• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сцяпан Пуціла расказаў пра бюджэт Nexta і свой заробак

    Заснавальнік тэлеграм-канала NEXTA Сцяпан Пуціла стаў госцем новага выпуску ютуб-шоу «Жыццё-маліна». У размове ён раскрыў фінансавыя паказчыкі праекта: назваў месячны бюджэт, крыніцы даходу і свой асабісты заробак.

    Сцяпан Пуціла расказаў пра бюджэт Nexta і свой заробак

    Сцяпан Пуціла. Скрын відэа: malina_by / YouTube

    Па словах Пуцілы, у той час, як у расійскага тэлеканала «Дождь» гадавы бюджэт каля 5‑7 мільёнаў даляраў на год, месячны бюджэт Nex­ta ў залежнасці ад бягучых выдаткаў складае ад 35 да 40 тысяч еўра. Гэтыя сродкі ідуць на заробкі камандзе, арэнду офіса і выдаткі на здымкі, у тым ліку камандзіроўкі.

    Як адзначае Сцяпан, у камандзе праекта 22 супрацоўнікі. «Хтосьці аддалена працуе, як Зміцер Танковіч, хтосьці з дому, хтосьці на палове стаўкі».

    Ён падкрэсліў, што праект больш не залежыць ад грантаў і цалкам перайшоў на самастойнае фінансаванне. Асноўныя крыніцы даходу — данаты, рэклама, кансалтынг і продаж уласнага кантэнту.

    «Мы не залежым ад грантаў. (…) У 2025‑м у нас не было ўвогуле грантаў такога інстытуцыйнага фінансавання. Быў толькі адзін праекцік ютубаўскі. (…) [Мы] цалкам самастойна [зарабляем]. Данаты, рэкламы, кансалтынг. Таксама прадаём кантэнт украінскім каналам. Зараз будзем прадаваць кантэнт «Белсату», іншыя каналы цікавяцца», — расказаў заснавальнік Nex­ta.

    На пытанне Мікіты Мелказёрава, ці з’яўляецца супрацоўніцтва з «Белсатам» настальгічным крокам, Пуціла адказаў:

    «Гэта бізнэс, але гэта асэнсаваны бізнэс з каранямі. (…) Было вельмі шмат прапановаў з іншых каналаў, нават з Малдовы. Ёсць нават англамоўныя каналы, якія б хацелі бачыць нас як сваіх дарадцаў. Гэта ўсё час. І мы крыху пазней у гэтым кірунку пойдзем. А спачатку, канечне, гэта сваё, гэта беларускамоўнае, прасоўваць беларускамоўны кантэнт» — заўважыў ён.

    Па словах Пуцілы, канал працуе з «невялікім плюсам» і ёсць падушка бяспекі на шэсць месяцаў наперад.

    «У нас ніколі не было затрымкі заробкаў», — падкрэсліў Пуціла.

    Асабісты заробак і стаўленне да грошай

    Сцяпан Пуціла таксама расказаў, што сярэдні заробак у супрацоўніка Nex­ta складае 1800 еўра на месяц. Яго асабісты заробак — 15 тысяч злотых на месяц (каля 3500 еўра). Па яго словах, такі памер абумоўлены як падатковымі лімітамі ў Польшчы, так і яго асабістымі запатрабаваннямі.

    «Па-першае, ёсць падатковыя ліміты ў Польшчы, каб твой падатак угару не паляцеў. (…) Мне абсалютна дастаткова 15 тысяч злотых на месяц», — заявіў ён.

    Пуціла дадаў, што не лічыць грошы самамэтай, а ўспрымае іх як інструмент для дасягнення больш важных задач.

    «Для нас важна атрымаць пабольш грошай, каб інвеставаць у тое, што мы лічым важным», — падсумаваў ён.

    «Так склалася, што найбольшая ўвага была скіраваная на нас», — кіраўнік NEXTA Сцяпан Пуціла

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці