• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд 14 лістапада разгледзіць скаргу на прыгавор журналісту Ігару Ільяшу

    Вярхоўны суд 14 лістапада разгледзіць апеляцыйную скаргу на прыгавор Ігару Ільяшу, паведаміў на сваёй старонцы ў Face­book Сяргей Ваганаў — дзед жонкі журналіста Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітвязняволенай.

    Ігар Ільяш

    Ігар Ільяш. Фота: старонка Сяргея Ваганава ў Face­book

    Пасяджэнне пачнецца а 9:30.

    16 верасня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Ільяша да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Такога ж пакарання патрабаваў пракурор.

    12 верасня Ільяш у апошнім слове на судзе адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў. Ён абвінавачваўся паводле арт. 369¹ (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361⁴ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

    Раней Ваганаў выказаў меркаванне, што экспертыза “не выявіла ніводнага ілжывага факта”, распаўсюджанага Ільяшом.

    Паводле яго слоў, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд “заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы”, прагучала “абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах” загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта, доктара філалогіі Сяргея Лебядзінскага.

    У якасці аргументаў эксперт прывёў выкарыстанне Ільяшом у сваіх артыкулах тэрміна “палітвязні”, паколькі ў беларускім заканадаўстве такога тэрміна не існуе, удакладніў Ваганаў.

    Пра затрыманне Ільяша паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён быў затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням”. Таксама сцвярджалася, што журналіст “збіраў даныя для замежных разведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням”.

    На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, сярод якіх былі і рэсурсы, што былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі “экстрэмісцкімі фармаваннямі” ў той ці іншы час”, — сказаў ён.

    Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія звярталіся да яго па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.

    У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 дзён — ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.

    Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая разам з аператаркам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вяла прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

    У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК), і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.

    Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

    13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была асуджаная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання восенню 2020 года.

    20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў прысуд без змен. Пры гэтым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” заменена на “шпіянаж”.

    Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі знаходзяцца 28 прадстаўнікоў медыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці