• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У міліцыі расказалі, што будзе, калі чытаць «забароненыя» каналы «з цікаўнасці», але не падпісвацца

    Калі чалавек у Беларусі вырашыў «з лянівай цікаўнасці проста пачытаць забароненыя каналы», адказнасць яму за гэта не пагражае. Іншая сітуацыя — калі ён фінансуе такія каналы або распаўсюджвае інфармацыю адтуль, паведамілі ў міліцыі.

    Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Chris­t­ian Wiedi­ger / Unsplash

    «Калі вы вырашылі з лянівай цікаўнасці проста пачытаць забароненыя каналы, прызнаныя экстрэмісцкім матэрыялам, крымінальная ці адміністрацыйная адказнасць за гэта вам не пагражае. А вось за розную прапаганду — зліў звестак, рэпосты, каментары, аказанне падтрымкі ў папулярызацыі канала, фінансаванне — прадугледжаная адказнасць згодна з дзейным заканадаўствам», — заявілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама.

    Напрыклад, калі чалавек перадае нейкую інфармацыю для публікацыі ў «экстрэмісцкім» канале, гэта лічыцца ўдзелам у стварэнні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Усё, што з’яўляецца ў такім канале, аўтаматычна прызнаецца «экстрэмісцкім», паведамілі сілавікі.

    UPD. Пасля таго, як на гэты абзац звярнулі ўвагу незалежныя СМІ, з міліцэйскага сайта ён быў выдалены

    Скрыншот: Наша Ніва

    За распаўсюд, выраб, захоўванне і перавозку інфармацыйнай прадукцыі са спісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП.

    Пакаранне можа быць у выглядзе штрафу ад 420 да 1260 рублёў, грамадскіх работ або арышту да 15 сутак, а сам прадмет парушэння — напрыклад, тэлефон — падлягае канфіскацыі. Пры гэтым пад «захоўваннем» разумеецца любая наяўнасць «забароненых» файлаў на гаджэце: тэлефоне, планшэце ці камп’ютары

    Міліцыя таксама нагадала пра крымінальную адказнасць па артыкулах пра «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (артыкул 361−1 КК), пра «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361−2 КК), а таксама пра «спрыянне» такой дзейнасці — напрыклад, вярбоўку, уцягванне ці навучанне (артыкул 361−4 КК).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці