• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На польскім фестывалі прэзентавалі кнігі беларускіх фатографаў

    Прэзентацыя беларускіх фотакніг адбылася на Ryb­nik Foto Fes­ti­val, які праходзіў з 28 па 30 сакавіка ў горадзе на поўдні Польшчы. Пра дзейнасць беларускіх аўтараў і сітуацыю з фотакнігамі ў Беларусі распавялі зацікаўленай аўдыторыі прадстаўнікі платформы беларускай фатаграфіі ў Варшаве — ФШ1.

    На польскім фестывалі прэзентавалі кнігі беларускіх фатографаў

    Каманда ФШ1 — Кацярына Ігнашэвіч, Марыя Карнеенка, Яўген Атцецкі — на фотафестывалі ў Рыбніку. Фота: Кацярыны К.

    На польскі Ryb­nik Foto Fes­ti­val — адметны фотафэст, які ладзіцца ў Польшчы з 2004 года — беларуская платформа ФШ1 трапіла ў выніку наладжвання супрацоўніцтва. Конкурс праектаў форуму выйграла беларуская мастачка Марыя Карнеенка, якая ўваходзіць у каманду ФШ1.

    І натуральным чынам у фатографаў беларускай платформы ўзнікла ідэя прыехаць на фестываль з прэзентацыяй беларускіх фотакніг — прапанову з энтузіязмам падтрымалі арганізатары польскай фотападзеі.

    На польскім фестывалі прэзентавалі кнігі беларускіх фатографаў

    Фотакнігі беларускіх аўтараў на фотафестывалі ў Рыбніку. Фота: Кацярыны Ігнашэвіч

    На фестывалі былі прадстаўлены фотакнігі архіву Veha, «Гісторыя беларускай фатаграфіі» Антаніны Сцебур і Ганны Самарскай, «Больше, чем Я» Вольгі Бубіч, «Доўгая дарога дамоў» Машы Мароз, выданні і альбомы іншых аўтараў.

    Як падзялілася з Reform.news Марыя Карнеенка, прэзентацыя фотакніг беларускіх аўтараў прайшла ў Рыбніку з поспехам.

    На польскім фестывалі прэзентавалі кнігі беларускіх фатографаў

    Каманда ФШ1 з мастацкім дырэктарам фотафестывалю ў Рыбніку Марцінам Гіба (Marcin Giba) і арганізацыйнай дырэктаркай фэсту Нінай Гіба (Nina Giba) (у цэнтры). Фота: Кацярыны К.

    — Наведвальнікі фестывалю падыходзілі да нашага стала, пыталіся пра ўсе праекты, глядзелі ўсе кнігі. Прывезлі мы з сабой 18 выданняў, але толькі 5 з 18 былі прадстаўлены да продажу. Па выніку наведвальнікі купілі 9 кніг. Цікавасць была жывая: людзі падпісваліся ў сеціве на беларускіх аўтараў тут жа. Водгукі на беларускую фатаграфію былі вельмі станоўчымі.

    Таксама атрымалі некалькі прапаноў аб супрацоўніцтве, — дадае Марыя. — Да прыкладу, з’явілася магчымасць прадаваць беларускія фотакнігі ў краме пры адной чэшскай галерэі.

    На польскім фестывалі прэзентавалі кнігі беларускіх фатографаў

    Падчас прэзентацыі платформы ФШ1 і беларускай незалежнай фатаграфіі на фотафестывалі. Фота: Кацярыны Ігнашэвіч

    ФШ1 – платформа, асноўнай мэта якой з’яўляецца стварэнне прасторы і ўмоў для вольнай фатаграфічнай творчасці і аб’яднання фатографаў з Беларусі. Платформа займаецца арганізацыяй сустрэч, дыскусій і адукацыйных мерапрыемстваў – лекцый, майстар-класаў і артыст-токаў. У прыярытэтах — будаванне супольнасці, дапамога аўтарам заявіць пра сябе, наладжванне міжнародных сувязяў. ФШ1 пачынала сваю дзейнасць у Беларусі ў 2010‑х — зараз працягвае сваю справу ў Польшчы — у Варшаве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці