«Рэпарцёры без межаў» запускаюць міжнародную платформу для журналістаў
На сайце ўжо больш за 150 артыкулаў і інструментаў, згрупаваных па тэмах: лічбавая бяспека, фізічная бяспека, псіхічнае здароўе, юрыдычныя кансультацыі і OSINT.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) запусціла сайт «Рэсурсы RSF для журналістаў». На платформе сабраныя практычныя інструменты, якія дапамогуць журналістам па ўсім свеце ўмацоўваць сваю фізічную, лічбавую, псіхалагічную і юрыдычную бяспеку, а таксама паглыбляць сваё разуменне прафесійных журналісцкіх стандартаў, паведамляецца на сайце RSF.
Гэта ініцыятыва створана ў рамках глабальнай стратэгіі па падтрымцы незалежнай журналістыкі. Кантэнт адаптаваны да кожнага рэгіёна, а сайт перакладзены на восем моў: англійскую, арабскую, кітайскую (спрошчаную і традыцыйную), іспанскую, французскую, тайскую і ўкраінскую.
«У 2025 годзе, калі войны памнажаюцца, а лічбавыя пагрозы ўзмацняюцца, журналісцкая практыка яшчэ ніколі не была такой небяспечнай. З дапамогай гэтай платформы RSF прапануе медыяпрафесіяналам па ўсім свеце лёгкі і прамы доступ да канкрэтных інструментаў для абароны і адаптацыі да пагроз, каб яны маглі працягваць выконваць сваю журналісцкую працу», — пракаментавала Луіза Алуін Бішэ, дырэктарка праектаў RSF.
На платформе ўжо размешчана больш за 150 артыкулаў і рэсурсаў, арганізаваных па наступных тэматычных катэгорыях: лічбавая бяспека, фізічная бяспека, псіхічнае здароўе, юрыдычныя кансультацыі і OSINT.
У прыватнасці, рэсурс уключае «Кіраўніцтва па бяспецы журналістаў RSF», падборку знешніх рэсурсаў ад міжнародных партнёраў, серыю навучальных матэрыялаў HEAT (Hostile Environment Awareness Training) па журналісцкай працы ў варожым асяроддзі і іншае.
«Рэпарцёры без межаў» таксама прапануюць новыя дапаможнікі па абароне дадзеных і бяспецы сувязі для барацьбы з такімі пагрозамі, як доксінг. Інтэрактыўныя інструменты дазваляюць журналістам праверыць свае веды і навыкі.
Сярод запланаваных тэм — рызыкі, з якімі сутыкаюцца жанчыны-журналісты, экалагічная журналістыка і журналісцкая этыка.
@bajmedia