Расійскія незалежныя медыі масава выдаляюць матэрыялы фрылансеркі з Татарстана. Падазраюць, што яна выдумляла гісторыі і героеў
Журналістка пад псеўданімам Асія Нясоевая тры гады пісала для незалежных расійскіх медыяў. Яна апублікавала больш за 30 артыкулаў у такіх выданнях, як «Медуза», «Холод», «Новая газета», «Важные истории», «Idel.Реалии» (праект «Радио Свобода») і іншых. Зараз журналістку абвінавачваюць у фальсіфікацыях, а вядомыя СМІ масава выдаляюць яе матэрыялы.

Фота: J. Kelly Brito / pexels.com
Пра непрыемную гісторыю ў расійскіх СМІ публічна стала вядома 21 студзеня 2025 года падчас стрыма журналіста Алега Кашына. Ён заявіў, што буйныя выданні выдаляюць артыкулы фрылансеркі з Татарстана Асіі Нясоевай, але пры гэтым «храняць кансалідаванае маўчанне».
Вядома, што за тры гады Асія Нясоевая апублікавала ў розных расійскіх СМІ 33 вялікія матэрыялы. Тры разы яе працы намінавалі на вядомую прэмію «Редколлегия». У сваіх артыкулах 21-гадовая фрылансерка часта пісала пра вайну ва Украіне, а таксама ўзнімала іншыя негатыўныя для расійскай улады тэмы.
Так, адну з самых гучных гісторый — падборку апошніх паведамленняў салдат перад гібеллю — апублікаваў «Холод». Вялікі матэрыял пра тое, як расіянка шукае без вестак зніклага мабілізаванага мужа, выпусціла выданне «Дискурс». У «Новой газете Европа» выйшаў рэпартаж пра будні туберкулёзнага дыспансера, дзе Нясоевая нібыта працавала тыдзень як санітарка.
22 студзеня рэдакцыя «Холода» выдала артыкул, у якім падрабязна распавяла, чаму выдаліла матэрыял Нясоевай пра апошнія паведамленні загінулых расійскіх вайскоўцаў. Паводле «Холода», рэдакцыя выявіла фальсіфікацыі фактаў і дакументаў, пасля чаго звярнулася да іншых СМІ, якія працавалі з журналісткай.
Супрацоўнікі розных медыяў пачалі абмяркоўваць паміж сабой сітуацыю. Аказалася, што пытанні з фактчэкінгам да журналісткі ўзнікалі і раней, але рэдактары давяралі Нясоевай, бо ў яе былі добрыя рэкамендацыі і вялікі спіс публікацый у вядомых СМІ.
Зараз артыкулы Нясоевай у незалежных расійскіх медыях часткова выдаленыя. Рэдакцыі тлумачаць, што ўзніклі сумневы ў дакладнасці матэрыялаў і выбачаюцца перад чытачамі.

Зварот да чытачоў на сайце «Медузы». Скрыншот: БАЖ
Аднак не ўсе артыкулы Нясоевай з’яўляюцца фэйкавымі. Напрыклад, «Важные истории» падкрэсліваюць, што ўпэўненыя ў публікацыі пра расстрэл салдата тэрміновай службы ў Курскай вобласці – дадаткова гэтую гісторыю пацвярджалі Astra і «Медиазона».
«Медиазона» піша, што таксама атрымлівала ад Асіі Нясоевай прапанову для публікацый і некаторыя факты з яе матэрыялу пасля знайшлі пацверджанне. Але рэдакцыя адмовіла аўтарке, бо ўзніклі пытанні да метадаў збору інфармацыі. «Хутчэй за ўсё, частка сабранай фактуры была невыдуманай», — адзначае «Медиазона».
Сама Нясоевая ў каментары «Холоду» заявіла, што фальсіфікавала толькі тую частку інфармацыі, якая тычылася персанальных дадзеных яе герояў і крыніц.
«Если бы я реально везде бы * [обманывала], то я бы вообще бы нехеровый процент брала бы с ФСБ. За то, что я разрушаю систему либеральных СМИ изнутри. У меня была бы полка с нишевой парфюмерией», — сказала яна.
Адначасова выданне RTVi, якому журналістка дала каментар пад уласным імём, сцвярджае, што яна пацвердзіла публікацыю выдуманых гісторый і патлумачыла гэта тролінгам.
