Раптоўна памёр журналіст і рэдактар «Беларусы і рынак» Андрэй Александровіч
Галоўны рэдактар газеты «Белорусы и рынок», журналіст, які прыйшоў у медыя на пачатку стварэння новай незалежнай беларускай журналістыкі, заўчасна пайшоў з жыцця ў Варшаве. Андрэю Александровічу было 49 гадоў.
22 лютага Андрэя Александровіча забрала ў шпіталь хуткая праз запаленне падстраўнікавай залозы. У нядзелю, 25 лютага, стала вядома пра смерць журналіста ў рэанімацыі.
Андрэй Александровіч пачынаў свой прафесійны шлях у дзяржаўнай прэсе ў першай палове 90‑х, затым была плённая праца ў папулярнай «Белорусской деловой газете», незалежным інфармагенцтве БелаПАН, нямецкай радыёстанцыі Deutsche Welle.
З калегамі па «Белорусской деловой газете» ў другой палове нулявых стварыў «Ежедневник» — першую беларускую электронную газету, якая выходзіла ў PDF-фармаце і распаўсюджвалася шляхам рассылкі на электронныя скрыні падпісчыкаў. Выданне было зачынена беларускімі ўладамі ў 2021 годзе.
У другой палове 2010‑х быў галоўным рэдактарам сайта міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», а таксама стварыў медыяпраект Thinktanks.by.
У апошнія гады ўзначальваў аналітычны штотыднёвік «Белорусы и рынок». Адказваючы на пытанне, чаму рашыўся заняць гэтую пасаду ў выданні, якое перажывала не самыя простыя часы, Андрэй казаў: «Калі ёсць выбар ці магчымасць увязацца ў нейкую справу, у якой мне бачыцца нешта, магчыма, цікавае ў будучыні, то я выбіраю ўвязацца».
Газета, дарэчы, была ў ліку апошніх з незалежных друкаваных выданняў, якія можна было атрымліваць людзям у зняволенні. Шмат хто з былых палітвязняў распавядаў на волі, што менавіта «Белорусы и рынок» часам заставаліся адзінай крыніцай адрознай ад афіцыйнай інфармацыі.
Ціск на «Белорусы и рынок» пачаўся ў 2022‑м, калі быў затрыманы па абвінавачанні ў «распальванні варажнечы» дырэктар выдання Канстанцін Залатых. Тады ж сілавікі прыйшлі і да Александровіча, у яго кватэры зладзілі ператрус і забралі камп’ютар, пасля журналіста забралі на допыт у КДБ, ён быў прызнаны сведкам па гэтай крымінальнай справе.
Нягледзячы на пераслед і ціск з боку ўладнага рэжыму на рэдакцыю газеты Андрэй Александровіч імкнуўся захаваць яе імя, дзеля гэтага спрабаваў выкарыстоўваць іншыя медыяфарматы.
І гэта ж стала прычынай ад’езду з Беларусі напрыканцы 2023 года — Андрэй доўга пратрымаўся пасля закрыцця газеты. З’язджаць катэгарычна не хацеў.
«Уяві, у мяне старэнькія бацькі, і гэты год ці два, што я буду вымушаны быць за мяжой, нам ніхто не верне, а яны ўжо зусім немаладыя», — казаў ён у гутарцы з сябрам.
У выгнанні працягваў развіваць ідэі, якія з’явіліся і пачалі рэалізоўвацца яшчэ да закрыцця газеты. Прынамсі, шмат увагі надавалася відэапраектам.
У 90‑х Андрэй захапляўся Арктыкай і Запаляр’ем, хадзіў у паўночныя экспедыцыі. Апошнім часам пераарыентаваўся на беларускую прыроду, незадоўга да вымушанай эміграцыі набыў сабе лецішча на рацэ Уша і збіраўся навучыцца сапраўднай рыбалцы. Захапляўся аматарскім жывапісам, кнігамі. Быў эмпатычным калегам і добрым сябрам.
У Андрэя застаўся ў Беларусі маленькі сын.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Андрэя.
Пра дату і месца развітання паведамім пазней.