У Вільні прэзентавалі кнігу пра Алеся Бяляцкага «За беларускае жыццё… Алесь»
Выданне кнігі пра палітзняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскага лаўрэата міру Алеся Бяляцкага стала магчымым дзякуючы супольнай працы трох беластоцкіх структураў: «Беларускага Радыё Рацыя», тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» і Цэнтра грамадзянскай адукацыі «Польшча-Беларусь».

Яўген Вапа прэзентуе кнігу «За беларускае жыццё… Алесь»
У апошні дзень паэтычнага фэстываля імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» 16 лютага ў Вільні была прэзентаваная новая кніга пра Алеся Бяляцкага “За беларускае жыццё… Алесь”.Як распавёў кіраўнік управы Беларускага Радыё Рацыя і галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” Яўгена Вапа, ідэя стварэння кнігі ўзнікла, калі ён пісаў тэкст да цырымоніі ўручэння Алесю Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру:
– Ведаючы Алеся шмат гадоў, я тады доўга думаў над загалоўкам для свайго выступу і вось ягоная частка і стала назвай для гэтай кнігі. Бо Нобелеўская прэмія, якую атрымаў Алесь, і ёсць менавіта за беларускае жыццё, за ўсё тое, што было звазанае менавіта з ягонай дзейнасцю, з ягоным жыццём з маладых гадоў. Кніга паказвае, што ўсё, што Алесь робіць – гэта і ёсць прысвячэнне беларускай справе. У снежні 2022 года, калі я быў у Осла, на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру, думаў пра тое, што калі праз год уручаецца новая прэмія, то часцей за ўсё забываецца імя папярэдняга лаўрэата. У нашым беларускім выпадку гэтая сітуацыя было яшчэ тым важнейшая, што мы бачылі ў якой сітуацыі мы знаходзімся і што зараз адбываецца.
Тады я атрымаў згоду спадарыні Наталлі Пінчук, каб прыступіць да шырэйшай акцыі, збіраць матэрыялы і выдаваць кніжку, зрабіць выставу, якая аб’едзе ўсю Еўропу і зняць дакументальнае кіно. І тады ў Вільні паразмаўляў з сябрамі і выстаўка ужо сёння аб’ехала амаль усю Еўропу. Затым “Маланка” зняла дакументальны фільм пра Алеся Бяляцкага. І вось яшчэ адна навіна. Зараз дзяржаўнае літоўскае тэлебачанне здымае вельмі сур’ёзнае дакументальнае кіно пра Алеся і гэта будзе ўключна з візітамі ўсіх тых краін, якія важныя былі ў жыцці Бяляцкага. Думаю, што цягам гэта года гэты фільм з’явіцца.

Ціхан Чарнякевіч і Яўген Вапа
Змест кнігі складаюць размовы Міхася Андрасюка з Алесем Бяляцкім з цыклу “Вочы ў вочы”, якія гучалі на Беларускім Радыё Рацыя, успаміны Алеся Бяляцкага пра музей Максіма Багдановіча, якія таксама друкаваліся на сайце Радыё Рацыі, інтэрв’ю Алеся Бяляцкага, якія гучалі на радыё, Нобелеўская прамова, якую зачытвала жонка лаўрэата Наталля Пінчук, апошняе слова Бяляцкага на палітычным карным працэсе і яго лісты з савецкага войска, якія друкуюцца ўпершыню.
Яўген Вапа прыгадвае, як ствараліся тыя інтэрв’ю з Алесем:
– Яшчэ тады, калі Алесь выйшаў з турмы пасля першага зняволення, я вырашыў зрабіць на Радыё Рацыя спецыяльныя сур’ёзныя размовы “Вочы ў вочы” з Алесем Бяляцкім. І я прапанаваў Алесю паехаць у Белавежскую пушчу, ці Белавеж, як мы ўсе гэтае месца называем, каб там ніхто не перашкаджаў у доўгіх размовах. І там тры дні вяліся нетаропка размовы з Міхасём Андрасюком, запісвалі тыя інтэрв’ю, якія не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. А я сыходзіў, каб ім не замінаць.
Нават у лістах, якія ён дасылаў сябрам з войска, яшчэ дваццацігадовым, ён здзіўляе сваёй начатанасцю, сваімі глыбокімі думкамі, піша пра тое, якія беларускія месцы знаходзяцца ў Празе, у Вільні, здзіўляе, як ён вельмі трапна заўважае розныя з’явы і падзеі.
Па словах Яўгена Вапы, Алесь – даўні сябра Беласточчыны, ён чытаў кожны новы нумар “Нівы”, а ўсе тыя кнігі, што выдаваліся на Беласточчыне, ён забіраў з сабою ў Беларусь. Бяляцкі жыў і дакладна ведаў, чым жывуць беларусы Беласточчыны.
– Тут толькі частка таго, што мы маем у архіве. Вось нават і зараз, седзячы ў турме ён пачаў пісаць успаміны пра Музей Багдановіча. І ўсё гэта было на сайце Радыё Рацыя. Гэта было тады, калі яшчэ даходзілі ягоныя лісты на волю. Гэта кніжна апрача інтэрв’ю і лістоў Алеся нясе многа фотаздымкаў, якія нідзе дагэтуль не публікаваліся. А сёння тут я схіляю галаву перад тымі людзьмі, якія разам з Алесем шмат гадоў робяць важную справу і колькі за гэты час ўдалося вам дасягнуць.
Яўген Вапа спадзяецца на хутчэйшае вызваленне Алеся, на новыя сустрэчы з сябрам і новыя важныя інтэрв’ю на радыё.
Сёння кніга “За беларускае жыццё… Алесь” дасяжная ў электронным фармаце. Яе можна спампоўваць і чытаць.
