З’явіліся рэкамендацыі па камунікацыі з палітвязнямі. Што пра іх думаюць журналісты і былыя зняволеныя?
Фонд «21 мая», Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва і Аб’яднанне сваякоў і колішніх палітвязняў распрацавалі спіс рэкамендацый для камунікацыі журналістаў з палітзняволенымі — «Тры “так” і тры “не”. Этыка ўзаемадзеяння і мовы пра палітвязняў». БАЖ вывучыў дакумент і запытаўся меркавання пра яго ў рэдактараў і журналістаў, у тым ліку тых, якія маюць досвед зняволення.

Фота: DS stories для pexels.com
«Права на адмову» і «перыяд цішыні»
Рэкамендацыі закліканыя дапамагчы асвятляць тэму палітзняволеных беражліва і складаліся экспертамі і былымі вязнямі з улікам міжнародных журналісцкіх і праваабарончых стандартаў, запэўніваюць аўтары дакумента.
Тры «так» — гэта бяспека, кантроль, інфармаваная згода. Гэтыя прынцыпы мусяць служыць абароне годнасці, аўтаноміі і бяспекі чалавека, які перажыў зняволенне. Тры «не», вызначаныя з мэтай пазбягання шкоды — інструменталізацыя, рэтраўматызацыя, абясцэньванне і віктымізацыя.
Бяспека чалавека і ягоных блізкіх павінныя стаяць над журналісцкім і палітычным інтарэсам, гаворыцца ў рэкамендацыях. Трэба заўсёды сыходзіць з таго, што ўдзел чалавека ў публічнай прасторы можа стварыць новыя рызыкі для яго і ягонай сям’і, асабліва калі тая застаецца ў Беларусі. Калі такія рызыкі істотныя, але чалавек хоча даць інтэрв’ю, трэба прапанаваць яму меры бяспекі: ананімнасць, псеўданім, змяненне дэталяў. Не трэба распытваць пра чуткі пра іншых вязняў, каналы падтрымкі, сумы дапамогі — усё тое, што можа нашкодзіць тым, хто яшчэ застаецца ў зняволенні.
Былому палітзняволенаму варта прадставіць максімальны кантроль над сваёй гісторыяй і спосабам яе падавання. Рэкамендуецца даць чалавеку «перыяд цішыні» — мінімум 72 гадзіны для адпачынку, адаптацыі і ўз’яднання з сям’ёй.
«Словы, сказаныя адразу пасля выхаду — гэта не заўсёды пазіцыя», — падкрэсліваюць аўтары рэкамендацый.
Палітвязень павінен мець права на адмову. Ён мусіць ведаць, што можа адмовіцца адказаць на любое пытанне, спыніць інтэрв’ю ці папрасіць выдаліць апублікаваны матэрыял, асабліва, калі гэта былі словы, сказаныя ў першыя гадзіны на свабодзе.
«Не забывайцеся, вызваленыя палітвязні — гэта людзі, якія шмат гадоў не мелі магчымасці сказаць “не”. Улічвайце гэта, калі з заключэння яны адразу трапляюць на свабоду: перад тварам журналістаў, настойлівых палітыкаў і блогераў яны таксама могуць не мець маральных сілаў сказаць “не”», — зазначаецца ў рэкамендацыях.
Інфармаваная згода: ці ўсе здольныя яе даць?
Арганізацыі, якія склалі дакумент, заклікаюць успрымаць былога палітвязня як партнёра, а не як аб’ект гісторыі, дазволіць яму пераглядзець цытаты ці вырашыць, якія фотаздымкі ці відэаматэрыялы будуць выкарыстаныя.
Палітвязень павінен даць дабравольную, усвядомленую і заснаваную на поўным веданні наступстваў згоду. Журналіст мусіць назвацца, назваць СМІ і паведаміць, ці маё яно «экстрэмісцкі» статус.

