Прапагандысты Брэсцкай вобласці абмяркавалі, як трэба весці «інфармацыйную працу з насельніцтвам»
У Жабінкаўскім раёне 31 ліпеня 2024 года адбыўся Форум медыйнай супольнасці Брэсцкай вобласці, які арганізавалі для прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ рэгіёна і мясцовых ідэолагаў.

Удзельнікі Форуму медыйнай супольнасці Брэсцкай вобласці. Фота: t.me/actual_zhabinka
Удзельнікі збіраліся, каб «выпрацаваць напрамак далейшай працы», у тым ліку на прыкладзе дзейнасці газеты «Сельская праўда». Гэтае выданне з Жабінкі зараз пазбаўленае самастойнасці, бо ўвайшло ў склад холдынга, стоворанага на базе брэсцкай абласной газеты «Заря».
На форуме ідэолагі і супрацоўнікі дзяржаўных медыяў абмяркоўвалі, як трэба цяпер весці «інфармацыйную працу з насельніцтвам», бо асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў інтэрнэт-прасторы. З выступу кіраўніцы галоўнага ўпраўлення па ідэалогіі і справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяны Гагакавай вынікала, што ў жыхароў рэгіёна назіраецца рост цікавасці да навін, якія адбываюцца на Брэстчыне. У гэтым яна бачыць дасягненне дзяржаўнай прэсы.
«Сёння нашыя СМІ выступаюць тымі рэсурсамі, якія скануюць медыйную прастору, дазваляюць удакладніць запыты грамадства і годна на іх адказаць», — заявіла галоўны ідэолаг Брэстчыны.
Як павінна развівацца медыясфера ў Беларусі, паводле яе слоў, вызначылі Аляксандр Лукашэнка і міністэрства інфармацыі. «Гэтыя задачы ў плане дакладнасці інфармацыі, яе аб’ектыўнасці і аператыўнасці ў нас сёння вырашаюцца», — заявіла Гагакава.
На форуме таксама вызначылі лепшых, з гледзішча ўладаў, прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ ў рэгіёне. У ліку уганараваных аказалася і прапагандыстка мясцовага тэлебачання Наталля Войцюх — за аўтарскую праграму «Па факце». У гэтай праграме рэгулярна «выкрывалася дзейнасць дэструктыўных СМІ» і асобных незалежных журналістаў, а таксама простых людзей, што выступалі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
«СМІ аддаюць перавагу павярхоўным навінам!» Актывісты і медыйшчыкі спрабавалі паразумецца — вось што выйшла
