• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што страцілі дзяржаўныя СМІ праз выдаленне сваіх YouTube-каналаў і колькі беларускіх падпісчыкаў яны мелі

    3 красавіка сэрвіс YouTube выдаліў каналы беларускіх дзяржаўных медыяў БелТА, АНТ, СТБ. Радыё Свабода разбіраецца, чаму гэта адбылося і якую аўдыторыю яны страцілі.

    Рыгор Азаронак, адзін з самых пазнавальных беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў. Фота: Менск-Навіны

    Хостынг YouTube выдаліў тры акаўнты беларускіх дзяржаўных мэдыя 3 красавіка. Гаворка пра каналы дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТБ. Прычыны адміністрацыя сэрвіса не патлумачыла.

    На момант выдаленьня каналаў яны мелі наступную колькасьць падпісчыкаў. Лічбамі са Свабодай падзяліўся мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.

    • БелТА — 2,3 мільёна падпісчыкаў. Зь іх падпісчыкі з Расеі — 55,3%, Беларусь — 11,73%, ЗША — 7%
    • СТБ — 2,4 мільёна падпісчыкаў. Зь іх падпісчыкі з Расеі — 45%, Беларусь — 20%, Украіна 8%
    • АНТ — 1,4 мільёна падпісчыкаў. Падпісчыкі з Расеі — 38%, Беларусь — 24,4%, Украіна — 9%.

    Таксама са статыстыкі бачна, што найбольш на гэтых каналах глядзелі кароткія відэа — shorts. Напрыклад, у БелТА за сакавік агулам было 58,5 мільёна праглядаў. А калі лічыць відэа даўжынёй больш за 180 сэкунд — 6,7 мільёна. У СТБ агулам 49,7 мільёна праглядаў, калі ўлічваць толькі відэа даўжэй за 180 сэкунд — 1,4 мільёна.

    У сьнежні мінулага году Цэнтар новых ідэй у сваім дасьледаваньні заўважаў, што відэа на каналах беларускіх дзяржаўных мэдыя мае нізкую ўцягнутасьць, у ролікаў была мінімальная колькасьць камэнтароў і рэакцый.

    Таксама відэа з выдаленых каналаў рэдка набіралі больш за 300 тысяч праглядаў, асноўная частка 10–100 тысяч. А галоўныя тэмы ў відэа, якія набіралі больш за ўсё праглядаў — гэта Захад і вайна ва Ўкраіне, а не беларускія ўнутраныя праблемы.

    Тэлеканал АНТ у сваіх сацсетках напісаў, што канал на YouTube выдалілі без тлумачэньня прычынаў.

    «Ніякіх дадатковых тлумачэньняў плятформа не прадставіла. Падобная блякіроўка азначае не проста часовае абмежаваньне доступу, а поўнае фізычнае выдаленьне з сэрвэраў велізарных архіваў навінавых выпускаў, аналітычных праграм і дакумэнтальных цыкляў, якія назапашваліся гадамі і зьбіралі дзясяткі мільёнаў праглядаў», — напісала адміністрацыя канала.

    У беларускім Міністэрстве інфармацыі заявілі, што «нэгатыўна ацэньваюць гэты несяброўскі і беспадстаўны крок».

    Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».

    Да выдаленьня канал АНТ на YouTube меў 1,4 мільёна падпісчыкаў

    Чаму каналы выдалілі: верагодныя прычыны

    На каналы беларускіх дзяржаўных мэдыя пэрыядычна скардзіліся за распальваньне варажнечы. Напрыклад, у відэа Рыгора Азаронка. А таксама за раскрыцьцё пэрсанальных зьвестак.

    Незадоўга да выдаленьня каналаў выйшла чарговая перадача Рамана Пратасевіча «Без прыкрыцьця», у якой ён раскрыў асабістыя зьвесткі заснавальніка Беларускага расьледвальніцкага цэнтру Стася Івашкевіча. Яшчэ раней таксама ў перадачы Пратасевіча раскрываліся асабістыя зьвесткі ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі ў Вільні. На ўсе гэтыя дзеяньні былі скаргі. І нейкая з скаргаў магла стаць «апошняй кропляй».

    Прычына ў выдаленьні адразу трох каналаў можа быць у тым, што яны былі зарэгістраваныя з аднаго акаўнту.

    Пасьля блякіроўкі ажывіліся запасныя каналы, напрыклад, СТБ пачаў публікаваць відэа на канале CTVPLUS, які мае толькі 4 тысячы падпісчыкаў. Перадачы Рамана Пратасевіча там няма.

    На думку мэдыяаналітыка Міхаіла Дарашэвіча спрацавала аўтаматычная блякіроўка праз набор «чырвоных сьцяжкоў».

    «Найбольш верагоднай прычынай я ўсё ж такі лічу аўтаматычную блякіроўку. Гэта значыць, яна адбылася праз нейкі набор „чырвоных сьцяжкоў“. Тое, што „чырвоныя сьцяжкі“ былі раней, можа сьведчыць запасны канал СТБ, які быў створаны загадзя. А значыць, папярэджаньні ўжо былі. Гэта значыць, тут назапасілася нейкая крытычная маса, і альгарытмы спрацавалі.

    Я мяркую, што гэта не была ручная мадэрацыя. Гэта значыць, былі альгарытмы. І пры гэтым, мяркую, што альгарытмы, якія займаюцца распазнаваньнем. Магчыма, яны спрацавалі па гуку: калі сапраўды агучваліся пэрсанальныя дадзеныя, гэта цалкам магло спрацаваць», — кажа суразмоўца.

    Сюжэт Рамана Пратасевіча, як мяркуецца, мог стаць апошняй кропляй для выдаленьня каналаў прапаганды на YouTube

    Міхаіл Дарашэвіч таксама кажа, што выдалілі адразу тры каналы, бо «у іх мог быць адзін стваральнік».

    «Цалкам верагодна, што людзі, якія займаюцца тэхнічным бокам, ну, на нейкім, магчыма, пачатковым этапе, яны былі адны і тыя ж», — дадае экспэрт.

    Ці заблякуюць цалкам YouTube у Беларусі

    Калі хостынг YouTube прызнаюць «экстрэмісцкім», яго могуць заблякаваць. Аналітык Міхаіл Дарашэвіч кажа, што ў такім выпадку прадзяржаўныя мэдыя змарнуюць свае ранейшыя намаганьні, бо на YouTube у іх было значна больш падпісчыкаў, чым на іншых пляцоўках.

    «Беларускія мэдыя з дзяржаўнай формай уласнасьці, рэгіянальныя — я ўжо не кажу пра нацыянальныя — штогод загружаюць велізарную колькасьць кантэнту. Я нават мяркую, каб загружаць такую колькасьць відэа штомесяц, у гэтых рэдакцыях ёсьць людзі, якія займаюцца гэтымі відэа. Таму што яго трэба падрэзаць, апрацаваць і гэтак далей. Увесь гэты працэс. Калі мы паглядзім, то блякіроўка з пункту гледжаньня распаўсюджваньня іх уласнага кантэнту выглядае не самым разумным дзеяньнем. Няма асабліва альтэрнатывы», — разважае Міхаіл Дарашэвіч.

    Экспэрт прыводзіць прыклад. У БелТА ў Insta­gram 35 тысяч падпісчыкаў, супраць 2,3 мільёна на YouTube. У АНТ у Insta­gram 73 тысячы падпісчыкаў, супраць 1,4 мільёна на YouTube.

    Па стане на сакавік беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі 97 інтэрнэт-рэсурсаў. Да 62 рэсурсаў доступ у Беларусі заблякаваны. Дзейнасьць амаль усіх незалежных мэдыя ў Беларусі пад забаронай.

    Белорусский союз журналистов заявил о поддержке от Всемирной федерации журналистов. Что это за организация?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.