Прапагандыстку Святлану Бурцаву асудзілі ў Эстоніі на 6 гадоў турмы за дзяржздраду
Эстонскі суд прызнаў супарцоўніцу медыягрупы «Расія сёння» вінаватай у дзяржаўнай здрадзе, парушэнні санкцыяў і асудзіў яе на 6 гадоў зняволення, паведамляе DELFI.

Святлана Бурцава ў судзе. ФОТА: Johannes Idasaar | Delfi Meedia
Прапагандыстка знаходзілася пад вартай з 1 сакавіка 2024 года.
Святлана Бурцава атрымала грамадзянства Эстоніі ў 1994 годзе шляхам натуралізацыі. У 2017‑м яна прыйшла ў расійскую медыягрупу «Расія сёння».
«Нават пасля санкцый супраць Расіі, уведзеных Саветам Еўразвяза, Бурцава працягвала працаваць на карысць уладальніка і рэальнага бенефіцыяра МІА «Расія сёння» Дзмітрыя Кісялёва», — падкрэслівала раней дзяржпракурорка Энэлі Лаўрытс.
Раней пракурорка запатрабавала восем месяцаў турмы за парушэнне міжнародных санкцыяў і 6 гадоў зняволення за дзяржаўную здраду – гэта мінімальнае пакаранне за такое злачынства паводле Пенітэнцыярнага кодэкса.
Як лічыць следства, Бурцава цягам некалькіх гадоў супрацоўнічала з расійскай медыягрупай «Расія сёння». Апрача таго, яна рабіла тэксты для выданняў Baltnews і Sputnik Эстонія, чым «забяспечвала суб’екту санкцыяў доступ да эканамічных рэсурсаў, што забаронена рэгламентам Савета ЕЗ ад 17 сакавіка 2024 года».
Па версіі следства, Святлана Бурцава таксама падтрымлівала кантакты з афіцэрам запасу ФСБ і кіраўніком прыватнай разведвальнай кампаніі R‑Techno Раманам Рамачовым. У выніку гэтага супрацоўніцтва з’явілася кніга «Гібрыдная вайна за мір», прызнаная эстонскім судом прапагандысцкай і скіраванай на падрыў даверу да мясцовых уладаў.
