• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сёння 25‑я гадавіна знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага

    Кропкі над «і» ў справе не расстаўленыя дагэтуль, хоць некалькі чалавек і былі асуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення.

    Как искали Дмитрия Завадского, исчезновение которого Лукашенко называл своей «единственной болью»

    Дзмітрый Завадскі з сынам Юрам. Фота: gazetaby.com

    Галоўнае пытанне: хто замовіў забойства беларускага журналіста? І дзе пахаваны Дзмітрый Завадскі?

    Відэааператар тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі знік 7 ліпеня 2000 года. Проста паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу і сябра Паўла Шарамета — і знік па дарозе. На аўтастаянцы ля аэрапорта знайшлі машыну журналіста, але на ёй не было слядоў барацьбы. Дзмітрыю Завадскаму было толькі 27 гадоў.

    zavadskiy-2

    Дзмітрый Завадскі з Паўлам Шараметам

    Незадоўга да таго відэааператар сышоў з пулу журналістаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, і далучыўся да каманды «Общественного российского телевидения» (ОРТ).

    Помста «баевікоў»?..

    Што дзіўна, 14 сакавіка 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Дзмітрыя Завадскага чатырох колішніх супрацоўнікаў спецатрада міліцыі «Алмаз». Валерыю Ігнатовічу і Дзмітрыю Маліку суд прызначыў пажыццёвы тэрмін, Аляксею Гузу — 25 гадоў зняволення, Сяргею Савушкіну — 12 гадоў (ужо выйшаў на волю).

    Следства пастанавіла, што Валерый Ігнатовіч з напарнікамі ваявалі на баку «баевікоў» у Чачні. Пры гэтым на судзе самі фігуранты сваёй віны не прызналі ні па адным з эпізодаў.

    27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым. Аднак цела журналіста дагэтуль не знойдзенае.

    Сям’я журналіста да апошняга дамагалася вярнуць да разгляду справу на падставе наноў адкрытых абставін, але марна — у 2006 годзе расследаванне справы аб знікненні відэааператара было прыпыненае.

    …ці ахвяра «эскандрона смерці»?

    Родныя Дзмітрыя Завадскага і дэмакратычная супольнасць лічаць яго знікненне  справай рук «эскадрона смерці», чыімі ахвярамі раней сталі палітыкі Віктар Ганчар, Юрый Захаранка і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Расследаванне іхняга знікнення таксама не дало вынікаў.

    Незадоўга да знікнення Дзмітрый Завадскі разам з Паўлам Шараметам (апошняга падарвалі ў Кіеве ў 2016 годзе, расследаванне таксама спыненае) займаліся журналісцкім расследаваннем «беларускага следу» ў чачэнскіх войнах. У прыватнасці, цягам кастрычніка 1999-га – траўня 2000-га здымалі з выездам у месцы баявых дзеянняў дакументальны фільм «Чачэнскі дзённік».

    За некалькі дзён да канчатковага вердыкту на экстранай прэс-канферэнцыі ў Маскве Павел Шарамет заявіў, што нейтралізаваць Дзмітрыя Завадскага загадаў Віктар Шэйман — у 2000 годзе бліжэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі якраз займаў пасаду кіраўніка Савета бяспекі і быў зацікаўлены ліквідаваць «небяспечнага сведку».

    Пра датычнасць «эскадрона смерці» да знікнення Завадскага супрацоўнікі пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак паведамілі яшчэ ў 2001 годзе.

    У 2019 годзе былы баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрый Гараўскі, які эміграваў у Швейцарыю «праз страх расправы», зрабіў серыю рэзанансных прызнанняў адносна датычнасці вышэйшага кіраўніцтва да ліквідацыі палітычных апанентаў. Галоўнай падставай было тое, што ўсе яны нібыта «носьбіты сакрэтаў», якія рэжым не мог дазволіць апублічыць.

    zavadskaya-1

    Вольга Завадская з партрэтам сына

    25 траўня 2023 года, пасля працяглага змагання з анкалагічнай хваробай, Вольга Завадская памерла, так і не дазнаўшыся праўды пра лёс сына.

    Незалежнае расследаванне паказала, што ўсе нітачкі гэтага злачынства вядуць на самы верх уладнай піраміды. Але пакуль Лукашэнка пры ўладзе, мы не даведаемся поўнай праўды.

    Вось толькі няма такой таямніцы, якую можна хаваць вечна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці