• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі: сталі вядомыя пераможцы

     Традыцыйна 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека ў Вільні прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год.

    Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі

    Ларыса Шчыракова, Алена Якжык і Кацярына Абромчык — лаўрэаты намінацыі «Журналіст года-2025». Фота: БАЖ

    Намінацыя «Праваабаронца года-2025»

    У першыню за гісторыю Прэміі пераможцам ў намінацыі «Праваабаронца года-2025» сталі тры чалавекі: Павел Левінаў, Таццяна Нядбай і Алена Маслюкова.

    На намінацыю «Праваабаронца года» вылучаецца асоба, чые дзеянні за мінулы і папярэднія гады найбольш яскрава, выразна, эфектыўна спрыялі прасоўванню і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

    Павел Левінаў — праваабаронца, прасоўвае правы чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Аўтар 161 індывідуальнага паведамлення ў Камітэт ААН па правах чалавека, актыўна супрацоўнічае з КПЧ і спецдакладчыкамі.

    Пачаў дзейнасць у БХК у 2000 годзе. У кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» прасоўваў на ўсіх узроўнях стандарты права на жыццё.

    Пасля ператрусаў 16 лютага 2021 года быў вымушаны пакінуць Беларусь, але працягнуў актыўную абарону правоў чалавека і ў выгнанні.

    Таццяна Нядбай — літаратарка, праваабаронца, менеджэрка культурных праектаў.

    Як старшыня Беларускага ПЭНа наладзіла сістэмную праваабарончую дзейнасць, прадуктам якой стаў першы маштабны маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў.

    Адстойвае думку, што культура павінная быць у фокусе ўвагі для пабудовы дэмакратычнай незалежнай Беларусі.

    Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі

    Таццяна Нядбай, Алена Маслюкова і Павел Левінаў —пераможцы ў намінацыі «Праваабаронца года-2025». Фота: БАЖ

    Алена Маслюкова — праваабаронца і экалагічная актывістка; узначальвала Светлагорскую філію «Вясны».

    Яна была адной з лідарак барацьбы жыхароў Светлагорска супраць завода бялёнай цэлюлозы, фіксуючы парушэнні экалагічных правоў і абараняючы права людзей на чыстае паветра і мірныя сходы.

    Пасля вымушанага выезду з Беларусі ў 2021 годзе працягвае праваабарончую дзейнасць у выгнанні. У кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі ў Беларусі да трох гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за яе публічную і праваабарончую актыўнасць.

    Намінацыя «Журналіст года-2025»

    Лепшай у намінацыі «Журналіст года-2025» названая Кацярына Абромчык.

    Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі

    Кацярына Абромчык— пераможца ў намінацыі «Журналіст года-2025». Скрыншот відэатрансляцыі цырымоніі ўзнагароджвання

    На намінацыю «Журналіст года» вылучаецца журналіст/ка альбо блогер/ка, які/якая цягам мінулага года найбольш актыўна і яскрава асвятляў/ла пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, ТВ- ці радыёпраграмы мелі найвялікшы грамадскі рэзананс альбо ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека і фундаметальных свабод у краіне.

    Кацярына з 2019 года з’яўляецца журналісткай і праваабаронцай ПЦ «Вясна». У 2019–2020 годах спадарыня Кацярына была слухачкай курсаў БАЖ па журналістыцы.

    Яна асвятляе такія тэмы, як рэпрэсіі ў Беларусі, правы чалавека, гісторыі палітвязняў, уразлівыя групы, міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Таксама стварае праваабарончую праграму «Вясна» на Беларускім радыё «Рацыя» і праваабарончы падкаст «Вясна прыйдзе».

    У 2021 годзе праз пераслед калегаў вымушана была пакінуць Беларусь, каб працягваць сваю дзейнасць на карысць правоў чалавека.

    Намінацыя «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025»

    У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025» перамагла кампанія «У турмы не жаночы твар».

    Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі

    Намінацыя «Праваабарончая кампанія (ініцыятыва) года» была створаная менавіта дзеля таго, каб надаць асаблівую ўвагу новым ініцыятывам, актуальным кампаніям, якія ўзнікаюць у праваабарончым полі. Ідэя гэтай намінацыі палягае ў тым, каб вітаць і падтрымаць невялікія ініцыятывы і кампаніі, якія, як правіла, не могуць канкураваць за ўвагу з вялікімі інстытуцыяналізаванымі арганізацыямі, якія існуюць ужо даўно, маюць сталае фінансаванне і інш.

    У межах кампаніі «У турмы не жаночы твар» правабааронцы і лекары пабрабязна прааналізавалі ўмовы ўтрымання жанчын у зняволенні.

    Яны правялі сацыялагічнае даследаванне, як зняволенне адбілася на далейшым жыцці былых асуджаных.

    Правабааронцы і лекары распрацавалі рэкамендацыі для дзяржавы, што варта змяніць. Свае распрацоўкі яны падрабязна выклалі прэсе і экспертнай супольнасці, а таксама выдалі зборнік матэрыялаў па тэме.

    Намінацыя «Праваабарончая салідарнасць»

    Лаўрэаткай у намінацыі «Праваабарончая салідарнасць» стала Вольга Брыцікава.

    Вольга Брыцікава

    Вольга Брыцікава

    На намінацыю «Праваабарончая салідарнасць» вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

    Вольга Брыцікава актыўна абараняла правы рабочых у Наваполацку, кіравала незалежным прафсаюзам «Нафтана», дзе працавала 16 гадоў.

    У жніўні 2020 года работнікі «Нафтана» выйшлі на мітынг, высунулі палітычныя патрабаванні — іх публічна агучыла Вольга.

    У траўні 2022 адсядзела запар 75 дзён за антываенныя выказваньні, агулам у той год адсядзела 105 дзён. У 2023 годзе была затрыманая і асуджаная на 3 гады калоніі, потым ёй дадалі яшчэ 3 гады.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці