Пракуроры Магілёўшчыны за паўгода ініцыявалі прызнанне «экстрэмісцкімі» амаль сто інтэрнэт-рэсурсаў
Органы пракуратуры Магілёўскай вобласці за першыя шэсць месяцаў 2025 года накіравалі ў раённыя суды 99 заяў аб прызнанні сайтаў і акаўнтаў у розных сацсетках і месенджарах «экстрэмісцкімі». Сярод іх — інфармацыйныя рэсурсы, якія транслююць сусветныя, беларускія і рэгіянальныя навіны.

Фото: pexels.com
Абсалютную большасць рашэнняў (каля 40), у выніку якіх розныя інтэрнэт-рэсурсы былі ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва. Сярод іх прызнанне «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй анлайн-выдання «ЗЕРКАЛО» (zerkalo-io.online), рэгіянальных інфармацыйных сайтаў «Осиповичи Инфо» і «Горки Инфо» і афіляваных з імі сацсетак, TikTok-акаўнта «mogilevnews» і іншых рэсурсаў.
Адна толькі пракуратура Магілёўскай вобласці ініцыявала прызнанне экстрэмісцкімі 24 старонкі ў Instagram, 13 акаўнтаў у TikTok, 12 YouTube-каналаў, 9 Telegram-чатаў і Telegram-каналаў, 9 інтэрнэт-сайтаў, 4 акаўнты ў Facebook, па адным — у «ВКонтакте» і «Одноклассниках».
У некаторых выпадках органы пракуратуры спраўджвалі свае падазрэнні, звяртаючыся ў Магілёўскую абласную камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці прыкмет экстрэмізму ва ўстаноўленых матэрыялах, паведаміў сайт ведамства.
Відавочна, што ў другім паўгоддзі гэтага года органы пракуратуры працягваюць пошукі «экстрэмізму ў інтэрнэце». Напрыклад, 7 жніўня 2025 года той жа суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кантэнт акаўнта у TikTok з назвай «Еўрарадыё.Лайт», які належыць незалежнаму медыя «Еўрапейскае радыё для Беларусі».
