• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэжысёр Андрэй Саўчанка: Я жыву ў прыняцці і пераасэнсаванні страты

    15 жніўня беларускі «Тутэйшы тэатр» у чарговы раз паказаў у Варшаве імправізацыйны спектакль «Гаральд». Гэтым разам – на сцэне культурніцкай прасторы «MIT». Спектакль выклікаў у каго захапленне, у каго – недавер. «Белсат» паразмаўляў з рэжысёрам «Тутэйшага», акторам і «сталкерам» Андрэем Саўчанкам – пра імправізацыю як каштоўнасць і пра монаспектакль паводле Чэхава «Сад», які ён пакажа ў Варшаве 24 жніўня.

    Андрэй Саўчанка Тутэйшы тэатр

    Рэжысёр і актор Андрэй Саўчанка выступае перад спектаклем «Гаральд» . Варшава, Польшча. 15 жніўня 2024 года. Фота: «Белсат»

    «Гаральд» трывае і трымае ў напружанні амаль дзве гадзіны. Па заканчэнні акторы і гледачы разам выходзяць на Сталёвую ў варшаўскай Празе, каб дзяліцца эмоцыямі. Позна. Але Варшава працягвае спектакль жыцця: пнуцца таксоўкі, мігціць рэклама, людзі п’юць віно на тэрасах. Андрэй Саўчанка стаіць у баку. Крыху стомлены і нібыта адсутны.

    «Гэта сапраўды была імправізацыя?..» – пытаемся ў рэжысёра. «Не верыцца, праўда?..» – адказвае на пытанне пытаннем.

    Пасля перапынку, падчас абмеркавання спектаклю, сумненні выказвае яшчэ адзін глядач: «У некаторых месцах было так добра сшыта, што я падумаў – гэта не магло быць спантанна…» Аказалася, падобныя сумневы мелі тыя, хто глядзеў «Гаральда» ўпершыню. Заўсёднікі ж пазіралі на неафітаў з усмешкай. А артысты таямніча маўчалі.

    Спраўдзіць чысціню імправізацыі «Гаральда» можна было хіба жыўцом – узняцца з крэсла і далучыцца да сцэнічнай дзеі ў трэцяй частцы (глядацкай). На жаль, ніхто не асмеліўся. Хоць «Гаральд» дазваляе і нават падахвочвае да непасрэднага ўдзелу. Мяжа паміж сцэнай і глядзельняй размываецца. І гэта заварожвае. Аж адчуваеш на вуснах смак грэйпфрута, які разрываюць зубамі актор і акторка, каб знайсці ў мясістай мякаці штосьці, што можна было б назваць каханнем…

    Андрэй Саўчанка адкладае ў бок два памаранчавыя алоўкі, якія падчас спектаклю не выпускае з рук, і сядае насупраць. Гутарым проста на імправізаванай сцэне, разагрэтай і абпырсканай сокам ад цытрусавых «Гаральдам»…

    «Чым запаўняць тое, што з мяне вырвана?»

    «Белсат»: – Добра, карыстаюся вашым жа прыёмам. Калі зараз пагрузіцеся ў сярэдзіну сябе, то якое слова адтуль вымеце?

    Андрэй Саўчанка: – «Страта». Маё слова – «страта». Я жыву зараз у страце. У прыняцці страты, у пераасэнсаванні страты, ў спробе зразумення, што з гэтым рабіць, дзе знайсці рэсурсы, чым запаўняць тое, што з мяне вырвана і што пакуль не загойваецца.

    Рэжысёр і актор Андрэй Саўчанка

    Рэжысёр і актор Андрэй Саўчанка. Жнівень 2024 года. Фота: «Белсат»

    – Самая балючая страта – якая?

    –  Радзіма. Я страчваю магчымасць бачыцца з блізкімі. На жаль, анлайн-камунікацыя не ратуе, гэта як плацэба нейкая. Я страчваю магчымасць быць на сваім хутары, дыхаць тым паветрам, хадзіць дарогамі, якімі хадзіў. Я сябе ўгаворваю, што, маўляў, усё нармальна, ты амаль што – «перакаці поле». Але калі глыбока зазірнуць у сябе, то я, хутчэй, чалавек, які страціў і яшчэ не прыняў гэтай страты. Спрабую з гэтым жыць, і ў мяне дрэнна атрымліваецца. Працаваць з гэтым прасцей, чым жыць. Таму адзін з маіх спосабаў – перавесці гэта ўсё ў працоўнае рэчышча, паглядзець на гэта творча. Прапусціць працэс пераасэнсавання і прыняцця праз творчы акт.

    – Андрэй, а чаму імправізацыя? Чаму імправізацыйны, а не класічны тэатр? 

    – У нас ёсць розныя формы. А імправізацыя як форма ўзнікла ў нас яшчэ у Менску, у студыйным тэатры. Я адчуў, што яна запатрабаваная – як спосаб усведамляць, што адбывацца са мной тут і зараз, апрацоўваць гэта творча і за конт гэтага ствараць мастацкі твор. Мне падаецца, што імправізацыя – вельмі істотны навык універсальнага актора. А цяпер час універсальных актораў. Зараз амаль немагчыма быць у амплуа, калі, канешне, не займаешся рамяством. 

    Да таго ж я адчуў водгук людзей, якія мяне атачалі, іх зацікаўленасць. І вельмі хутка адчуў водгук аўдыторыі. Яна цяпер можа глядзець твор, які не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі ці начытанасці, бо проста на вачах ў цябе ўзнікае тое, што адбываецца сёння і тут з жывымі людзьмі. Тое, што дае месца рэфлексіі, фантазіі, абстрагаванню ад усяго. Альбо – момант канфліктаў, якія праходзяць праз жывых людзей. Мы запрашаем ў гэты момант і праходзім яго такім асаблівым і асабістым чынам. Для мяне гэта каштоўнасць у акторскай дзейнасці. 

    «Разбурыць і ісці далей»

    – 24 жніўня ў гэтай жа прасторы «MIT» вы пакажаце «Сад» паводле чэхаўскага «Вішнёвага саду». Чэхаў зараз актуальны для нас?

    – Для мяне ў цяперашняй сітуацыі гэта вельмі складаны матэрыял. Па-першае, таму, што я ў ім даўно варуся. Ён праходзіць праз розныя этапы майго жыцця. І кожны раз ён для мяне разварочваецца іншым чынам. 

    Андрэй Саўчанка спектакль Гаральд

    Рэжысёр і актор Андрэй Саўчанка. Жнівень 2024 года. Фота: «Белсат»

    Для мяне гэта выклік, таму што гэта расейскі аўтар і гэта тэкст па-расейску (мова монаспектаклю беларуская – заўв. «Белсат»). І сёння я адчуваю, скажам так, усю небяспечнасць карыстання гэтым тэкстам для выказвання нейкіх сваіх сакральных сэнсаў. Інтымнасть, якая ў мяне ўзнікала з гэтым тэкстам раней, разбураная. Я аднойчы паспрабаваў ставіць яго ў Варшаве і ўжо падчас рэпетыцыі сутыкнуўся з тым, што не магу рабіць яго так, як рабіў дагэтуль. Як рабіць гэта па-новаму – я не ведаю. І пакуль шукаю. Але ўнутры сябе адчуваю, што гэта немагчыма кінуць і забыць, адкласці на гарышча ці ў скляпенне. 

    І, мабыць, самае істотнае, што прапанова паказаць «Сад» прагучала ад іншых людзей. Без гэтага я наўрад ці шукаў бы далей. А цяпер для мяне гэта выклік. Я адчуваю, што камусьці мой спектакль яшчэ патрэбны. І гэта вельмі адгукаецца ўва мне, бо ў гэтым праекце я ўвесь час адчуваю недарэалізаванасць, недавыказанасць. Гэта сталася своеасаблівай барацьбой з аўтарам, якога я вельмі паважаю, які для мяне і настаўнік, і правакатар, і апанент. 

    Ну і яшчэ ён закранае тое, з чага мы пачалі ўвогуле нашую гутарку, – тэму страты. І цікава, што роля, якую я абраў, – гэта роля захопніка, які набыў сад у іншых людзей, забраў, можна сказаць, чужое, лічачы, што гэта частка ягонага. І тым самым – разбурыў штосьці, але іншага выйсця не бачыць: разбурыць – і жыць далей, ісці далей. І для мяне менавіта гэты момант страты, разбурэння, высілкаў, дзеля таго, каб перажыць гэта, праскочыць і пайсці далей, – гэта кропка, якую я сам мушу пастаянна праходзіць. Вось чаму я адважваюся на гэты матэрыял.

    «Тутэйшы тэатр» – гэта месца, дзе я ёсць»

    – «Тутэйшы тэатр» у Менску і тут – вялікая розніца?

    – Мяркую, што так. Назва «Тутэйшы тэатр» нарадзілася ў Менску. Канцэпцыя такая: я нарадзіўся тут і памру тут, але маю час, моц і жаданне асэнсоўваць і рабіць штосьці з тым, што вакол мяне – з гэтым «тут». Таму – «тутэйшы». А ў Варшаве я не магу сабе сказаць такіх рэчаў. Гэта этап пераасэнсавання, і ён не завершаны. Але зараз для мяне «Тутэйшы тэатр» – гэта месца, дзе я ёсць. І гэтае месца – людзі, абставіны, умовы, у якіх я аказваюся. І яны становяцца маім тут. 

    кампазітар Сяргей Пукст

    Сяргей Пукст грае музыку падчас спектаклю «Гаральд» у прасторы «MIT». Гаральд — гэта форма, структура для акторскiх iмправiзацый, з дапамогай якой на вачах гледача нараджаецца кампазiцыя iмправiзаванага спектаклю. Жнівень 2024 года. Фота: «Белсат»

    Але ж самое слова «тутэйшы» мае і абразлівыя сэнсы. Таму назва гэтая для мяне і сакральная, і адначасова самакрытычная. Паміж гэтымі сэнсамі я і знаходжу зараз сябе.

    – «Гаральд», «Сад» – што яшчэ паспеў зрабіць тут «Тутэйшы тэатр»?

    – Мы, сумесна з фундацыяй «Tuta­ka», стварылі ў Беластоку спектакль «Святло ў цемры» паводле нерастралянай паэзіі. Гэта вялікі праект, і спадзяюся, што мы яго пакажам сёлета на фестывалі «Inex Fest», куды атрымалі запрашэнне. 

    У нас ёсць паказаны «Сад». І ёсць праект «Лэдзі & МакБэт», гэта адначасова тэатр і тэрапія (рэалізаваны супольна з псіхолагам Вікай Пякарскай – заўв. «Белсат»). А таксама цікавы праект «Інтэрв’ю. Шчырасць», які пачынаўся яшчэ ў Менску, а тут, напрыканцы сезону, мы зладзілі два праекты – з Юрыем Дзіваковым і Ігарам Станкевічам. Вельмі для мяне дарагія праекты. І я спадзяюся, што буду іх працягваць. Знайду моц, каб весці іх далей.

    «Мая палітыка – гэта мая справа»

    – У адным з відэазапрашэнняў на курс акторскага майстэрства вы кажаце, што актор мяняе сусвет. Верыце ў гэта?

    – Я ідэаліст у гэтым сэнсе. Хутчэй за ўсё, гэта не так… Але я не страціў веры ў тое, што чалавек, які прымае рашэнне на вачах ў іншых людзей здзейсніць акт стварэння, акт разбурэння, акт ініцыяцыі, акт пражывання чужога жыцця – і свайго адначасова – уплывае на сусвет. Уплывае на гледачоў, якія нясуць гэта с сабой далей ў іх жыцці ці ў іх творчасць. Гэта, можа, гучыць як запісванне сябе ў паўбогі. Але мне падаецца, што наша прафесія прэтэнцыёзная ў гэтым сэнсе, што без гэтых амбіцыяў табе будзе складана там выжываць.

    – Калі не верыш у гэта – не мае сэнсу выходзіць на сцэну?

    – Калі не верыш – можаш працаваць як рамеснік і выконваць тое, што ад цябе патрабуюць іншыя людзі. Толькі мне гэта не вельмі цікава.

    Андрэй Саўчанка ў эміграцыі

    Рэжысёр і актор Андрэй Саўчанка. Жнівень 2024 года. Фота: «Белсат»

    – Наконт змяніць свет вакол сябе. Некаторыя акторы пайшлі ў палітыку і сталі, напрыклад, сябрамі Каардынацыйнай Рады. Не было думкі пайсці такім шляхам?

    – Я мяркую, што, каб зрабіць штосьці ў палітыцы, мне трэба нарадзіцца яшчэ раз і троху іншым чалавекам. Я лічу, што мая палітыка – гэта мая справа. Гэта тое, што я раблю. Тэатр – гэта і ёсць мая палітыка. Праз гэта я выказваю свае пазіцыі, праз гэта я адстойваю свае ідэалы. Адказваю на тое, што палітыка робіць са мной, а я спрабую рабіць з палітыкай. Што тычыцца грамадзянскіх пазіцый, яны ў мяне, падаецца, ёсць. А што да нейкага палітычнага руху, то я туды іду праз творчасць.

    «Разыгралі болевыя кропкі»

    – На сваёй ранейшай старонцы ў «Інстаграме» вы прэзентавалі сябе, апрача іншага, і як сталкер. Куды ведзяце і што даследуеце зараз у гэтай якасці? 

    – Сталкер – гэта… Я ўвесь час шукаў фармулёўку сваёй ролі – ролі чалавека, які спрабуе навучаць, дзяліцца і адгукацца людзям, якія шукаюць сябе ў тэатральнай галіне. Шукаў для сябе вобраз. Таму што «педагог», «рэжысёр», «актор» – гэта не цалкам выяўляе сутнасці таго, што я раблю. 

    «Сталкер», безумоўна, быў мне навеяны братамі Стругацкімі і Таркоўскім. Гэта чалавек, які вельмі чулліва ставіцца да пэўнай прасторы, ў дадзеным выпадку – тэатральнай, набіраецца смеласці весці туды людзей, перажывае за тое, як людзі пройдуць свой шлях, спрабуе адказна падыходзіць да гэтага і шукае адказнасці на тым баку, у тых самых людзей. Па сутнасці, гэта праваднік, які вядзе па ter­ra incog­ni­ta, сам ужо тое ды сёе ведае. І верыць ў тое, што гэтая прастора глыбокая, сапраўдная. Прынамсі можа быць такой, у залежнасці, з чым туды заходзіш. Таму такі вобраз.

    – Распавядзіце троху пра гэтыя тэрыторыі.

    – Ёсць тры напрамкі. Першы – акторскае майстэрства. Там розныя праграмы. Адна з іх называецца «Міф пра актораў», дзе я прапаную людзям даследаваць, ствараць і разбураць міфы пра гэтую прафесію – праз свае творчыя спробы. Ёсць праграмы для розных ўзроўняў, для пачаткоўцаў і прафесіяналаў. Зараз на стадыі запуску праграма, якая называецца «Фракталы», у якой бы я хацеў шукаць навучання паміж акторскімі метадамі і IT-тэхналогіямі. Мне цікава было збіраць ў адным полі людзей менавіта з гэтых дзвюх галінаў  і ствараць з імі новыя творы. 

    Андрэй Саўчанка рэжысёр

    Рэжысёр і актор Андрэй Саўчанка. Жнівень 2024 года. Фота: «Белсат»

    Другі кірунак – гэта аратарскае майстэрства, публічны выступ. Асноўныя праграмы ідуць на адукацыйным хабе «Нацыя лідараў». Гэта базавы курс «Сейбіт прамовы» і паглыблены «King’s Speech. Эфектыўны публічны выступ». Маю таксама ў распрацоўцы праграму «Чорная рыторыка», у якую хачу запрашаць людзей троху дасведчаных, каб яны маглі ведаць, карыстацца і разумець, якім чынам абараняцца і супрацьстаяць чорнай рыторыцы.

    – Вельмі надзённая тэма… 

    – Мне падаецца, абсалютна так. Трэці кірунак – бадай што для мяне самы выкліковы і самы складаны. Гэта дзеці. У мяне ёсць праграма, якая называецца «Арт–Вандроўка. Тэатр для дзяцей». Я прыходжу до дзяцей як до творцаў, запускаю з імі рознага кшталту гульні, падтрымліваю іх імпэты і прапаную нейкія свае напрамкі. Пачынаем з імі гуляць, і яны рэалізуюцца як творцы, якія маюць сваё бачанне, якія маюць права на ажыццяўленне гэтага бачання… 

    І мая задача – адшукваць зерне і даваць ім прарастаць. Даваць дзецям магчымасць сапраўды гуляць і напаўняцца гульнёй і за конт гэтага – вырошчваць сваю асобу і сваю індывідуальнасць.

    – Размова двух людзей таксама тэатр?

    – Абсалютна.

    – Што мы з вамі разыгралі зараз? Стомленасць?..

    – Не выключаю. Але думаю, што гэта не асноўная нашая тэма была (усміхаецца). Разыгралі сэнсы. Болевыя кропкі. Кірункі дзейнасці.

    «Тутэйшы тэатр» быў створаны Андрэем Саўчанкам ў 2017 годзе ў Менску. Тэатра існуе «на сутыкненні лабараторнага, студыйнага, аўтарскага накірункаў». У лютым 2022 года Андрэй Саўчанка быў затрыманы і правёў за кратамі 15 содняў. Рэжысёр разам з «Тутэйшым тэатрам» былі вымушаныя пераехаць у Польшчу, дзе працягваюць сваю дзейнасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці