• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што гэта было? Разбор інтэрв’ю Бабарыкі Золкіну ад медыяэксперта

    16 снежня ў сеціве з’явілася інтэрв’ю Віктара Бабарыкі з вядомым украінскім блогерам Уладзімірам Золкіным. Хтосьці застаўся незадаволены адказамі Бабарыкі, а хтосьці перакананы, што Золкін не павінен быў задаваць такія пытанні чалавеку, які толькі-толькі выйшаў з‑за кратаў.

    Прааналізаваць гэтую гутарку Еўрарадыё папрасіла старэйшага аналітыка Media IQ і медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага.

    Разбор інтэрв’ю Бабарыкі Золкіну

    Віктар Бабарыка і Уладзімір Золкін / @VolodymyrZolkin

    Гутарка мела прыкметы вельмі жорсткага інтэрв’ю

    Уладзімір Золкін — украінскі блогер, які здымае інтэрв’ю з расійскімі ваеннапалоннымі. На думку нашага эксперта, ён не працуе паводле журналісцкіх стандартаў, але, безумоўна, з’ўляецца часткай інфармацыйнай вайны, якую Украіна вядзе с Расіяй.

    — Ён мог скарыстацца службовым становішчам, каб папрасіць магчымасці для такога інтэрв’ю [з Бабарыкам. — Еўрарадыё]. Але я не магу сказаць, што гэта абсалютна надзвычайная сітуацыя. Ці меў ён магчымасць ціснуць на Бабарыку? Я не ведаю. Ці мог Бабарыка адмовіцца? Я не ведаю. Ці было зразумела Бабарыку, што ён размаўляе з чалавекам, які можа задаваць вельмі жорсткія пытанні? Мяркую, што пасля прэс-канферэнцыі гэта было зразумела, бо Золкін задаваў пытанні і там.

    На думку Быкоўскага, гэтая гутарка дакладна мела прыкметы вельмі жорсткага інтэрв’ю, скіраванага на атрыманне адназначных адказаў.

     — Тое, што Бабарыка казаў, што не знаходзіцца ў кантэксце, што не ведае і г. д., не спыняла Золкіна — гэта вельмі падобна на спробу праверыць “свой ці чужы”. Можна сказаць, гэта быў эмацыйны ціск, прынамсі падчас прэс-канферэнцыі, калі Золкін задаваў пытанні, спачатку апісаўшы ваенныя злачынствы расійскіх акупантаў, а Бабарыка, відавочна, не быў гатовы ацэньваць гэты кейс, бо шмат часу знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада.

    Бабарыка шмат разоў кажа, што не ведае сітуацыі. Тым не менш, Золкін крытыкуе суразмоўцу за адсутнасць выразнай пазіцыі.

    Эксперт разважае, што Золкін дае вельмі шмат ацэнак, і такі падыход, хутчэй, можа разглядацца, як аўтарскі.

    — Калі браць журналісцкія стандарты, то я б сказаў, што яны тут парушаюцца, бо нельга патрабаваць адказаў на пытанні, на якія суразмоўца ўжо адказаў, што не мае інфармацыі.

    Ці нармальна было праводзіць прэс-канферэнцыю на наступны дзень?

    Быкоўскі мяркуе, што размова з Золкіным, хутчэй за ўсё, адбылася 14 снежня — пасля прэс-канферэнцыі. А 15 снежня ў Бабарыкі і іншых палітвязняў была размова з Зяленскім, дзе пазіцыя былога банкіра адносна расійскай агрэсіі і тое, што Украіна з’яўляецца ахвярай, ужо была больш выразнай.

    — Гэтыя рэчы можна разглядаць комплексна. Нават у традыцыйнай практыцы з ваеннапалоннымі ўкраінцамі ёсць адтэрміноўка інтэрв’ю. І прэс-канферэнцыя ідзе на агульныя тэмы: пра самаадчуванне і стан здароўя — вялікія гутаркі там не вядуцца. Тут было парушэнне такога пратакола. І ён можа быць цалкам абгрунтаваны, але мы не пачулі аргумента, чаму гэта было так зроблена. Мы бачым выключэнне з правілаў — не робяцца прэс-канферэнцыі на наступны дзень пасля вызвалення.

    Вызваленыя палітвязні не былі гатовыя да прэс-канферэнцыі, кажа Быкоўскі.

    — І патрабаванне адназначнасці ў гэтай сітуацыі — не зусім нармальная журналісцкая практыка, з аднаго боку. Але з іншага — у журналістыцы таксама ёсць розныя падыходы, напрыклад, хардтокі на BBC, але там не робяць інтэрв’ю з тымі, хто не адчувае сябе вольным альбо трапіў на інтэрв’ю адразу з‑за закратаў.

    Ці адаб’ецца гэта на іміджы Бабарыкі?

    Эксперт кажа, што словы Бабарыкі ўжо стварылі інфармацыйны інцыдэнт. Але сітуацыю патрэбна разглядаць з двух бакоў.

    — Па-першае, калі Золкін кажа, што пазіцыя “не ўсё так адназначна” робіць чалавека “тухлым мясам”, то аднадумцы ў яго знойдуцца. І мы бачым па абмеркаванні ў беларускім Фэйсбуку, што такія выказванні ёсць. Па-другое, палітычныя погляды Бабарыкі ў 2020 годзе — гэта добрае стаўленне да Расії, рынкавай эканомікі і справядлівай судовай сістэмы. Ён разглядаў Беларусь, хутчэй, як край, дзе жыве, а не лічыў сябе яскравым этнічным беларускім палітыкам. А яго прыхільнікамі былі людзі, якія вучыліся ў савецкай школе, расійска-арыентаваныя, якія жывуць у рускім інфармацыйным полі. 

    І таму для іх выказванні Бабарыкі будуць цэльнымі і несупярэчлівымі.

    Але цяпер, кажа эксперт, агульнае меркаванне будзе складацца паступова: адно выказванне тут, іншае — там.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці