• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літоўскія журналісты абвясцілі акцыю пратэсту супраць дзеянняў уладаў

    У Літве журналісты і іншыя супрацоўнікі грамадскага вяшчальніка LRT заявілі пра пратэст. Цягам тыдня ў эфіры будуць выходзіць «хвіліны маўчання», а 9 снежня ў Вільні каля Сейма адбудзецца акцыя. Нагодай сталі папраўкі дэпутатаў, якія замарожваюць фінанасаванне LRT і спрашчаюць працэдуру змены кіраўніцтва медыя.

    пратэсты журналістаў LRT у Літве

    Фота: V. Rau­pe­lio / LRT

    «У апошнія гады мы, журналісты LRT, адчуваем беспрэцэдэнтны ціск з боку палітыкаў і бачым спробу захопу грамадскага вяшчальніка. Пра нас распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя ў спробе настроіць грамадскасць супраць LRT», — гаворыцца ў публічным звароце супрацоўнікаў LRT, апублікаваным у панядзелак, 1 снежня.  

    Папраўкі да закона аб LRT былі ўхваленыя ў Сейме на першым галасаванні ў чацвер, 27 лістапада. У выпадку прыняцця яны дазволяць Радзе LRT звальняць дырэктара вяшчальніка не кваліфікаванай большасцю дзве траціны, як цяпер, а паловай галасоў на тайным галасаванні. Акрамя таго, на тры гады замарозіцца фінансаванне медыя на цяперашнім узроўні.

    Аўтары паправак дэпутаты правячай кааліцыі, кажуць, што хочуць зрабіць кіраванне грамадскім вяшчальнікам больш празрыстым. Але частка журналісцкай супольнасці і сябры Рады LRT лічаць гэтыя змены крокам да палітычнага ўплыву на кіраўніцтва вяшчальніка.

    «Яны [папраўкі — рэд.] супярэчаць Еўрапейскаму акту аб свабодзе СМІ, магчыма, супярэчаць дактрыне Канстытуцыйнага суда і абмяркоўваюцца без удзелу медыясупольнасці і экспертаў-юрыстаў. Яны адкрываюць шлях для палітызацыі LRT: існуе пагроза, што кожны новы ўрад будзе імкнуцца прызначыць генеральнага дырэктара, які адпавядае яго ўласным інтарэсам», пішуць журналісты.

    Цягам тыдня супрацоўнікі LRT будуць у эфіры аб’яўляць хвіліны маўчання і тлумачыць гледачам і слухачам, чаму незалежнасць грамадскіх медыяў важная для дэмакратычнага грамадства і што адбываецца ў краінах, дзе ўлада бярэ пад кантроль дзяржаўны вяшчальнік. Пры гэтым яны працягнуць працаваць: будуць выпускаць навіны і праграмы, выконваючы законы і этыку.

    Журналісты патрабуюць, каб кіруючая партыя адмовілася ад паправак і распачала грамадскую дыскусію аб дэпалітызацыі Рады LRT з удзелам журналісцкіх арганізацый і экспертаў у галіне СМІ і права.

    Літоўскі медыяэксперт: Стварыць грамадскае тэлебачанне ў краіне, дзе не было такіх традыцый, надзвычай складана

    Таксама супрацоўнікі LRT звяртаюцца да грамадскасці з заклікам падпісаць петыцыю «супраць палітычнага захопу LRT» і выйсці на акцыю пратэсту 9 снежня каля літоўскага Сейма.

    «Мы, журналісты LRT, якіх амаль 200, упершыню просім грамадскасці падтрымаць абарону свабоды СМІ і свабоды слова, бо гэта адзін з гарантаў дэмакратыі. Гэта важна, бо сёння дзеянні ўладных структур пачынаюць нагадваць злавесныя прыклады Венгрыі, Славакіі, Польшчы і Грузіі, дзе палітыкі задушылі свабоду слова» — адзначаецца ў звароце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці