Прадстаўнікоў беларускіх прапагандысцкіх медыяў акрэдытавалі ў Парыж для асвятлення Алімпіяды
Шэраг прадстаўнікоў гэтых выданняў разам з сілавікамі ўдзельнічалі ў допытах затрыманых удзельнікаў мірных пратэстаў.
Як паведамілі Беларускай асацыяцыі журналістаў у службе акрэдытацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту, для асвятлення Алімпійскіх гульняў у Парыжы праз НАК Беларусі былі акрэдытаваныя наступныя медыя:
Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, газета «Спортивная панорама», выданне «Прессбол», афіцыйны сайт нацыянальнай спартовай кампаніі SPORT5.BY, прэс-служба Беларускай асацыяцыі гімнастыкі і «СБ. Беларусь Сегодня».
Нягледзячы на нейтральны статус беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе і забарону на афіцыйны ўдзел Беларусі ў Гульнях, акрэдытацыя беларускіх СМІ, як і ў ранейшыя гады, праходзіла праз Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.
У выніку акрэдытацыю атрымалі адразу два дзяржаўных прапагандысцкіх выданні — БелТА і «СБ. Беларусь Сегодня», чые супрацоўнікі ўнесеныя ў санкцыйныя спісы ЕС за прапаганду ваеннага нападу Расіі на Украіну.
Таксама некаторыя дзяржаўныя журналісты, напрыклад, супрацоўнікі прэзідэнцкай газеты «СБ. Беларусь Сегодня», разам з сілавікамі ўдзельнічалі ў допытах людзей, затрыманых падчас мірных вулічных пратэстаў у Беларусі. Кадры допытаў затрыманых людзей, у тым ліку незалежных журналістаў, прапагандысты неаднаразова публікавалі ў інтэрнэце.
Звяртае на сябе ўвагу і ўключэнне ў спіс акрэдытаваных прадстаўнікоў сайта SPORT5.BY. Пад прадстаўнікамі сайта замаскіраваныя супрацоўнікі тэлеканала «Беларусь 5» Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі (якая таксама знаходзіцца пад санкцыямі).
Пра прыналежнасць сайта да Белтэлерадыёкампаніі неаднаразова афіцыйна заяўлялася яе кіраўніцтвам.
Дзяржаўная тэлерадыёкампанія Беларусі з’яўляецца вядучым прапагандысцкім рэсурсам беларускіх уладаў, сістэматычна распаўсюджвае антыукраінскую прапаганду, а таксама дэзінфармацыю пра ўнутраныя падзеі ў Беларусі.
У апошнія гады тэлекампанія часта выдае ў эфір інтэрв’ю з затрыманымі, у тым ліку незалежнымі журналістамі, запісаныя пад прымусам.
Тым часам на сённяшні дзень у турмах Беларусі па палітызаваных абвінавачаннях знаходзяцца 38 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя. Вызваліць іх патрабуюць ЕС і ЗША, міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі.
Многія з калег знаходзяцца ў турмах ва умовах, прыроўненых да катаванняў: адсутнасць камунікацыі са знешнім светам, забарона на сустрэчы з роднымі, перадачы і нават на сустрэчы з адвакатам.