Прапаганда зрабіла клон «Зеркала» ў тыктоку і распавядала фэйкі пра Польшчу. Тыкток адрэагаваў
У TikTok з’явіўся канал, дзе згенераваная штучным інтэлектам вядучая расказвала фэйкі пра Польшчу на рускай мове.

Назва канала падобная да назвы аднаго з самых папулярных беларускіх выданняў — «Зеркала». У той жа час дызайн быў скапіяваны з гродзенскага рэгіянальнага канала, які нядаўна раззлаваў прапагандыста Ігара Тура. А акаўнт, магчыма, звязаны з галоўным рэдактарам дзяржаўнай «Гродзенскай праўды».
Першы ролік на гэтым канале апублікавалі 3 лютага ў 17:15 з загалоўкам «У Польшчы правал з наборам у войска». У той жа дзень, за гадзіну да першага відэа, на канале памянялі назву на Zerkalonews. Аватар канала таксама нагадвае зеркалаўскі.
У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма другі раз за месяц уключылі TikTok-акаўнт «Не Минск | Новости»
Іншыя ролікі зроблены ў падобным стылі, з гучнымі загалоўкамі і дэзынфармацыяй унутры: «Палякі замярзаюць», «Польшча застанецца без пошты», «У Польшчы няма каму працаваць?».
Пры гэтым вобраз ШІ-вядучай і афармленне загалоўкаў з цітрамі вельмі падобныя да канала рэгіянальнага медыя, прысвечанага Гродна, з іранічнай назвай «Советская Белоруссия» (не блытаць з папулярным сатырычным тэлеграм-каналам з ідэнтычнай назвай). Менавіта гэты гродзенскі рэсурс у кастрычніку 2024‑га выклікаў гнеў Ігара Тура, пра што той пісаў у сваім тэлеграм-канале.

Тады «СовБелка» распавяла пра скаргі жыхароў радзімы Ігара Тура, пасёлка Першамайскі Лідскага раёна, на рэканструкцыю сярэдняй школы. Па словах медыя, з‑за дапушчаных памылак пры рэканструкцыі школы «ў людзей затапляе двары і агароды, трэскаецца падмурак, хадзіць прыходзіцца па балоце». Таксама, яны адзначылі цікавае супадзенне: будоўляй кіраваў Андрэй Коўрыга, былы намеснік старшыні Лідскага райвыканкама.
Відэа з канала Zerkalonews, дзе ўсяго крыху больш за 100 падпісчыкаў, актыўна каментуе акаўнт tatyanasv03 з фота Таццяны Сяргеевай — галоўнага рэдактара абласной газеты «Гродзенская праўда». Апошняе відэа на яе канале — якраз ШІ-версія яе фатаграфіі ў вечаровай сукенцы. Акрамя гэтага, яна публікуе відэа з дзяржаўных крыніц і крытыкуе праціўнікаў дыктатуры.
З’яўленне канала можа азначаць, што дзяржСМІ пачынаюць эксперыменты з ШІ-сэрвісамі для вытворчасці кантэнту для платформаў з вертыкальнымі відэа.
Трэба адзначыць, што, пакуль мы рыхтавалі гэтую публікацыю, тыкток заблакаваў канал — магчыма, яго палічылі парушальнікам правілаў платформы.

@bajmedia