Прадстаўнік «Еўрарадыё»: Пальцы Маркава да нас не дацягнуцца
Досвед блакіроўкі «варожых» акаўнтаў у TikTok тэарэтычна можна маштабаваць на многія іншыя каналы, але не бясконца і не на тысячы рэсурсаў.

Выява Еўрарадыё, згенерыраваная пры дапамозе ШІ
Блакаванне TikTok-каналаў Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай у Беларусі выклікала занепакоенасць беларускіх медыяў: прэцэндэнт можа пацягнуць за сабой ланцуговую рэакцыю. Незалежныя медыі бачаць праблему і рыхтуюцца да магчымых наступстваў – пра гэта БАЖ расказалі медыйшчыкі і эксперты.
Да абмеркавання праблемы далучыўся і прадстаўнік «Еўрарадыё», які выказаў свой пункт гледжання на гэтую сітуацыю.
«Гэта адбылося цяпер, бо толькі зараз улады «даціснулі» TikTok. Верагодна, выкарыстоўвалі аргументы кшталту «гэта тэрарысты з нашых спісаў тэрарыстаў, завочна атрымалі шмат гадоў і г.д.». Такі досвед можна тэарэтычна маштабаваць на шмат іншых каналаў, але не бясконца і не на тысячы рэсурсаў.
Па-першае, медыясектар можа, павінен і будзе адвакаваць перад заходнімі краінамі неабходнасць падымаць гэтае пытанне з TikTok. Гэтая праца нават ужо ідзе. Advocacy часам працуе, і я ў гэтым выпадку асцярожны аптыміст.
Па-другое, многія з нас, і гэта сакрэт Палішынэля, маюць акаўнты, якія не называюцца нашымі брэндамі. Так, яны часам могуць трапляць у спісы «экстрэмістаў», але незалежныя медыі тут таксама працуюць як гідра і ствараюць усё новыя і новыя каналы. Наўрад ці TikTok па запытах Мінінфарма тысячамі будзе блакаваць акаўнты. А нам галоўнае не брэнды свяціць (хаця і гэта важна), а даносіць праўду і нашыя каштоўнасці.
Ці змогуць улады зрабіць гэта з іншымі платформамі? Ну, яны дагэтуль не ўсё выдалілі нават з расійскіх платформ (хе-хе). МЕТА відавочна адфудболіць, а калі і не — за некалькі дзён пытанне зможам вырашыць. Карацей, пальцы Маркава да нас не дацягнуцца, як бы ён ні стараўся.
TikTok сёння — галоўная платформа ў Беларусі: яго аўдыторыя маладзейшыя, чым на YouTube. І нам трэба канцэнтравацца на ёй, каб не страціць пакаленне ці нават два. Там даўно ўжо сядзяць не падлеткі, а людзі ўсіх узростаў. Так што TikTok — не будучыня, гэта ўжо сёння. Нават больш важная платформа, чым пяць гадоў таму быў Тэлеграм.
Давайце так: блакіроўка акаўнтаў Ціханоўскай і Латушкі для нас наступстваў не нясе — яны палітыкі, не медыя. Адзінае — непрыемны «званочак». Але тут ёсць плюс: мы пачалі варушыцца і займацца рызыка-менеджментам, загадзя спрабуем вырашыць праблему, якой яшчэ няма, і зрабіць усё, каб яе не адбылося.
На мой погляд, мы дадзім рады».
