• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сілавікі ўварваліся ў рэдакцыі рэгіянальных СМІ і абвінавацілі іх у супрацы з Нямеччынай

    На дзяржаўным тэлеканале АНТ у праграме «Будет дополнено» 28 траўня выйшаў сюжэт, які дэманструе чарговую хвалю пераследу літаральна адзінкавых прыватных медыяў, якія яшчэ працуюць у рэгіёнах Беларусі.

    «Вольнае Глыбокае» сілавікі

    Сілавікі прыйшлі да глыбоцкіх журналістаў. Скрыншот відэа за 28 траўня 2025 года

    У відэа паказваецца, як узброеныя сілавікі ў форме аліўкавага колеру і поўнай амуніцыі ўрываюцца ў офіс газеты «Вечерний Бобруйск». Вядоўца праграмы Ігар Тур звяртае ўвагу гледачоў на кнігу «Факты аб Нямеччыне», якая ляжыць на паліцы ў рэдакцыі.

    Далей ён кажа пра дамовы выдання з амбасадай гэтай краіны ў Беларусі на публікацыю матэрыялаў. За гэтую супрацу «Вечерний Бобруйск», паводле слоў прапагандыста, нібыта атрымаў 30 429 долараў ЗША з 2020 года.

    Ператрус зладзілі і ў прыватным жыллі галоўнага рэдактара «Вечернего Бобруйска» Валянціна Сысоя — у яго нібыта знайшлі пнеўматычную вінтоўку, пісталет, імітацыйную гранату і «візіткі розных немцаў». Допыт рэдактара запісвалі на відэа, якое і паказалі ў праграме дзяржтэлебачання. Сілавікоў цікавіла ўся тая ж тэма – супраца з нямецкай амбасадай. На відэа бачна, што допыт адбываўся 3 красавіка бягучага года.

    Далей у сюжэце гаворка ідзе пра бабруйскае анлайн-выданне babruisk.info. У яго галоўнага рэдактара Анатоля Санаценкі таксама знайшлі дамовы з нямецкай амбасадай на нібыта 55 тысячаў 561 рубель з 2020 года. У сюжэце паказалі таксама пляменніка Анатоля Віталя Санаценку, якому як ІП належыць выданне.

    На відэа допыту Анатоля Санаценкі бачная дата – 28 сакавіка 2025 года. Вядома, што 31 сакавіка яго асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў захоўванні і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Пад пераслед трапіў таксама былы галоўны рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун — таксама паказалі допыт яго запісаны на відэа 3 красавіка. У сюжэце сцвярджаецца, што выдавец газеты — юрыдычная асоба «Дарога на Вільно», атрымала ад супрацы з усё той жа нямецкай амбасадай 17 тысяч долараў з 2020 года, а потым гэтыя грошы нібыта скрала бухгалтарка выдання.

    Газета «Вольнае Глыбокае» паўстала ў 1994 годзе як незалежны рэгіянальны штотыднёвік. Ад самага пачатку выданнем займаўся журналіст, краязнаўца Уладзімір Скрабатун. У завяршэнне 2020 года з эканамічных прычын і прэсінгу рэдакцыя адмовілася ад друкаванай версіі, а ў кастрычніку 2021 года пракуратура Віцебскай вобласці ініцыявала абмежаванне доступу да сайта vglybokaye.by.

    Чацвёртым СМІ, якое згадаў прапагандыст Тур, стала горацкая газета «УзГорак». Пра дамовы з амбасадай Нямеччыны прымусілі распавядаць бухгалтарку выдання.

    Газета «УзГорак» перастала выходзіць у друкаваным выглядзе ў 2022 годзе.

    У сюжэце некалькі разоў падкрэсліваецца, што амбасада Нямеччыны заключала дамовы з рэсурсамі, прызнанымі ў Беларусі «экстрэмісцкімі». У той час «Вечерний Бобруйск» ніколі не быў прызнаны «экстрэмісцкім» — газета выходзіць у друкаваным выглядзе, таксама працуе яе сайт.

    Тое самае з babruisk.info — звестак пра партал няма ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Датычна «Вольнага Глыбокага», «экстрэмісцкімі» былі абвешчаныя старонкі выдання ў сацсетках, але не сама газета, у якой выходзілі матэрыялы паводле дамовы з амбасадай.

    Не з’яўлялася «экстрэмісцкай» ў 2020 годзе таксама газета «УзГорак». Сайт і старонкі выдання ў сацсетках былі абвешчаныя такімі нядаўна — у лютым 2025 года.

    Ці былі заведзеныя нейкія справы пасля паказаных ператрусаў і допытаў, невядома.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці