• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

    Антон Бяляеў аддаў шмат гадоў радыё і тэлебачанню, большасць з якіх быў звязаны з АНТ. Усё змянілася, калі ў 2023‑м Бяляева кінулі за краты праз удзел у пратэстах. Антон расказаў «Нашай Ніве» пра супрацу з Шэпелевым і Кур’янам, настроі на АНТ у 2020‑м, шматгадовую любоў да старых машын і падарожжа, пра якое цяпер шкадуе.

    Фота: архіў суразмоўцы

    «Я расказваў пра машыны, якія так ці інакш пакінулі свой след у гісторыі. Згадаў літаральна кожны больш-менш вядомы аўтамабіль»

    Антон трапіў у медыя яшчэ школьнікам. Яму было 16, калі настаўніца параіла яму з парай аднакласнікаў схадзіць на кастынг моладзевага шоу 5х5. Хлопец паслухаўся яе, прайшоў у вядучыя і ў 2002 годзе аказаўся часткай праекта, які выпусціў у свет знакамітых цяпер тэлезорак: з ім працавалі, напрыклад, Дзмітрый Шэпелеў і Дзяніс Кур’ян.

    Успаміны пра 5х5 у Антона добрыя:

    «Ток-шоу закранала моладзевыя праблемы — адаптацыю ў грамадстве, розныя нефармальныя субкультуры, праблемы, звязаныя з пераходным узростам і пошукам сябе ў грамадстве. То-бок гэта разнастайныя праблемы, з якімі сутыкаецца чалавек, які яшчэ толькі ўваходзіць у дарослае жыццё.

    Шоу дапамагала згладзіць гэты пераход, яно было мастком паміж дзяцінствам і дарослым жыццём, а мы нібыта былі правадырамі на гэтым мастку. Мы былі такой групай аднадумцаў, якія неслі адну светлую ідэю».

    Праз некалькі гадоў працы шоу 5х5 закрылі. Антон расказвае, што праект працягваўся ў выглядзе іншых шоу, пэўных рубрык, але з цягам часу Бяляеў зразумеў — трэба нешта змяняць.

    У 2007‑м ён пабачыў, што канал АНТ набірае вядучых для спартовых навінаў. Антон успамінае, што тагачасны АНТ быў зусім не такім, як цяпер. Ён лічыць, што гэта быў цікавы канал са сваімі праектамі.

    Бяляеў пайшоў туды на кастынг. Яго ўзялі, але не ў тэлевядучыя, а на «Радыё АНТ», якое тады толькі з’явілася:

    «Пачынаў я са звычайнага эфіру, у якім ты жадаеш людзям добрага настрою, цікавішся тым, як прайшоў іх дзень. Я звычайна працаваў увечары, таму расказваў апошнія навіны, казаў, як мы праз заторы даедзем дахаты, усяляк падтрымліваў слухача. Сканчваў позна ўвечары».

    Але была ў Антона і ўласная перадача на радыё. Ён заўжды цікавіўся старымі машынамі і здолеў увасобіць гэтае хобі ва ўласным праекце «Машыны часу».

    Праект перажыў некалькі сезонаў:

    «Я расказваў пра машыны, якія так ці інакш пакінулі свой след у гісторыі. Згадаў літаральна кожны больш-менш вядомы аўтамабіль, ад «Жыгулёў» да «Мерсэдэса» «крыло чайкі». Казаў, хто прыдумаў гэты аўтамабіль, чым ён знакаміты, у чым удзельнічаў».

    Любоў да такіх машын узнікла ў Антона, калі ў яго з’явіўся першы аўтамабіль — гэта былі старыя «Жыгулі» яго дзядулі. З цягам часу ён пачаў прысвячаць такім машынам усё больш часу, вучыўся іх рамантаваць. 

    Фота: belia1986 / Insta­gram

    Дзякуючы гэтаму, кажа мужчына, ён навучыўся шматлікім рамёствам — ад зваркі да шыцця. Напрыклад, нядаўна ён сам сабе пашыў кашулю, бо некалі перашываў сядзенні для машын.

    «Проста ў старых машынах ёсць душа. Навошта траціць жыццё на тое, каб ездзіць на нудным аўтамабілі? Сучасныя машыны — гэта больш камп’ютар на калёсах, яны аднолькавыя, розніца толькі ў софце, а ў кожнай старой машыне ёсць свая душа. За кожным вузлом у ёй ёсць імя канструктара, які чарціў гэта, прыдумляў.

    Чым машына старэйшая, тым яна цікавейшая, і па кожнай машыне можна паназіраць за тым, як свет развіваўся. Адчыняеш капот і бачыш, што пэўная дэталь праз 50 гадоў ператворыцца ў зусім іншую, але менавіта цяпер у ёй закладзены ўвесь патэнцыял таго, што потым будуць вырабляць на канвееры».

    «Што ні рабі, АНТ — другая кнопка ў рэспубліцы»

    Праз некалькі гадоў Антона звольнілі з «Радыё АНТ» праз непаразуменне з новым кіраўніцтвам. Далей ён папрацаваў на радыё Бі-Эй, на станцыях «Легенды FM» і «Мелодыі века», а за пару гадоў да 2020-га вярнуўся на АНТ, на гэты раз у якасці кіраўніка. Спачатку гэта зноў было радыё, а потым Антон пачаў удзельнічаць і ў працы тэлеканала — каб рэалізоўваць уласнае бачанне рэформаў.

    «Увесь свет пайшоў у бок інтэрнэту, а радыё і тэлебачанне пачалі губляць сваю актуальнасць. Адзіным слушным рашэннем было неяк аб’яднаць паміж сабой радыё, тэлебачанне і інтэрнэт-рэдакцыю. А ўмовы на АНТ гэта дазвалялі», — тлумачыць ён.

    Гаворка ішла пра стварэнне адзінай медыяплатформы, дзе карыстальнік мог бы сам выбіраць, што яму глядзець і слухаць, што магло б гучаць у эфіры. Антон кажа, што ў той час не разумеў, у якіх умовах ён будзе гэта рэалізоўваць.

    У выніку, успамінае мужчына, атрымалася рэалізаваць задумы толькі на чвэрць:

    «Што ні рабі, гэта другая кнопка ў рэспубліцы, і гэта прадугледжвае адказнасць усіх кіраўнікоў перад дзяржаўнай ідэалагічнай машынай. Вельмі шмат з таго, што мы планавалі, проста не пасавала пад фармат, і АНТ не жадала змяняцца. 

    Паколькі гэта другая кнопка, АНТ працуе на іншую аўдыторыю, электаральную. Гэта людзі старэйшага ўзросту, якім не патрэбны інтэрнэт і магчымасць уплываць на эфір. Таму радыё і тэлебачанне існавалі ў нас асобна, а спробы звязаць тое, што не звязваецца, не далі належнага выніку».

    Антон прызнаецца, што ў той час прайграў бітву з беларускім імкненнем да стабільнасці. І прайграў не толькі ён, а і шматлікія яго калегі, бо пасля 2020-га шмат каму з іх давялося пакінуць Беларусь.

    Радыё, афіліяванае з АНТ, з цягам часу атрымала назву «Цэнтр FM». Фота: belia1986 / Insta­gram

    Хаця Антону і даводзілася зноў працаваць на тэлебачанні, але ён кажа, што ўсё роўна застаўся чалавекам радыё. Той, радыйны свет — яшчэ адна любоў на ўсё жыццё для мужчыны:

    «Радыё мае пэўную магію, бо ты не бачыш чалавека, ты яго толькі чуеш. Цяпер гэта не так, кожны радыёвядучы ўсё ж свеціцца ў сацсетках, трансляцыях. А раней гэта было менавіта магіяй, дазваляла табе быць вядомым, але не настолькі, каб цябе пазнавалі. Ты мог спакойна хадзіць па горадзе, ніхто не звяртаў на цябе ўвагу, мо часам маглі пазнаць цябе па голасе.

    Гэтая магія радыё цябе паціху насычае. Даходзіць да таго, што ты часам бачыш сны пра тое, як спазняешся на эфір або як у эфіры здараецца нешта пацешнае. І вось у такія моманты пачынаеш разумець, што ты — насамрэч чалавек радыё».

    Такія сны Антон бачыць дагэтуль.

    «Давайце будзем казаць умоўна праўду»

    Да 2020-га, успамінае Антон, палітыкі ў яго працы не было. Але ж радыё было звязанае з АНТ, і таму навіны на ім шмат у чым паўтаралі тэлевізійныя, то-бок былі сугучныя з дзяржаўным парадкам дня.

    Пасля выбараў 2020-га і пачатку пратэстаў кіраўніцтва АНТ не ведала, чаго чакаць ад супрацоўнікаў. Дайшло да таго, што Марат Маркаў сышоў пакурыць у курылку з іншымі супрацоўнікамі, каб паслухаць, што ж думае народ.

    А потым тэлевізіёншчыкі пачалі пратэставаць. На Камуністычнай, дзе офіс АНТ, таксама пратэставалі — супрацоўнікі выходзілі з плакатамі «Спыніце гвалт». 

    Кіраўніцтва, успамінае Антон, задумалася, бо магла спыніцца ўся праца:

    «У нас была вялікая сустрэча ў студыі, дзе мы прыйшлі да кансэнсусу. Маўляў, давайце будзем казаць умоўна праўду — палову таго, што хоча дзяржава, і палову таго, што адбываецца насамрэч. Так і было, я сам чытаў у навінах, што Лукашэнку прызналі персонай нон грата, і чытаў спакойна, бо час дазваляў гэта рабіць.

    А калі ўлада зразумела, што ўсё-ткі кантралюе сітуацыю, быў вялікі сход у Маркава. Там ён выразна сказаў — маўляў, вы працуеце на дзяржаву і будзеце рабіць тое, што хоча дзяржава».

    Пасля 2020-га на АНТ узмацніўся ідэалагічны кантроль. Антон успамінае, што і яго спрабавалі зацягнуць у прапаганду — прапаноўвалі зняцца ў агітацыйным роліку, дзе мужчына мусіў «сыграць дрэннага змагара і прайграць у ідэалагічнай барацьбе добраму ябацьку». 

    Тады атрымалася адмовіцца, але Антону загадалі выбраць бок — маўляў, у краіне ідзе вайна, і трэба зрабіць выбар, а інакш давядзецца звольніцца з тэлеканала. На той час мужчына быў на гэта гатовы.

    Фота: архіў суразмоўцы

    Тым не менш у яго атрымалася дапрацаваць да лютага 2022-га. Тады проста на працы Антона затрымалі губазікаўцы. Абшукалі працоўнае месца, кватэру і аўтамайстэрню, а потым знайшлі ў тэлефоне забаронены рэпост і адправілі мужчыну на Акрэсціна. Адтуль ён выйшаў праз 15 сутак — з працы Антона звольнілі «за прагулы».

    Наступныя месяцы Антон правёў на волі. Знайшоў працу на іншым радыё, а пазней цалкам пераключыўся на старыя машыны і зрабіў іх крыніцай заробку. А праз год яго зноў затрымалі, у гэты раз па крымінальнай справе — прад’явілі фота з БЧБ-сцягам, якое знайшлі ў тэлефоне мужчыны падчас затрымання па адміністратыўцы.

    «Ніхто ў Беларусі цяпер не знаходзіцца ў бяспецы»

    Усё здарылася ў канцы мая 2023-га. Антон успамінае, што тады якраз пачынаў у сваёй аўтамайстэрні вялікі праект, прывёз туды інструменты і запчасткі. Якраз тады, калі ён быў на працы, яму пазванілі і запрасілі на «тлумачальную гутарку». Нікуды ісці, аднак, не давялося, бо сілавікі проста прыйшлі да Антона ў майстэрню самі. Далей было Акрэсціна і СІЗА, і 4 жніўня мужчыну прысудзілі да 3 гадоў хатняй хіміі, якія Антон адбыў амаль цалкам. Яго артыкул — 342, удзел у пратэстах.

    Бяляеў расказвае пра самыя важныя, на яго погляд, прадметы ў арсенале «хіміка»:

    «Кепка і акуляры — найлепшыя сябры тых, хто знаходзіцца на хіміі, бо цябе можа пазнаць любая камера ў горадзе, іх цяпер вельмі актыўна ставяць. І каб быць хоць трохі ўпэўненым, што ты нідзе [на камеры] не трапіш, пастаянна выконваеш меры перасцярогі: носіш кепку, выключаеш тэлефон і недзе яго пакідаеш.

    Я здолеў прабыць свой тэрмін хіміі без [зафіксаваных] парушэнняў, хаця я і парушаў, а не парушаць хатнюю хімію нельга».

    За гадзіну-дзве на дзень, калі хатнім хімікам можна выходзіць з дому, усе пытанні не павырашаць, тлумачыць Антон. І нават каб дома было што есці, часам даводзілася выходзіць з дому ў забаронены час.

    Фота: архіў суразмоўцы

    Антон доўга рыхтаваўся да выезду з Беларусі, і ў ліпені 2025-га нарэшце апынуўся ў Польшчы. Цяпер ён спрабуе легалізавацца і знайсці працу, а таксама спадзяецца выдаць кнігу, якую напісаў за кратамі:

    «У мяне атрымаўся даведнік па беларускіх турмах — у жартаўлівай форме, наколькі гэта магчыма. Не раскажу і дзясятую частку таго, што могуць расказаць людзі, якія адбывалі тэрмін у калоніях, каго мучылі і катавалі. Але нават мой кароткі досвед дазволіў мне напісаць сто старонак тэксту без аніякіх намаганняў. 

    Бо кожны дзень у зняволенні — гэта новая гісторыя, там яны нараджаюцца самі сабой. І я там пастаянна рабіў запісы, а калі выйшаў, яны склаліся ў кнігу».

    Кніга для Антона — магчымасць адрэфлексаваць усё, што з ім здарылася. Мужчына не мог наведваць псіхолага, каб аднавіцца пасля СІЗА, і напісанне кнігі замяніла яму тэрапію.

    На думку Антона, гэтая кніга магла б дапамагчы і іншым беларусам, хто прайшоў праз рэпрэсіўную машыну:

    «Як сказаў адзін мой сукамернік, мы палі ахвярай, і гэта зусім няблага, бо так павінна быць. Нічога не змяняецца без ахвяраў, без болю не бывае зменаў. Гэтая кніга — магчымасць для тых, хто праз гэта прайшоў, таксама гэта адрэфлексаваць».

    Выглядае, што ў апошнія гады Антону і самому ёсць што адрэфлексаваць. Ён расказвае, як у другой палове 2010‑х наведаў акупаваны Крым — маўляў, быў з сябрамі ў Сочы, і раптоўна вырашылі паехаць у Крым. «На жаль», як кажа цяпер Антон. 

    Ён успамінае, што акупаваны Крым хаця і выглядаў багацейшым за Крым украінскіх часоў, але пры гэтым быў менш вольным і радасным. І адзначае, што яго лёс відавочна кажа — ідэя «расійскага Крыма» яму не блізкая.

    Што да Беларусі, яна, разважае Антон, перастала быць для сваіх грамадзян бяспечным домам. Таму кожнаму, хто жыве ў краіне, трэба думаць пра тое, як сябе засцерагчы:

    «Многія беларусы жывуць ва ўнутранай эміграцыі, калі яны пастараліся адмежаваць сябе ад усіх падзей і жыць звычайным жыццём. І гэта правільнае рашэнне, бо гэта адзін са спосабаў захаваць сваё ментальнае здароўе.

    Але гэта абсалютна не панацэя. І калі ў дзяржавы ўзнікне мэта, ім можа прыйсці ў галаву ўсё што заўгодна. І калі яны вырашаць дайсці да кагосьці, яны дойдуць. Ніхто ў Беларусі цяпер не знаходзіцца ў бяспецы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці