«Гэта пытанне жыцця і смерці». Сяргей Ціханоўскі выступіў падчас сесіі ААН па правах чалавека
Ён заклікаў выкарыстоўваць усе магчымыя рэсурсы для выратавання палітвязняў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сяргей Ціханоўскі выступіў падчас сесіі ААН па правах чалавека. Скрыншот відэа
«Мяне катавалі. Мяне трымалі ў адзіночнай камеры. Мяне замарожвалі. Мне нават не давалі асадкі, каб напісаць некалькі слоў. Гадамі я не атрымліваў ніводнага ліста, нават ад дачкі. Яны набівалі мне вушы хлуснёй і прапагандай. Яны спрабавалі пераканаць мяне, што ўсе пра мяне забыліся. Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, — гэта не правапрымяненне.
Больш за тысячу чалавек усё яшчэ знаходзяцца за кратамі. Мы павінны змагацца за кожнага з іх. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый павінна дзейнічаць. Гэта не палітыка. Гэта гуманітарнае пытанне. Гэта нават не проста пытанне правоў чалавека. Гэта пытанне жыцця і смерці.
Я заклікаю Генеральнага сакратара ААН умяшацца, выкарыстаць усе рэсурсы, каб выратаваць гэтыя жыцці. І я заклікаю ўсіх вас выказацца пра тое, што адбываецца ў самым сэрцы Еўропы».
Заснавальнік канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі правёў за кратамі пяць гадоў. У 2021 годзе быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі. Яго вызвалілі 21 чэрвеня разам з яшчэ 13 палітвязнямі і вывезлі ў Літву.