Фота: Miguel Á. Padriñán для pexels.com
«Улічвайце, што чалавек, які перажыў ізаляцыю і траўму, можа часова не мець поўнай здольнасці даць інфармаваную згоду, асабліва ў першыя гадзіны. Дайце яму час і магчымасць абмеркаваць гэта з даверанымі асобамі ці праваабаронцамі», — раяць аўтары.
У рэкамендацыях заклікаецца пазбягаць лексікі, якая паказвае чалавека як аб’ект: «тавар», «прадмет гандлю», «прадмет здзелкі» і да т. п.
Не трэба ўцягваць людзей з першых дзён на волі ў палітычныя сустрэчы ці прасоўванне цяжкіх павестак (санкцыі, стратэгіі).
Важна пазбягаць рызык рэтраўматызацыі палітвязняў. Не трэба акцэнтаваць увагу на фізічных ці псіхалагічных дэталях зняволення, рабіць шакуючыя загалоўкі («У турме гвалтуюць! Мяне кінулі ў петушатню»).
«Пазбягайце пытанняў пра прашэнні аб памілаванні ці параўнання з іншымі, «больш смелымі і годнымі палітвязнямі — усё гэта можа выклікаць дадатковыя сорам і пачуццё віны», — гаворыцца ў дакуменце.
«Факусуйцеся на сістэмным характары рэпрэсій»
Асобна аўтары рэкамендацый падкрэсліваюць: факусуйцеся на сістэмным характары рэпрэсій і парушэння правоў, а не на дэталізацыі катаванняў. Задавайце пытанні пра сістэму, пастарайцеся будаваць гутарку так, каб чалавеку не даводзілася рэгулярна цягам некалькіх дзён у фарбах пераказваць дэталі яго прыніжэння, фізічнага гвалту і болю, які яму прычынілі.
Таксама важна пазбягаць ацэнак кшталту «яго зламалі», «турма робіць людзей горш», «ахвяра».
На думку складальнікаў рэкамендацый, не трэба «канцэнтравацца толькі на негатыўным фрэймінгу факту вызваленняў», рабіць акцэнт на «прымусовай гвалтоўнай дэпартацыі», пісаць — «які сэнс, калі месца зоймуць іншыя».
«Адсутнасць балансу ў ацэнках негатыўна ўплывае на рэакцыі і ўцягнутасць міжнародных партнёраў у вызваленне палітвязняў, а таксама выклікае пачуцце віны ў палітвязняў, ствараючы хлуслівае адчуванне, нібыта іншых пасадзілі, таму што яны вызвалілі месца», — гаворыцца ў дакуменце.
Поўны тэкст рэкамендацый — тут
«У нас хочуць адабраць штосьці журналісцкае»
Сваім меркаваннем пра спіс парад для камунікацыі паміж журналістамі і палітвязнямі падзялілася з БАЖ рэдактарка «Медыязоны», якая пажадала застацца ананімнай.
«Мне падалося, што ў некаторых рэкамендацыях у нас хочуць адабраць штосьці журналісцкае», — агучыла яна сваё агульнае ўражанне.
Рэдактарка зазначае, што кожная рэдакцыя мае права самастойна вызначаць, калі паказваць матэрыял герою, а калі — не. У некаторых рэдакцыях увогуле забаронена, напрыклад, паказваць цытаты палітыкам.

Фота: Leeloo The First для pexels.com
«Зразумела, што ніхто не хоча зрабіць кепска палітвязням, таму мы ў “Медыязоне” амаль заўсёды паказваем героям іхныя цытаты. Але я не лічу, што гэта павінна быць правілам для ўсіх. Мяркую, журналісту проста варта пісаць артыкул так, каб не змяняць словы героя, і тады ўсё будзе добра».
