• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сорак базавых велічын — штраф блогеру за стрым з акцыі пратэсту ў Магілёве

    Суд Ленінскага раёна Магілёва 9 верасня пакараў штрафам ў памеры 40 базавых велічын (1080 рублёў) блогера Андрэя Бодзілева за стрым з акцыі пратэсту 30 жніўня ў Магілёве.

    Суддзя Аксана Ратнікава палічыла, што робячы анлайн-трансляцыю з Маршу міру і незалежнасці ў Магілёве, Бодзілеў тым самым парушыў ч. 3 арт.23.34 КаАП — паўторны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

    Увечары 30 жніўня Андрэя Бодзілева затрымалі ўжо пасля заканчэння вулічнай акцыі. Бодзілеў на маршы вёў стрым таго, што адбываецца. Затрыманне адбылося каля ГЦ «Атрыум», калі ён ужо вяртаўся дадому.

    — Да мяне падскочылі двое чалавек у цывільным і зацягнулі ў сіні мікрааўтобус, — расказаў журналістам Андрэй.

    Блогера адвезлі ў Магілёўскі РАУС, дзе склалі ў дачыненні яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пасля амаль суткі ўтрымлівалі ў ізалятары УУС Магілёўскага аблвыканкама.

    З1 жніўня ў другой палове дня Бодзілева даставілі ў суд Ленінскага раёна Магілёва для разгляду яго адміністрацыйнай справы. Але суддзя Аксана Ратнікава знайшла ў складзеным міліцыянтамі пратаколе мноства неадпаведнасцяў і вярнула дакумент у РАУС на дапрацоўку. Пасля гэтага Андрэя Бодзілева вызвалілі.

    Зрэшты, аказалася, што адпусцілі яго зусім ненадоўга. Ужо 2 верасня да Андрэя проста на працу супрацоўнікі міліцыі прывезлі копію новага пратакола.

    9 верасня ў судзе блогер аргументавана даказваў, што ён не прымаў удзел у акцыі, а вёў анлайн-трансляцыю. Ён таксама спасылаўся на Канстытуцыю і міжнародныя дакументы, ратыфікаваныя Беларуссю адносна свабоды слова і права на мірныя сходы. Андрэй Бодзілеў падкрэсліваў, што сваімі дзеяннямі ён ніяк не парушаў грамадскі парадак, не закранаў нічые правы і свабоды.

    Блогер прасіў спыніць дадзены адміністрацыйны працэс, які, на яго думку, з’яўляецца палітычна матываваным.

    Аднак суддзя Ратнікава палічыла, што маюць рацыю міліцыянты, а не Бодзілеў, і прыняла рашэнне пакараў абвінавачанага штрафам ў памеры 40 базавых велічын (1080 рублёў).

    Бодзілеў заявіў, што абавязкова абскардзіць рашэнне суддзі Ратнікавай, хоць на справядлівасць вышэйшай судовай інстанцыі ніякай надзеі не мае.

    Нагадаем, што 30 жніўня падчас Маршу міру і незалежнасці ў Магілёве падчас працы быў затрыманы таксама карэспандэнт інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Алесь Сабалеўскі. Суд Ленінскага раёна Магілёва 1 верасня пакараў яго арыштам на восем сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавам мерапрыемстве.

    У ізалятыры часовага ўтрымання (ІЧУ) на Алеся Сабалеўскага быў складзены новы пратакол з аналагічным абвінавачваннем паводле арт. 23.34 КаАП адносна дэманстрацыі 23 жніўня, з якой журналіст таксама вёў анлайн-трансляцыю. Хутчэй за ўсё, зараз журналіста чакае чарговы суд.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці