
Іна Кардаш. Архіўнае фота lookby.media
Паводле расьсьледаваньня ТСН (служба навінаў украінскага тэлеканала 1+1), яна каля дзесяці гадоў працавала на беларускія спэцслужбы, выкарыстоўваючы прыкрыцьцё журналісткі і асабістыя адносіны дзеля таго, каб увайсьці ў давер да ўкраінскіх палітыкаў, вайскоўцаў і замежных дыпляматаў.
Паводле ўкраінскага сьледзтва, шлях Кардаш ва ўкраінскія структуры пачаўся яшчэ ў 2016 годзе ў Менску — падчас пасяджэньня Трохбаковай кантактнай групы. Як паведамляе ТСН, там маладую беларускую журналістку пазнаёмілі з кіраўніком аднаго з вядучых украінскіх інфармацыйных агенцтваў, які меў высокі аўтарытэт у прафэсійным асяродзьдзі (расьсьледавальнікі не называюць яго імя з этычных прычынаў — РС). Яго папрасілі дапамагчы 25-гадовай журналістцы з працай, і, як сьцьвярджаецца, ён трапіў пад яе асабісты ўплыў. Пры гэтым, па дадзеных СБУ, ужо тады Кардаш была дзейнай агенткай КДБ, выступаючы пад легендай апазыцыйнай журналісткі, якая супрацоўнічае з украінскімі СМІ.
У 2020 годзе Кардаш актыўна асьвятляла масавыя пратэсты супраць Аляксандра Лукашэнкі, што яшчэ больш умацавала яе рэпутацыю апазыцыйнай асобы, піша ТСН. Пасьля пераезду ва Ўкраіну яна хутка прасунулася ў кар’еры, атрымала доступ да нефармальных сустрэч з высокапастаўленымі чыноўнікамі, вайскоўцамі і дыпляматамі, а свае сувязі, паводле СБУ, выкарыстоўвала ў інтарэсах беларускіх спэцслужбаў.
Сьледзтва сьцьвярджае, што адным з асноўных мэтадаў агенткі была вярбоўка праз інтымныя адносіны, у тым ліку спробы схіліць да супрацоўніцтва камандзіра баявога падразьдзяленьня. На завяршальным этапе, паводле СБУ, Іна Кардаш мела заданьне ўвайсьці ў кантакт з прадстаўнікамі кітайскай амабсады ва Ўкраіне і сабраць зьвесткі пра ўкраінска-кітайскія адносіны. Паводле ТСН, максымальнай мэтай для агенткі было ўладкавацца ў Галоўнае ўпраўленьне разьведкі Ўкраіны.
СБУ і ГУР выявілі Кардаш і правялі з ёй доўгатэрміновую апэратыўную гульню, перадаючы праз яе дэзынфармацыю, гаворыцца ў дасьледаваньні. У выніку жанчыну затрымалі, рэальныя сакрэтныя зьвесткі за мяжу не трапілі, а місія беларускай агенткі лічыцца праваленай. Цяпер жанчына знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. У СБУ заяўляюць, што яе місія цалкам правалена: сакрэтная інфармацыя ворагу не трапіла, а пагроза бясьпецы Украіны была нэўтралізаваная.