“Беларуская маладзёжная” (1963–1994)
Радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная” (галоўная рэдакцыя праграм для моладзі) існавала ў межах дзяржаўнага беларускага радыё з 1963 года. З 1986 года кіраваць “маладзёжкай” прызначылі 30-гадовую журналістку Жанну Літвіну. З гэтага часу пачаўся адлік новай гісторыі рэдакцыі.
“Мой прыход як кіраўніка супаў з пераўтварэннямі, што пачаліся тады ў краіне – найперш з перабудовай”, – узгадвае Ж. Літвіна.
Вострыя тэмы, яркія выступоўцы (сярод якіх, дарэчы, не раз фігураваў і цяперашні кіраўнік дзяржавы, а на той момант – заўзяты апазіцыянер), смелая і свабодная манера размоваў у эфіры – вось тое, за што любілі і слухалі (альбо не любілі, але таксама слухалі) праграмы “БМ”.
Яшчэ ў канцы 1980‑х радыёстанцыя запісала “круглы стол” з удзельнікамі руху “Талака”, якія ўпершыню загаварылі аб нацыянальнай валюце, нацыянальнай арміі, суверэнітэце і незалежнасці Беларусі. (Стужкі з запісам у той жа дзень забрала КДБ, ускрыўшы мантажную, але пасля скандалу на ўзроўні кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё запісы вярнулі). “Наколькі я ведаю, пасля выхаду ў эфір гэтай праграмы Генадзя Бураўкіна (кіраўніка Дзяржтэлерадыё з 1978 па 1990 гг.) выклікалі ў ЦК партыі. Але я з палёгкай зразумела, што ён на нашым баку”, – кажа Ж. Літвіна.
Злева направа (верхні шэраг): Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Ніжні шэраг: Уладзімір Сакульскі, Зміцер Новікаў.
Рэдакцыя адной з першых падхапіла “сцяг” нацыянальнага адраджэння і ўздымала ў эфіры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі – пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэнне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасць краіны і г.д.
У 1991 г. падчас студзеньскага штурму Віленскай тэлестудыі і ўводу савецкіх войскаў у Вільню падчас вечаровага эфіру адбылося прамое ўключэнне Сяргея Дубаўца з рэпартажам з Літвы. “Па тых часах мы выходзілі ў 19 .00 — гэта была цэлая рэвалюцыя на беларускім радыё, калі нашу “вострую” рэдакцыю паставілі ў вяшчальную сетку на тое месца, дзе дзесяцігоддзямі ішлі навіны з Масквы, – кажа Ж. Літвіна. – У той вечар, 13 студзеня, выйшаў па тэлефоне на сувязь Сяргей Дубавец з Вільні, і ў эфіры загучалі словы пра акупацыю Літвы савецкімі войскамі…”
Як ні дзіўна, санкцый з боку кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё ў дачыненні да рэдакцыі пасля гэтага не было, хаця на змену лаяльнаму Генадзю Бураўкіну на пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі ў той час ужо прыйшоў Аляксандр Сталяроў. Аднак праз нейкі час вечаровыя эфіры “Беларускай маладзёжнай” усё ж перасунулі з “прайм-тайму” на позні вечар.
У пачатку 1990‑х у складзе рэдакцыі працавалі Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сцяпанава, Іна Студзінская, Таццяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімір Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Алесь Дайнэка. У 1992–1993 гг. прыйшла генерацыя зусім маладых супрацоўнікаў: Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Генадзь Кеснер, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак.
Сярэдні ўзрост журналістаў рэдакцыі складаў каля 30 гадоў. “БМ” актыўна асвятляла падзеі ў моладезвай культуры, рок-музыцы. Як ні складана гэта сёння ўявіць, пераважная большасць супрацоўнікаў размяўляла ў эфіры тагачаснага дзяржаўнага радыё на “тарашкевіцы”…
Увесну 1994 г., напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў, кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні аддало распараджэнне расфармаваць рэдакцыйны калектыў Галоўнай рэдакцыі вяшчання для моладзі (“Беларускай маладзёжнай”) у звязку з чарговай зменай арганізацыйнага статусу Дзяржаўнага камітэту па тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Нягледзячы на тое, што фармальна ва ўсіх супрацоўнікаў “БМ” (за выключэннем А. Радкевіч і В. Сямашкі) была магчымасць працягнуць працу ў структуры дзяржаўнага радыё ў іншых рэдакцыях, большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні. Пасля перамоваў з Жаннай Літвіной некалькі чалавек з рэдакцыі засталіся працаваць на дзяржрадыё – на новаўтвораным інфармацыйна-музычным канале “Радыё-2”, які вяшчаў на Другім канале дзяржаўнага радыё.
Аднак у хуткім часе і гэтая рэдакцыя, якую ўзначаліў былы супрацоўнік “БМ” Уладзімір Дзюба, таксама трапіла ў катэгорыю “штрафнікоў”. Вяшчанне каналу прыпынялі напярэдадні рэферэндума 1995 г., на кіраўніцтва пісалі дакладныя і адхілялі ад эфіру. Напрацягу двух гадоў усе журналісты, што працавалі раней у “БМ”, звольніліся з “Радыё-2”, а яшчэ праз год рэдакцыю трансфармавалі ў канал “Культура”.