«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: сацсеткі медыяпраекта Кatolik.life і расійскага блогера Іллі Варламава
Міністэрства інфармацыі Беларусі 3 верасня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Расійскі блогер Ілля Варламаў. Фота: з сайта bookspeaker.agency
Рашэннем суда Ленінскага раёна Гродна ад 27 жніўня 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаныя старонкі ў сацсетках і месенджарах медыяпраекта Кatolik.life:
- X‑акаўнт з назвай «katolik.life» (ідэнтыфікатар x.com/gomelcatholic);
- Instagram-акаўнт з назвай «Katolik.life.Неафіцыйнае» (ідэнтыфікатар instagram.com/katolik_life);
- старонка ў Threads з назвай «Katolik.life.Неафіцыйнае» (ідэнтыфікатар threads.сom/@katolik_life);
- Telegram-канал «Katolik.life. Неафіцыйнае» (ідэнтыфікатар t.me/katolik_life);
- суполка ў «ВКонтакте» з назвай «Гомель Католж» (ідэнтыфікатар vk.com/gomelcatholic);
- суполка ў Facebook з назвай «Згомеля Католік» (ідэнтыфікатар facebook.com/gomelcatholic).
Экстрэмісцкімі абвешчаныя таксама любыя візуальныя матэрыялы, якія ўтрымліваюць тэксты «Katolik.life», «Katolik.life. Неафiцыйнае», «ЗГомеля Католiк», «Гомель Католiк», у тым ліку сцягі, эмблемы, нашыўкі, стыкеры і любыя выявы з гэтымі словамі на фота‑, відэа і ў друкаваных СМІ.
Да слова, Telegram-канал «Katolik.life. Неафіцыйнае» ўжо быў прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» год таму. Адпаведнае рашэнне тады прыняў суд Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Таксама летась у ліпені на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі ў Беларусі заблакавалі доступ да сайта Katolik.life.
Katolik.life — гэта прыватная дабрачынная ініцыятыва. Аўтар кантэнту не мае адмысловага фінансавання, выдаткі на ўтрыманне сайта і сацсетак ён аплочвае з асабістых сродкаў, пры гэтым многія публікацыі адтуль да нядаўняга часу перадрукоўвалі іншыя СМІ, у тым ліку дзяржаўныя.
У адпаведнасці з рашэннем суда Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ад 25 жніўня 2025 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі сацсеткі расійскага журналіста і відэаблогера Іллі Варламава:
- YouTube-канал «varlamov» (ідэнтыфікатар yоutube.com/@varlamov);
- Telegram-канал «Илья Варламов» (ідэнтыфікатар t.me/varlamov);
- Instagram-акаўнт з назвай «varlamov» (ідэнтыфікатар instagram.com/varlamov);
- Х‑акаўнт з назвай «Ilya Varlamov» (ідэнтыфікатар x.com/varlamov);
- старонку ў «ВКонтакте» з назвай «Илья Варламов» (ідэнтыфікатар varlamov.ru).
За нязгоду з афіцыйнай палітыкай Расійскай Федэрацыі і падтрымку Украіны ў сакавіку 2023 года Міністэрства юстыцыі РФ уключыла Іллю Варламава ў спіс «замежных агентаў» — за распаўсюд «непраўдзівай інфармацыі наконт рашэнняў органаў улады і з прычыны атрымання замежнага фінансавання». У верасні 2024 года супраць блогера распачалі крымінальную справу за дзейнасць у якасці «замежнага агента» і сёлета ў жніўні завочна асудзілі да 8 гадоў турмы і штрафу памерам 99,5 мільёнаў расійскіх рублёў.
