Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу
Анатамаванне не выявіла прыкметаў, якія маглі б паказваць на тое, што журналіст Мікіта Мелказёраў памёр у выніку траўмы, аднак лекары знайшлі змены, якія сталі вынікам хранічнага захворвання. Пра гэта «Белсату» расказаў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба.

Мікіта Мелказёраў. Фота: Onliner.by
Пётр Антоні Скіба адзначыў, што справа аб ненаўмысным забойстве была прыпыненая ў чаканні медычнага заключэння па выніках судова-медычнага анатамавання і таксікалагічных даследаванняў.
«Даследаванні падчас анатамавання не выявілі траўматычных зменаў, якія б маглі выклікаць смерць. Выяўленыя змены, звязаныя з хранічнымі хваробамі нябожчыка», – сказаў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы.
Што гэта за захворванне, пракуратура не раскрывае.
Журналіст Мікіта Мелказёраў памёр ноччу 21 снежня 2025 года ўдома ў Варшаве. Пракуратура пачала расследаванне паводле артыкулу аб ненаўмысным забойстве. Як адзначаў раней у каментары «Белсату» Пётр Антоні Скіба, «гэта традыцыйная фармулёўка, якая даецца ў сітуацыях, калі прычына смерці невядомая».
Пасля апытання ўдавы Мікіты, станам на канец снежня, галоўная версія следства палягала ў тым, што смерць журналіста была негвалтоўная.
Мікіту Мелказёраву было 37 гадоў. Ён стаў шырока вядомы як аўтар і вядоўца праекту «Жыццё-маліна». Таксама ён быў аўтарам і суаўтарам праектаў «Загляне сонца», падкасту «Нешта будзе», сувядоўцам праграмы «Мова нанова» на «Белсаце».
Reform.news са спасылкай на знаёмых журналіста паведамляў, што 20 снежня ўвечары Мелказёраву зрабілася дрэнна. Ён адляжаўся, адчуў сябе лепш праз некаторы час. Затым устаў, пайшоў і страціў прытомнасць – адмовіла сэрца.
@bajmedia