Другі пункт, які закрануў рэдактарку, — гэта тое, як падаецца парада камунікаваць так, каб пазбягаць рэтраўматызацыі ды не засяроджвацца на дэталях:
«Па-першае, людзі самі часта распавядаюць. Па-другое, мы павінны пісаць артыкулы так, каб яны былі цікавыя. Яны раяць — факусуйцеся на сістэмным характары рэпрэсій і парушэнні правоў, а не на дэталізацыі катаванняў.
Але гэтым павінны займацца праваабаронцы — сістэмным характарам рэпрэсій. А журналісты павінны распавядаць гісторыі. А гісторыі складаюцца з дэталяў, а не з фокусу на сістэмным характары рэпрэсій.
Зразумела, што трэба ведаць межы. Калі распытваеш чалавека, да яго трэба ставіцца мякка, добра фармуляваць пытанні, каб сапраўды не было рэтраўматызацыі. Але калі мы будзем факусавацца на сістэмным характары рэпрэсій, нашыя тэксты проста ніхто не будзе чытаць».
Ці выдаляць матэрыялы?
Пры гэтым прадстаўніца «Медыязоны» падкрэслівае, што калі палітвязень толькі выйшаў і кажа штосьці сенсацыйнае, то журналісты выдання спачатку «сто разоў падумаюць, даваць гэта ці не», бо яны разумеюць, што чалавек знаходзіцца ва ўзрушаным стане і сам можа не разумець, што з ім адбываецца.
«І калі б мы такое напісалі, і нас папрасілі б выдаліць, напэўна, мы б выдалілі, — кажа рэдактарка. — А вось калі просяць выдаліць пазней, усё будзе залежыць ад абставін. Калі там моцная аргументацыя — напрыклад, да бацькоў, сваякоў прыйшлі праз артыкул, мы выдалім. Калі чалавек не можа аргументаваць — не. У нас была сітуацыя, калі палітвязень, які даў нам інтэрв’ю неананімна, вярнуўся ў Беларусь. Натуральна, мы не маглі пакінуць артыкул на сайце», — распавядае суразмоўца БАЖ.
Агулам жа рэдактарка супраць выдалення матэрыялу «проста таму, што захацелася»:
«Бо мы журналісты, а не абслуга. Мне не зразумелыя сітуацыі, калі чалавек, напрыклад, год на волі, арыентуецца ў тым, што адбываецца, а потым рэзка кажа — выдаліце. Але ж гэты артыкул — нашая праца. Так, журналісцкая этыка так хутка змяняецца, што журналісты, баючыся нашкодзіць, выдаляюць. Але трэба вяртацца да таго, што гэта нашая праца».
Думаць пра бяспеку сваякоў
Былая палітзняволеная рэдактарка «Белсата» Ірына Слаўнікава пераважна згодная з прапанаванымі рэкамендацыямі, і нават дадала б да іх свае парады.
Першая з іх — просьба да журналістаў звяртаць увагу на атачэнне палітвязня на здымках, і калі там ёсць яшчэ нейкія людзі, то блюрыць іхныя твары, каб не стварыць дадатковую небяспеку.

Ірына Слаўнікава пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»
«Я сутыкалася з такімі выпадкамі, калі людзі звярталіся да медыяў і прасілі выдаліць фотаздымкі, бо яны стваралі небяспеку іншым асобам», — зазначае былая палітзняволеная.
Другая просьба Ірыны — каб журналісты, якія размаўляюць з вызваленымі вязнямі, карэктна ставілі пытанні пра сваякоў, што засталіся ў Беларусі.
«Каб не пыталіся, ці быў ціск на сваякоў, ці да іх прыходзілі. Можна проста карэктна пацікавіцца, як сябе адчуваюць сваякі, ці ў іх усё добра. Бо калі ўдакладняць, ці прыходзілі сілавікі, то гэта таксама можа стварыць вельмі небяспечную сітуацыю», — кажа рэдактарка.
Пачуццё такту і рэдакцыйная палітыка
Былы палітзняволены журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней мяркуе, што ў журналіста пры працы з такімі няпростымі героямі, як людзі, якія прайшлі турму, павінна быць пачуццё такту. Акрамя таго, правілы і этычныя прынцыпы камунікацыі павінны быць прапісаныя ў рэдакцыйнай палітыцы.
Журналіст раіць быць вельмі асцярожнымі з тым, што былыя палітвязні гавораць адразу пасля вызвалення:
«Чалавек можа быць не вельмі ў тэме. Мы ўсе ўжо пераканаліся, што не ўсе палітвязні, нават цяжкавагавай катэгорыі могуць хутка адаптавацца і зарыентавацца ў тым, што адбываецца. Некалькі гадоў па-за інфармацыйнай павесткай істотныя, асабліва калі шмат часу праводзіш у рэжыме інкамунікада, не маеш мінімальнай інфармацыі звонку. Парушаецца аб’ектыўная, цэласная карціна таго, што адбываецца па той бок калючага дроту. Так, у калоніі можна глядзець дзяржаўнае тэлебачанне, чытаць друкаваныя прапагандысцкія выданні. Але там жа аднабокая інфармацыя».
Ігар распавёў, што калі вызвалялі групу палітвязняў, у якой быў і ён у чэрвені 2025 года, спецпрадстаўнік Доналда Трампа Джон Коўл прама прасіў захоўваць мараторый на каментары, паводзіць сябе стрымана, не ўпадаць у эмоцыі.
«Але так сталася, што Сяргей Ціханоўскі адразу пачаў рабіць гучныя заявы, літаральна на другі дзень. І тады ўжо не было асаблівай патрэбы стрымлівацца», — прыгадвае былы палітвязень.

Былы палітзняволены Ігар Карней. 2025 год. Фота: Генадзь Верацінскі
«Праца журналіста — данесці інфармацыю»
Журналістам, а асабліва тым, якія самі не праходзілі праз турму, варта мець на ўвазе і разумець, што кожны палітвязень своеасаблівы, і таму да яго трэба падыходзіць акуратна, мяркуе Ігар Карней:
«Можна запытацца пра здароўе, псіхалагічны стан, самаадчуванне. Але патрабаванні заглыбіцца ў нейкія палітычныя працэсы, рэаліі, ад якіх ён быў адарваны, могуць нашкодзіць і выданню, і ўчорашняму арыштанту, які, мо, не разабраўшыся, пачынае агучваць глабальныя меркаванні. Ад такіх людзей цяжка чакаць аб’ектыўнасці. Я і пра сябе кажу — у мяне тэрмін быў не самы вялікі, але я шмат часу правёў у ШІЗА, ПКТ, куды ўвогуле нічога не даходзіць».
Ігар Карней таксама звяртае ўвагу на неабходнасць памятаць, што шмат у каго ў Беларусі застаюцца сваякі, і праз гэта некаторыя палітвязні хацелі б захаваць рэжым цішыні, а некаму з іх трэба сказаць пра магчымыя рызыкі пераследу сям’і.
Хоць адначасова Ігар разумее, што ў моманце можа быць цяжка ацэньваць усе фактары, бо там яшчэ грае ролю і разуменне, што вось чалавек выйшаў з аўтобуса, стаіць перад табой, і такога шанца ў цябе можа і не быць больш, таму хочацца задаць яму як мага больш пытанняў.
«Таму гэтая тэма тонкая, далікатная, на сумленні кожнага журналіста і кожнай рэдакцыі. Але пры гэтым нейкіх свядомых забарон быць не павінна. Як і шкадавання былых вязняў. Бо яны — таксама звычайныя людзі. Як і ўсе. І кожны мог бы быць на іх месцы. А праца журналіста — данесці інфармацыю. Хоць было б добра, калі б гэта рабілася не нахабна, не цынічна і дзеля лайкаў, а ўзважана і з павагай да герояў», — рэзюмуе былы палітзняволены журналіст.
@bajmedia