• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Радыёімперыя Лукашэнкі: колькі прыбытку яна прыносіць гэтай сям’і?

    «Бюро» вывучыла бухгалтарскую справаздачнасць фірмы «Музычная частата». 49% «Музычнай частаты» кантралюе «Музычная медыякампанія». Генеральная прадзюсарка «Музычнай медыякампаніі» — нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна, больш вядомая як аўтарка тэкстаў песень пад псеўданімам Ганна Сялук.

    Радыёімперыя Лукашэнкі

    Выява: «Бюро»

    Яшчэ 21% «Музычнай частаты» знаходзіцца ва ўласнасці Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі (канцэртны зал «Мінск»). Яшчэ 30% – у дзяржпрадпрыемства «Дом прэсы», якое належыць Міністэрству інфармацыі.

    За 2024 год чысты прыбытак «Музычнай частаты» склаў амаль 2,9 мільёна беларускіх рублёў, або амаль 820 тысяч еўра.

    Нагадаем, «Музычная частата» запусціла ў Беларусі дзве радыёстанцыі – «Душэўнае радыё» і «Супер FM» – і прадае там рэкламу.

    Паводле дадзеных даследавання ЗАТ «МедыяВымяральнік» за ліпень – снежань 2024 года, «Душэўнае радыё» ўвайшло ў пяцёрку самых папулярных радыёстанцый краіны.

    Дадзеныя даследавання радыёслухання ў РБ, ЗАТ «МедыяВымяральнік», ліпень – снежань 2024 г. Крыніца: megapolis-reklama.by

    Кошт рэкламнай хвіліны на «Душэўным радыё» вагаецца ад 195 да 260 рублёў.

    «Супер FM», паводле звестак даследаванняў, нашмат менш папулярнае ў беларускіх радыёслухачоў – на 21‑м радку, таму і расцэнкі на рэкламу больш сціплыя – 100 рублёў за хвіліну эфірнага часу.

    Акрамя рэкламных інтэграцый «Музычная частата» запусціла камерцыйны праект – «Душэўны фестываль». Ён праводзіцца ў Мінску ўжо другі год запар і ўключае ў сябе серыю з трох канцэртаў: «Душэўны шансон»«Душа народная» і рэтрадыскатэку «Танцпляцоўка». У межах фестывалю на сцэне выступаюць як расійскія выканаўцы, так і артысты, якіх прадзюсуе сама «Музычная медыякампанія». Кошт квіткоў на канцэрты вар’юецца ад 44 рублёў да 231 рубля.

    Акрамя таго, «Душэўнае радыё» праводзіць рэтрадыскатэку «Танцпляцоўка» некалькі разоў на год на базе начных клубаў у абласных гарадах. Напрыклад, 17 кастрычніка мерапрыемства пройдзе ў Гродне. Білеты рэалізуюцца па цане ад 70 да 125 беларускіх рублёў.

    «Бюро» таксама знайшло яшчэ адзін новы праект «Музычнай медыякампаніі» – «Радыёхіт.бай» – музычны партал і анлайн-радыёстанцыю, у эфіры якой гучаць выключна беларускія выканаўцы. Варта зазначыць – пераважна артысты, раскруткай якіх займаецца прадакшн Ганны Лукашэнкі. Менавіта праз «Радыёхіт.бай» «Музычная медыякампанія» шукае новыя імёны для беларускай «медыяіндустрыі»: на сайце ёсць спецыяльная анлайн-форма, праз якую можна прапанаваць уласную кампазіцыю – у перспектыве яна можа загучаць на радыёстанцыях нявесткі Лукашэнкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці