важная:
«Яна дазваляе нам адчуваць сябе больш устойлівымі ў гэты сапраўды турбулентны час. У мінулым годзе мы ўпершыню паспрабавалі збіраць грошы праз падатковыя ахвяраванні ў Літве і Польшчы. Сабралі не касмічную суму, але, прынамсі, месячны заробак аднаго з нашых супрацоўнікаў закрылі гэтым, скажам так. Зараз мы, апрача Літвы і Польшчы, спрабуем збіраць грошы ў Злучаных Штатах, паглядзім, што з гэтага атрымаецца».
Аляксандр Ярашэвіч зазначае, што ўсе ў беларускай медыясупольнасці разумеюць пераменлівасць сітуацыі ў цяперашнія часы: «Дзеянні адміністрацыі Трампа на пачатку мінулага года гэта выдатна паказалі — сёння ў цябе ёсць партнёр у выглядзе пэўнай інстытуцыі, а заўтра няма. Дыяспара — адна з крыніц нашага існавання. Тым больш, падаткавыя ахвяраванні не патрабуюць аніякіх дадатковых фінансавых уліванняў — ты і так гэтыя падаткі выплаціш, але можаш невялікую частку іх накіраваць пэўнай няўрадавай арганізацыі. У любым разе іх размяркуе дзяржава на нейкія патрэбы, але ты можаш вырашыць, на якую канкрэтна патрэбу накіруецца частка гэтых грошай».

Фёдар Паўлючэнка. Фота: Дзмітры Дук / Белсат
«Мяркую, што гэта вельмі важная крыніца фінансавання беларускіх медыя. Паглядзіце, колькі беларусаў зараз жыве і працуе за мяжой. Толькі ў Польшчы афіцыйна падаткі плацяць больш за 130 000 чалавек. Калі ўзяць гіпатэтычна сітуацыю, што ўсе гэтыя людзі падтрымаюць беларускія ініцыятывы, то можна будзе казаць пра дапамогу на мільёны еўра.
Безумоўна, трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасць, бо дзяржава распарадзіцца імі ўсё роўна, але тут ты можаш вырашаць, на што менавіта пойдзе частка твайго падатку», — кажа ў размове з БАЖ галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.
«Што тычыцца нас, а Reform.news, дарэчы, быў адным з першых, хто стаў практыкаваць гэты шлях пошуку рэсурсаў, то летась мы атрымалі 29 000 злотых, альбо амаль 7 000 еўра. Гэта істотная для нас сума. Спадзяемся, што і гэтым разам чытачы падтрымаюць нас. Дзякуй усім, хто гэта робіць для беларускіх ініцыятыў», — зазаначыў медыяменеджар.
@bajmedia