• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэс-клуб у Гомелі: 81 працэнт жыхароў рэгіёна незадаволеныя інфармацыяй ад уладаў

    Завяршальнае шостае пасяджэнне прэс-клуба па супрацы грамадскага сектара і ўладаў адбылося ў Гомелі на пляцоўцы арт-прасторы «Каўчэг».

    Вялікая колькасць прысутных сведчыла пра надзённасць і актуальнасць тэмы. Прыехалі грамадкія актывісты, сябры ГА “БАЖ” з Мазыра, Турава, Жлобіна, Акцябрскага, Крычава, Светлагорска, Рэчыцы. Многім (за выключэннем прадстаўнікоў улады) цікава было даведацца пра вынікі вялікага сацыялагічнага даследавання на тэму «Грамадзянская супольнасць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасці ўзаемадзеяння з дзяржавай». Агучыла іх эксперт у галіне партысіпатыўнага кіравання Таццяна Кузіна.

    Каму і наколькі ў Беларусі давяраюць

    Як вынікае з агучаных лічбаў, беларускім дзяржаўным інстытутам грамадзяне ў большай ступені не давяраюць, чым давяраюць. Суадносіны даверу-недаверу, паводле высноваў апытаных рэспандэнтаў, такія: у прэзідэнта — 42,8 і 44,3 працэнта, арміі — 41,3 і 48,4; Саўміна – 37,9 і 50,4; Нацыянальнага сходу — 37,1 і 50,9; міністэрстваў — 34,0 і 51,9.  Мясцовым органам улады давяраюць толькі 33,4 працэнта апытаных, не давяраюць — 57 працэнтаў. Багата рэспандэнтаў не маглі вызначыцца, бо не валодаюць пэўнай інфармацыяй пра дзейнасць дзяржаўных інстытутаў.

     

    Без даверу няма поспеху

    На фоне зніжэння грамадскай актыўнасці насельніцтва і веры ў магчымасць уздзеяння на ўлады ў адстойванні сваіх правоў было цікава і важна ўбачыць агульны малюнак у краіне, адрозненні ў гарадах, мястэчках і вёсках, пачуць лічбавае пацвярджэнне і высновы экспертаў з гэтай нагоды. Прынамсі, больш за палову апытаных лічаць, што без даверу не будзе поспеху ў аніводнай справе. Людзі перакананыя, што вырашаць свае праблемы найлепш самім. Толькі чвэрць рэспандэнтаў лічаць улады адказнымі за дабрабыт грамадзян.

     

    Інфармацыя, якую чакаюць

    На Гомельшчыне 81,6 працэнта ўдзельнікаў даследавання не задаволеныя інфармацыяй, якую прадастаўляюць мясцовыя ўлады пра ўзровені жыцця, беспрацоўя, цэны на прадукты і прамысловыя тавары, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.

    Вядомы праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, каментуючы гэтыя лічбы, выказаўся даволі катэгарычна:

    “Па вуліцах у Беларусі ходзіць каля паўмільёна “дармаедаў”, якіх улада, па сутнасці, выштурхнула ў рэзервацыю, зрабіла людзьмі другога гатунку, а цяпер прымушае плаціць поўныя кошты за камуналку і медычныя паслугі. І пры гэтым не хоча абмяркоўваць іх становішча. Мае звароты да ўладаў на гэтую тэму застаюцца без адказу”.

    Пра падаткі і камфортнае жыццё

    Пра тое, як можна было б грамадскім арганізацыям ладзіць супрацу з мясцовымі ўладамі, распавёў эксперт па ўстоўлівым развіцці Алег Сівагракаў. На жаль, у дзяржаве няма рэальнага мясцовага самакіравання. Таму самыя простыя, эфектыўныя і яскравыя прыклады такой супрацы былі ў яго расповедзе з жыцця іншых краін: Германіі, Аўстраліі, Эстоніі, Украіны.

    «Там, — прыгадваў Алег Сівагракаў, — няма патрэбы тлумачыць, які эфект дае рэальны ўдзел грамадскіх арганізацый у жыцці мястэчка альбо вёскі. Улады самі далучаюць іх да вырашэння надзённых праблем. Адкрытасць уладаў да супрацоўніцтва з грамадствам, узаемны давер — галоўны эфектыўны шлях у цывілізавых краінах да пабудовы камфортнага жыцця».

    Тая ж Украіна ўжо ідзе па такім шляху, дзе грамада супольна вырашае на што пойдуць грошы ад падаткаў, якія застаюцца ў мястэчку ці вёсцы. Там чыноўнікі самі не могуць зачыніць школу, клуб, ФАП, скасаваць аўтобусны маршрут.

    Яшчэ больш слушна выглядае права распараджацца сваімі падаткамі, якое маюць грамадзяне Эстоніі. Падаткаплатнік сам можа вызначыць, куды пойдуць ягоныя грошы.  Скажа, што на аблаштаванне выспы ў Балтыйскім моры, дзе ён нарадзіўся, — так і будзе.

     

    Улюбёны спорт беларускіх уладаў

    Сябра ГА “БАЖ” і грамадскі актывіст Яўген Меркіс заўважыў на прэс-клубе, што найлепш пра камунікаванне грамадства і беларускіх ўладаў сведчыць улюбёны від спорту апошніх — «атфутбольванне». Памятная шыльда ў Гомелі пра Палуту Бадунову — не! Назва вуліцы імем Станіслава Шабунеўскага — не! Беларусь — краіна рэзананснага права. Чым гучнейшы розгалас, тым больш спадзёву на поспех. І тут да настойлівасці, упартасці грамадскіх актывістаў дадаецца супраца з медыямі.

    Люстэрка для актывістаў і журналістаў

    Паведамленні экспертаў і спікераў перарасталі ў дыскусіі. Самым надзённым, бадай, было пытанне: дзе браць актывістаў для працы?

    Аляксандр Баранаў з Мазыра, стваральнік паспяховага праекта “Даліна Анёлаў”, адказаў афарыстычна:

    “Станьце перад люстэркам і глядзіце на сябе. Там пабачыце ўласны шлях да вырашэння праблем, да якога людзі прыходзяць не адразу, спакваля. Зацікаўленасць патрабуе працы, адданасці і нават ахвяраванняў”.

    Высновы вялікага тура па Беларусі падсумавала Таццяна Кузіна. Яна адзначыла, што на мноства запрашэнняў да ўладаў прыняць удзел у падобных прэс-клубах водгук быў толькі ў Віцебску.

    У гутарцы з карэспандэнтам маніторынгу ГА “БАЖ” Кузіна зазначыла, што  задаволеная актыўным ўдзелам прадстаўнікоў СМІ на пасяджэнні ў Гомелі.

    «Нам вельмі важна, каб журналісты пачулі нас. У медыяў стаўленне да нашых напрацовак больш тэхналагічнае. Многія з іх цяпер працуюць паводле бізнес-логікі, добра ўяўляючы, як можна атрымаць водгук, схайпаваную аўдыторыю. І калі запытваешся ў іх пра параду, яны звычайна кажуць: кантактуйце з намі, выстаўляйце спікераў, распавядайце найлепш пра сваю працу праз асабістыя гісторыі. Бо расповед пра арганізацыю без асобы — ён ні пра што».

     Фота Андрэя Павука

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці