• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пад уладай палякаў, літоўцаў і немцаў: Што пісалі нашыя газеты напярэдадні школы

    «Новы Час» прасачыў за тым, як ад 1919 да 1942 года ў розных частках нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны асвятляліся праблемы асветы, школьніцтва і студэнцтва. Новы навучальны год заўжды нясе з сабою свае новыя пытанні.

    Звон

    Газэта Звон у 1919 годзе, напярэдадні 1 верасьня выйшла з артыкулам Будаваньне беларускай школы.

    Свайго часу ў нашай пэрэадычнай прэсе выясьнялося значэньне нацыянальнага выхаваньня народу для яго культурна-эканамічнага росквіту. Там гаварылася, паміж іншым, што Эўропа ніколі б не дайшла да таго стану культуры,калі б у ёй выкладаньне вялося ў лацінскай мове.

    Толькі нацыянальная школа дае магчымасьць народу выявіць яго душу, прынесьці сваё ў агульны скарб чалавечай культуры. Дух нацыі выяўляе сваю асаблівасьць нават у чыстых навуках, дзе, здавалася б, яе не павінна быць. Досыць параўнаць лёгкія, жывыя, спрытныя, грацыёзныя матэматычныя творы французаў з важкімі, грунтоўнымі творамі у тым жа крэсе немцаў, каб зразумець усю вагу нацыянальнага выхаваньня.

    Дух кожнага народу выяўляецца ў яго мове. Перад намі адчыняецца шырокае поле па адбудаваньню свае культуры і школы,пахаваных блізка на 3 вякі, дзякуючы абмылкам, за каторыя прыйшлося адпакутаваць і нам і нашым суседзям. Мы жывем на зямлі,на якой ад веку вядзецца барацьба ўсходу з захадам: Масковіі з Польшчаю.

    Пры барацьбе культуры з барбарствам, сьвету з цемраю шмат выцерпяла наша грамадзянства. Пасьля 1864 году ўсе нашыя ўраднікі без мейсц, бо ня ведалі расейскай мовы. Цяпер шмат нашага грамадзянства, ня ведаючы ані польскай,ані беларускай мовы, астанецца таксама бяз хлеба. І мы ня ведаем, калі скончыцца гэта змаганьне дзьвёх культур. Яно бы скончылася тады, калі б тут умацавалася мясцовая беларуская культура.

    Пераходзячы да тэхнікі беларусізацыі школы, мы павінны сказаць, што зачыненьне расейскіх школ без замены ікімі было б шкадлівым для культуру нашага краю. Тым часам ні толькі мы ня можам замяніць іх беларускімі школамі, але палякі ня ў стане замяніць іх польскімі, бо дзеля гэтага ў іх ня знойдзецца ні патрэбнага ліку настаўнікаў, ні падручнікаў і прыладаў. Аб нас і гаварыць няма чаго.

    Мы не бальшавікі і ня думаем, што трэба раскідаць стары сьвет, а пасьля збудаваць на яго мейсцы новы.

    Шмат беларускай інтэлігэнцыі з расейскім выхаваньнем было эвакуавана ў Расею. Там яна пэўна мае службу, атрымлівае вялікія грошы і дзякуючы дарагоўлі марнее з голаду. Яна з ахвотаю павернецца дадому. Выцярпеўшы на сваёй скуры бальшавіцкія парадкі і блізка пазнаёміўшыся з кацапамі, як ідэолягамі бальшавізму, яна вернецца дадому чыстая ад бальшавізму і масквафільства, якое было ёй прышчэплена ў расейскіх школах нашага краю.

    Беларускі Сьцяг

    Штомесячнік, які выходзіў у Коўне ў 1924 годзе зьвярнуў увагу на праблему беларускай школы ў Літве напярэдадні новага навучальнага года.

    Цэнтральная Рада Сувязі сялян беларусаў у Літве пастанавіла заняцца арганізацыяй школ у мейсцох, населяных беларусамі.

    Дзеля падрыхтоўкі кадру вычыцеляў, Рада зьвярнулася ў Міністэрства Асьветы з просьбаю аб дазваленьні адчыніць у Коўне кароткатэрміновыя вычыцельскія курсы, бо на Літве маецца значны лік старых рускіх вучыцеляў Беларускай нацыянальнасьці, і наогул, народнай інтэлігенцыі. Многія зь іх ведаюць і Літоўскую мову. Праслухаўшы цыкль лекцый па Беларусазнаўству і азнаёміўшыся з тэорыяй Літоўскай мовы, гэтыя вучыцелі былі бы добрымі працаўнікамі.

    На жаль Міністэрства Асьветы ў адкрыцьці такіх курсаў адмовіла, знайшоўшы матывам для адмовы – адсутнасьць на Літве беларускіх школ.

    На агульным сходзе беларусаў Коўны, які адбыўся 19 жніўня 1924 года, вынесенае пажаданьне адкрыць у Коўне беларускую пачатковую школу і прагімназію. Прыгаворы аб адкрыцьці школ са сьпісамі дзяцей, ськіровываліся ў Міністэрства Асьветы, або павятовай школьнай адміністрацыі.

    Да гэтага часу маюцца адмовы адчыніць беларускія школы ў вёсцы Новая Аляксандраўка Троцкага павету, дзе культурна-прасьветная камісія находзіць, што там жыве не беларускае, а рускае насельніцтва. Але сапраўды жыхары гэтай воласьці праваслаўныя беларусы.

    Другі выпадак адмовы ў адчыненьні беларускай школы меў месца з боку школьнага існтруктара Вількамірскага павету, які ў паперы адзначае, “што так як няма беларусаў, то няма патрэбы ў адкрыцьці і беларускай школы”.

    Той жа часопіс паведамляе навіну з Латвіі:

    Закончыліся курсы Беларусазнаўства ў Люцыне для вучыцеляў беларускіх школ. Курсы вяла грамадзянка Паўліна Мядзёлка-Грыб, лекцыі якой мелі вялікі посьпех. Пасьля заканчэньня курсаў адбылася вечарынка.

    Шлях Беларускага Студэнта

    Гэтае выданьне выходзіла ў Вільні. На новы школьны год увосень 1938 года яно пісала:

    З пачаткам кожнага школьнага году прыбывае ў унівэрсітэцкія муры вялікая грамада новаўступаючай студэнцкай моладзі. Новыя абставіны і асяродзьдзе, новая праца і заданьні чакаюць гэты малады нарыбак.

    У гэтай вялікай грамадзе многа ёсьць і беларусаў – гадунцаў беларускай і польскіх гімназіяў. Выклады, сэмінарыйныя практыкаваньні, упарадкаваньне розных фармальнасьцяў – гэта першыя турботы новаўступаючага.

    Беларуская моладзь, якой, паміма ўсіх перашкодаў, удалося паступіць у вышэйшую школу,чакае жорсткае, цяжкае жыцьцё і трудныя, вымагаючыя вялікіх натугаў, заданьні. Нашая моладзь – гэта сыны вёскі, эканамічнае палажэньне каторай аж надта добра ўсім вядомае. Цяжкія матарыяльныя варункі, зь якімі спатыкаецца беларускі студэнт ад першых дзён сваіх студыяў, а таксама іншыя аб’ектыўныя моманты з прычыны нашай нацыянальнасьці, робяць на яго прыгнятальнае ўражаньне.

    Здавалася б сапраўды палажэньне беларускага студэнта зьяўляецца бязвыхадным, што ён прысуджаны на нейкую блуканіну, што ён расьцярушыцца, загіне ў масе моладзі іншых нацыянальнасьцяў.

    Але гэткае дапушчэньне памылковае. Новаўступаючая на вышэйшыя школы беларуская моладзь не зьяўляецца такой адасобленай. Мы маем багатую гісторыю беларускага студэнцкага жыцьця, маем свае славутыя традыцыі, сьветлыя ідэалы. Маем свае студэнцкія арганізацыі: Беларускі Студэнцкі Саюз, Таварыства Прыяцеляў “Беларусаведы”. Беларускія студэнцкія арганізацыі вядомыя ўжо на міжнароднай арэне студэнцкага жыцьця.

    На нас – студэнцкую моладзь, — як прадстаўнікоў маладой генэрацыі, зьвернем вочы ўсяго Беларускага Народу. Мы зьяўляемся надзеяй яго лепшае будучыні.

    Праца і моцная вера пераможа ўсё!

    Беларуская Школа

    Скончым беларускім выданьнем пра асьвету, якое выходзіла ў Менску падчас нямецкай акупацыі. У верасьні 1942 года выйшаў чарговы вялікі нумар, дзе беларускай лацінкай месьцілася інфармацыя пра адукацыю і школу.

    Канфэрэнцыя школьных акруговых рэфэрэнтаў і інспэктараў

    Мінуў год, як вялікая частка вызваленай з бальшавіцкае няволі Беларусі, пайменна: акругі Баранавіцкая, Ганцавіцкая, Слонімская, Лідзкая, Наваградзкая, Вялейская, Глыбоцкая, Слуцкая, Менская і часткова Барысаўская знаходзяцца і працуюць пад кіраўніцтвам цывільных нямецкіх уладаў.

    Адзін год – гэта невялікі перыяд часу, аднак за гэты час зроблена, ня гледзячы на цяжкія абставіны, вельмі многа.

    Бальшавікі пакінулі па сабе ў Беларусі ўсюды руіны і пажарышчы. Зьнішчана была ня толькі гаспадарка, ня толькі гарады, фабрыкі, вялікшыя будынкі і вёскі, але таксама была разьбіта і зьнішчана беларуская інтэлігенцыя.

    Па адміністрацыйным апараце, школьным, гаспадарчым не засталося нават і сьледу. Словам, усю працу трэба было пачынаць ад самага нізу, ад асноваў, ад фундамэнту. І яна пачалася ўва ўсіх галінах. Пачалася гэтая праца і ў галіне школьнай.

    Год працы – гэта такі прыклад, за які добрыя гаспадары, кіраўнікі заўсёды робяць агляд, баланс, падсумоўваюць, падлічаюць, што зроблена і што трэба зрабіць у найбліжэйшай будучыні. Гэтак зрабіла і кіраўніцтва беларускіх школаў пры Генэральным Камісару Беларусі. Склікана была канфэрэнцыя, якая адбылася ў Менску 28 і 29 жніўня 1942 года.

    Прамова спадара Юрды, кіраўніка палітычнага аддзелу Камісарыята Беларусі

    Я ня буду прыпамінаць таго часу, калі ня было ніякіх беларускіх школаў, сцьвярджаю аднак, што ў той частцы Беларусі, якая знаходзіцца пад кіраўніцтвам цывільнае нямецкае шлады, ёсьць больш 3000 беларускіх школаў і 10 тысячаў настаўнікаў. Як цяжка было іх стварыць сьведчаць аб тым факты. Перадусім не было настаўнікаў. Цяжка было і з будынкамі,якія былі зьнішчаны ваеннымі падзеямі або заняты дзеля патрэбаў арміі. Калі знайшлі настаўнікаў і будынкі, дык ня было школьных плянаў, праграмаў, дапаможнікаў, падручнікаў.

    Цяпер пачынаем другі этап. Найперад адчуваем патрэбу новых настаўнікаў і спецыялістаў з розных галінаў. Старэйшае пакаленьне настаўніцтва, якому дзякую шчыра за ахвярную працу, паступова сыходзіць са сцэны жыцьця. На яго месца мусяць прыходзіць новыя кадры. Мы гэтыя кадры ўзгадуем. Адчынім беларускія настаўніцкія сэмінарыі і акадэміі.

    Хутка будуць адчынены прагімназіі, на аснове якіх у 3–4 гадовых спецыяльных школах будзем падрыхтоўваць спецыялістаў.

    Гімназіі, ці лепш мо прагімназіі будуць базавацца на 4‑х клясах народнае школы. Іхняй задачай будзе даваць моладзі агульную асьвету.

    Слова да вучняў

    Пачынаючы новы школьны год, вы не павінны забывацца на тое, што ваша вучоба ў школе патрэбна ня толькі для вашага асабістага жыцьця, але і для справы адбудовы нашай Бацькаўшчыны – Беларусі. Вы павінны рыхтаваць сябе для новага жыцьця ў новай Эўропе, каб здабыць у гэтым жыцьці славу сабе і ўсяму нашаму слаўнаму беларускаму народу.

    Вывучэньне нашай роднай беларускай мовы і літаратуры, якую палякі ў былой Польшчы не дапускалі наагул у школы, а бальшавікі няміласэрна калечылі, павінна заняць асабліва пачэснае мейсца ў школе. А мова нашая сапраўды багатая і мілагучная.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці