• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    BGmedia: Калі замаўчым мы — будзе гаварыць прапаганда

    BGme­dia гэта рэдакцыя, якую стварылі журналісты з Брэста ў эміграцыі. Сёння выданне застаецца асноўнай крыніцай незалежнай інфармацыі для жыхароў горада і рэгіёна.

    Пагутарылі з галоўным рэдактарам BGme­dia Віктарам Марчуком пра ролю лакальных медыяў, нечаканыя закупы брэсцкіх чыноўнікаў, мільённыя прагляды ў сацсетках і дзе шукаць навіны, калі ўлады імкнуцца іх схаваць.

    У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б небачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.

    «Мы засталіся на тых жа пазіцыях, што былі ў Беларусі: імкнемся даваць аб’ектыўную, праўдзівую, рэалістычную і крытычную інфармацыю. Наша місія не змянілася — па-ранейшаму прасоўваць дэмакратычныя каштоўнасці і рабіць якасную журналістыку», кажа Віктар Марчук.

    Нягледзячы на перашкоды, якія ствараюць незалежнаму выданню беларускія ўлады, журналісты працягваюць сачыць за падзеямі ў Брэсце і вобласці. І лічаць гэта крытычна важным ва ўмовах, калі ў краіне не засталося СМІ, што працуюць без самацэнзуры. 

    Галоўны рэдактар BGme­dia Віктар Марчук. Фота: асабісты архіў

    Эксклюзіўныя навіны з адкрытых крыніц

    «Зараз у нас не ўзнікае пытанняў з тэмамі, бо ў Беларусі безліч праблем», адзначае Віктар Марчук. Галоўнае умець адшукаць інфармацыю і данесці да аўдыторыі. Журналісты BGme­dia пільна манітораць сітуацыю ў рэгіёне і большасць навін здабываюць з адкрытых крыніц. 

    Віктар Марчук прыводзіць шмат прыкладаў, пра што чытачы не даведаліся б без BGme­dia.

    Пра ваенныя закупкі і будаўніцтва заставы

    Дзякуючы маніторынгу адкрытых рэсурсаў рэдакцыя заўважыла, што брэсцкія ўлады набываюць ваенную амуніцыю і іншыя падобныя рэчы. Праз аналіз дакументаў высветлілася, што ў Брэсцкай вобласці пабудавалі новую пагранзаставу.

    «Адна з нашых крыніц гэта сайт дзяржзакупак. Мы адсочваем, што набываюць брэсцкія ўлады. Акрамя нас ніхто гэтага не робіць. Часам для таго, каб зразумець, што адбываецца, журналістам трэба сабраць дадатковую інфармацыю, нават правесці міні-расследаванне. Але там знаходзяцца вельмі цікавыя рэчы».

    Пра растраты чыноўнікаў

    Праз гэты ж рэсурс рэдакцыя высветліла, колькі дзяржаўных грошай сыходзіць на патрэбы брэсцкіх чыноўнікаў.

    «Вельмі шмат сродкаў яны трацяць на мэблю, якую купляюць у свае кабінеты. Прычым не абы-якую, а на індывідуальную замову. А на авіябілеты ў Кітай для працоўнага візіту траіх супрацоўнікаў аблвыканкама выдаткавалі 50 тысяч рублёў».

    Часам трапляюцца і даволі дзіўныя расходы. Напрыклад, у траўні гарвыканкам размясціў тэндэр на памыўку ў лазні для 415 чалавек. З бюджэту на гэтае «мерапрыемства» сышло больш за 7 тысяч рублёў.

    Пра таксічнае прадпрыемства ў Брэсце

    Разам з «Зеленым порталом» журналісты BGme­dia ўзнялі пытанне, чаму ў Брэсце паветра забруджанае фармальдэгідам мацней, чым у іншых абласных цэнтрах. Эколагі мяркуюць, што віной таму можа быць мэблевае прадпрыемства «АНРЭКС». А яно якраз плануе пашырыць вытворчасць.

    «У Брэсце ўжо была эпапея з акамулятарным заводам, а зараз хочуць пабудаваць яшчэ адно таксічнае прадпрыемства. Ніякія дзяржСМІ пра гэта не пісалі».

    Раней брэсцкія журналісты шмат пісалі пра пратэсты жыхароў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода праз гэта іх рэдакцыю пазбавілі офісу. Зараз BGme­dia не дае замоўчваць інфармацыю пра новае таксічнае прадпрыемства ў Брэсце. Архіўнае фота: BGme­dia

    Пра «парад крынжу» на 9 траўня

    Журналісты паглядзелі, як у Беларусі адзначалі 9 траўня. А калі сабралі факты разам, то атрымалася маляўнічая карцінка: скокі пад «Катюшу» на батутах ў Гомелі, дзеці ў вайсковай форме ў Дзяржынску, жанчыны са швабрамі на парадзе ў Беразіно, шэсце трактароў з дзяржсімволікай у Клецку.

    Пра тое, як Брэстчына губляе працаўнікоў

    А яшчэ дзякуючы BGme­dia чытачы даведаліся, што за дзесяць гадоў Брэстчына згубіла 61 тысячу працаўнікоў.

    «Мы знайшлі афіцыйную статыстыку, пасля пайшлі трохі глыбей і падлічылі, што вось на такую колькасць стала менш людзей працоўнага ўзросту. Гэта як буйны райцэнтр».

     «Рэгіянальныя медыі гэта малыя рэкі. Без іх будзе складана вялікім»

    Напрацоўкі брэсцкіх журналістаў часта выкарыстоўваюць буйныя агульнабеларускія медыі, такія як «Зеркало», «Наша Ніва» і іншыя. Нягледзячы на тое, што большасць навін можна адшукаць у адкрытым доступе, менавіта рэгіянальныя журналісты лепей арыентуюцца ў мясцовых крыніцах і больш пільна іх адсочваюць.

    «Гэта можна разглядаць як малыя і вялікія рэкі. Калі не будзе рэгіяналаў, будзе больш складана працаваць вялікім рэсурсам. Частка інфармацыі ўвогуле не дойдзе да чытача», кажа Віктар Марчук. І падкрэслівае, што без лакальных СМІ беларуская незалежная медыйная экасістэма будзе няпоўнай. 

    пра што піша выданне BGmedia

    BGme­dia піша пра тое, што хвалюе людзей ў рэгіёне. Скрыншот са стронкі выдання ў Insta­gram

    Да таго ж у мясцовых журналістаў засталіся сувязі з горадам, таму ёсць магчымасць атрымліваць больш звестак. Аднак з меркаванняў бяспекі рэдакцыя імкнецца выкарыстоўваць гэтыя крыніцы рэдка, толькі калі сапраўды ёсць патрэба. 

    Напрыклад, дзякуючы пэўным інсайдам BGme­dia расказала, як на Хэлоўін брэсцкія ўлады змагаліся з гарбузамі ладзілі аблавы ў кавярнях і рэстаранах, каб прыбраць антураж «няправільнага» свята. А ў іншым выпадку журналісты са сваіх каналаў даведаліся падрабязнасці пра здарэнне ў Тайландзе тады мясцовая паліцыя затрымала беларуса за п’яны дэбош. Высветлілася, што гэта буйны бізнесовец з Брэста, блізкі да ўладаў.

    Эміграцыя дапамагла раскруціць YouTube

    BGme­dia стала першым з беларускіх незалежных выданняў, у каго рэжым адабраў даменнае імя ў нацыянальнай зоне .by.

    «На нас гэта апрабавалі, а пасля пачалі адбіраць паасобку і пачакамі ў нашых калег», узгадвае Віктар Марчук.

    З прычыны «экстрэмісцкага» ярлыка і бясконцых блакіровак сайта медыя вымушана пераарыентавалася на працу ў сацыяльных сетках. Затое ў эміграцыі атрымалася вельмі добра раскруціць YouTube дапамаглі кароткія відэа на актуальныя тэмы, у тым ліку з міжнародным парадкам.

    Зараз на канале BGme­dia паўмільёна падпісчыкаў і каля 16 мільёнаў праглядаў за месяц. Яго глядзяць не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Польшчы, Расіі. Людзей прыцягвае міжнародны і палітычны кантэнт, але гэта адначасова дапамагае прасоўваць і рэгіянальныя тэмы. 

    «Мы цяпер пазіцыянуем сябе як рэгіянальна-міжнароднае СМІ. Таму што на адных платформах мы — рэгіяналы, а на іншых медыя з міжнародным парадкам», разважае Віктар Марчук. 

    «Відэа з мільённымі праглядамі ўжо не лічу»

    Таксама рэдакцыя падкрэслівае сваю шматплатформеннасць. Зараз акрамя сайта BGme­dia развівае каля дзесяці пляцовак у розных сацсетках. Іх агульная аўдыторыя больш за 750 тысяч падпісчыкаў. 

    Кантэнтная палітыка адрозніваецца на розных платформах. Так, у медыя ёсць два акаўнты ў Insta­gram адзін з палітычным кантэнтам, а другі з сацыяльным. У Face­book папулярныя допісы на гістарычныя тэмы напрыклад, пра вядомых людзей, якія паходзяць з Брэстчыны.

    Дарэчы, BGme­dia адно з нямногіх беларускіх выданняў, якому ўдаецца паспяхова развіваць свае пляцоўкі ў Face­book. На старонцы і ў суполцы агулам больш за 55 тысяч падпісчыкаў. Склалася нават сталае кам’юніці, якое рэагуе на публікацыі. 

    Віктар Марчук: ШІ ў журналістыцы дазваляе рабіць больш і дамагацца лепшага выніку

    Аўдыторыя выдання ў сацсетках даволі актыўная журналісты атрымліваюць каментары і фідбэкі. З рэгіянальнага кантэнту найбольш «заходзіць» сацыяльная тэма. Напрыклад, у Insta­gram стаў папулярным ролік пра тое, што клубніцы гніюць з прычыны залеваў, і кошты на іх павялічваюцца, агулам ён набраў 1,2 мільёна праглядаў. Як і відэа пра пахаванні з дапамогай трактара на Паўночных могілках у Брэсце.

    «У нас ёсць даволі шмат ролікаў з мільёнамі праглядаў. Некаторыя набралі больш за 10 і 20 мільёнаў. Калісьці я іх лічыў, а зараз ужо не лічу», дадае Віктар Марчук.

    Як «экстрэмісцкі» лагатып з’явіўся на старонках «СБ. Беларусь сегодня»

    «У нас быў цікавы выпадак увесну 2024 года, калі мы зрабілі публікацыю пра стыхійны сметнік пад Брэстам. Жанчына скардзілася на гэта ў Tik­Tok. Звалка сапраўды была жахлівая буйнагабарытнае смецце, ад унітазаў да тэлевізараў. 

    Мы выпусцілі відэа. Праз нейкі час дзяржаўная газета “СБ. Беларусь сегодня” выдала тэкст, што ўжо ніякага сметніка няма, усё чыста і прыгожа. А ў якасці ілюстрацыі ўзяла скрын з нашага відэа з нашым “экстрэмісцкім” лагатыпам. Мы таксама зрабілі скрын і апублікавалі матэрыял. Вядома, “СБ” хутка прыбрала лога, але ў нашым архіве ўсё захавалася».

    Скрыншот артыкула «СБ. Беларусь сегодня» са скрыншотам відэа акаўнта @365bel у Tik­Tok. Крыніца: BGme­dia

    Пра сметнік па слядах публікацыі BGme­dia пісалі і іншыя дзяржаўныя СМІ у выніку яго прыбралі, расказвае Віктар Марчук. 

    «З гэтага мы разумеем, што за намі сочаць і нашыя матэрыялы чытаюць вельмі ўважліва».

    Аднак часам рэакцыя ўладаў бывае не такой «канструктыўнай». Журналісты заўважылі, што перыядычна з Tik­Tok знікаюць ролікі, на падставе якіх яны рабілі ўласныя матэрыялы. 

    «Відавочна, што гэта адбываецца праз ціск уладаў на аўтара роліка, лічыць Віктар Марчук. Бо мы шукаем менавіта такія праблемныя тэмы і іх падсвечваем. У той час як у дзяржСМІ зусім іншыя мэты паказаць, як добра жывецца ў краіне Беларусь».

    «Калі не мы, то хто будзе расказваць беларусам праўду?»

    На сёння калектыў BGme­dia зусім невялікі сем чалавек. Увесь гэты час журналісты вымушаныя працаваць непублічна, пад ціскам, з рызыкай пераследу. 

    «Мы пра гэта стараемся не думаць. Часам хтосьці сыходзіць, але асноўнае ядро застаецца нязменным. Так мы працуем ужо чацвёрты год. Шмат што залежыць ад атмасферы ў калектыве, ад адносінаў дзякуй Богу, з гэтым праблем няма».

    Віктар Марчук прызнаецца, што ў рэдакцыі былі моманты, калі здавалася, што праца можа спыніцца.

    «Асабліва цяпер, у гэтым годзе, калі сродкі пражылі, а ніякай новай рэальнай падтрымкі не з’явілася. Даводзіцца пісаць “стопяццот” дробных праектаў, на гэта сыходзіць шмат часу, а на некаторыя заяўкі нават няма адказаў, ці яны дайшлі да адрасата. На жаль, у беларускіх СМІ ў выгнанні зараз адсутнічае магчымасць сябе фінансава забяспечыць. Бо мы працуем на аўдыторыю, якая сёння, на жаль, не можа нас падтрымаць ні рэкламай, ні данатамі, таму што мы так званыя “экстрэмісты”».

    Аднак у рэдакцыі ёсць адказ на пытанне, чаму нават у такіх умовах трэба працягваць.

    «Таму што калі не будзем гаварыць мы будзе гаварыць прапаганда. У нас нават слоган такі ёсць. Мы бачым у гэтым сваё пакліканне, сваю місію. Таму што — так, можна на ўсё плюнуць і сысці. Заняцца чымсьці іншым. Але хто тады будзе расказваць беларусам праўду?»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці