Reform.news: За кожным тэкстам стаіць жывы чалавек
Reform.news сёння — гэта невялікая, але ўпартая каманда журналістаў, якая працягвае працаваць ва ўмовах пастаяннага ціску, фінансавых крызісаў і пагроз закрыцця. Тут робяць стаўку на дакладнасць, працу з першакрыніцамі і расследаванні, якія прымушаюць паглядзець на звыклыя рэчы з новага ракурсу.
Паразмаўлялі з галоўным рэдактарам Reform.news Фёдарам Паўлючэнкам пра тое, як усё пачыналася, чаму праект увогуле існуе і што дапамагае трымацца, калі, здаецца, усе абставіны супраць.
У праекце «Без нас вы б не ведалі…» БАЖ распавядае пра тое, якія факты, падзеі, праблемы ў Беларусі засталіся б нябачнымі, калі б не было незалежных медыяў і журналістаў.
«Я, калі шчыра, не вельмі разумею, што такое “місія”. Для нас, хутчэй, гаворка пра тое, каб у прафесіі займацца журналістыкай і зрабіць сваю працу добра. Я і мае калегі прайшлі праз многія рэдакцыі, працавалі ў розных умовах, і ўсюды чагосьці не ставала. Наш праект нарадзіўся як жаданне для сябе зрабіць прадукт, які мы лічым важным. У выніку атрымалася, што гэта трэба было не толькі нам», — распавядае Фёдар Паўлючэнка.
Першапачаткова Reform.news ствараўся як эксперымент — «атрымаецца ці не». Невялікая каманда, тэкставы фармат, класічны сайт. Ідэя была праверыць, ці можа незалежная ініцыятыва існаваць без вялікіх рэсурсаў, але з высокімі стандартамі.
«Цяпер я, напэўна, успрымаю гэта як місію — рабіць якасную журналістыку. Паводле тых высокіх стандартаў, як мы іх разумеем. Прыкладна так».

Фёдар Паўлючэнка. Фота: Дзмітрый Дук / Белсат
Жыццё «на мяжы закрыцця»
«Мы жывём у сітуацыі магчымай прыпыненасці або закрыцця праекта практычна з самага пачатку. 2021‑ы, 2022‑і, 2023‑і, 2024‑ы, 2025‑ы — гэта ўсё гады, калі рэдакцыя знаходзілася на мяжы закрыцця, і толькі, па вялікім рахунку, цуд дазваляў утрымлівацца».
Самы востры момант прыйшоўся на канец 2023 года. «Тады ў нас здарыўся нават не касавы разрыў, а сітуацыя, калі партнёр, ад якога мы залежалі, адмовіў нам у падтрымцы і прынцыпова змяніў умовы, па якіх мы працавалі. Заробкі калегам плаціць не было з чаго».
Каманда звярнулася па дапамогу да чытачоў і слухачоў.
«Мы проста папрасілі падтрымкі. Гісторыя адгукнулася — сабралі, напэўна, 30 тысяч еўра. Гэта дазволіла нам выжыць у той момант. І дало сілы. Было адчуванне, што, калі ты ўзяў у людзей, у многіх-многіх людзей, па 5–10 еўра, то ты проста абавязаны працягваць працаваць. Ты не можаш іх падвесці, не можаш закрыцца, бо гэта будзе як падман».
Аднак праблемы не зніклі. «Да гэтага часу, па вялікім рахунку, цяжкасці тыя ж. Зараз мы таксама ў вельмі цяжкім становішчы. Фінансавая падтрымка скарачаецца. Праблема закрыцця ўсё яшчэ ёсць».
Пра што мы б не ведалі без Reform.news
Reform.news застаецца крыніцай гісторый, якія без іх маглі б так і не трапіць у публічную прастору.
«Мне вельмі падабаецца, як мы робім навіны. Гэта стыль інфармацыйнага агенцтва: невялікія фарматы, але аператыўна, з працай з першакрыніцамі, раней за іншых. Гэта тое, што павінна рабіць якаснае медыя».
Гэтая работа не проста пераказ навін, а выразны акцэнт на тым, каб працаваць непасрэдна з крыніцамі інфармацыі і быць хутчэйшымі за іншых, падкрэслівае рэдактар.
Адмыслова ён вылучае працу свайго калегі.
«У нас ёсць (праўда, не вельмі рэгулярна, але выходзяць) вельмі добрыя інтэрв’ю, якія робіць Аляксандр Атрошчанкаў. Я паважаю яго за гэтую працу, і мне самому прыемна потым гэтыя тэксты чытаць. Гэта такі вельмі нефарматны варыянт, калі інтэрв’ю доўгія, з нечаканымі суразмоўцамі. Мяне гэты фармат вельмі радуе».

Аляксандр Атрошчанкаў (злева) бярэ інтэрв’ю ў польскага філосафа Анджэя Гняздоўскага — суаўтара кнігі пра падзеі 2020 года ў Беларусі. Фота: Юлія Шаблоўская
Яшчэ адна рубрыка, якая атрымалася паспяховай, — «Каментар».
«Гэта такая аператыўная аналітыка па падзеях. Калега, не буду яго называць, працуе пад псеўданімам. Вельмі мне падабаецца, як ён усё гэта “заварочвае” і піша».
Але асаблівы гонар — гэта расследаванні. «Іх не так шмат, але яны проста вельмі нечаканыя па тэмах. Часам нам проста шанцуе».
Суразмоўца прыводзіць прыклад апошняга гучнага матэрыялу — расследаванне пра нямецкага дэпутата ад AfD, які трымаў плантацыю цыбулі пад Лідай, дзе працавалі беларускія палітзняволеныя.
«Гэтая гісторыя — як цыбуля, шмат слаёў. Найбольш дзіўна было тое, што і для нас, і для беларускіх журналістаў сітуацыя з палітвязнямі, якіх у дадзеным выпадку выкарыстоўвалі як рабоў на ферме, плацілі ім тры капейкі, увогуле не выклікала асаблівай цікавасці. Гэта настолькі нармалізаваная сітуацыя, што ацаніць глыбіню праблемы можна было толькі вачыма ўмоўнага немца або еўрапейца. І мне падаецца, што мы данеслі гэтую гісторыю. Мы прымусілі еўрапейцаў паглядзець пад іншым вуглом на беларускую праблему».
Сярод іншых значных работ — публікацыя часоў міграцыйнага крызісу 2021 года. Як толькі з’явіліся першыя паведамленні пра мігрантаў на мяжы, каманда вырашыла разабрацца, як арганізаваны гэты працэс, хто яго кантралюе і праз якія схемы людзі трапляюць у Беларусь. Адна з журналістак далучылася да арабамоўных груп у Facebook і Telegram, дзе вакол турфірм існавалі цэлыя сеткі, што прапаноўвалі паездкі на мяжу з ЕС. Яна ўступала ў перапіску з патэнцыйнымі «кліентамі», адсочваючы шлях ад першых запытаў і набывання білетаў да прыезду ў Мінск, пражывання ў гатэлях, перавозкі да мяжы і жыцця ў лагеры ў Літве.
Гэта расследаванне дапамагло развеяць распаўсюджаны міф:
«Тады было шмат матэрыялаў у літоўскай і польскай прэсе пра тое, што Лукашэнка асабіста кожнага мігранта “за руку” вядзе да мяжы. Мы паказалі, што на самай справе гэта быў, хутчэй, стыхійны працэс, які рэжым проста выкарыстаў. Ролю Лукашэнкі можна апісаць так: ён спыніў кантроль на мяжы, і ўсё астатняе адбылося само.
У выніку былі ўведзеныя санкцыі, забароненыя прамыя рэйсы з Іраку ў Мінск, і плынь рэзка скарацілася. Потым з’явіліся абыходныя маршруты праз Стамбул, Сірыю і іншыя краіны, але ў той момант праблема была вельмі прыкметна зменшаная».
Як Reform.news змагаўся з міграцыйным крізісам і фэйкамі. Вопыт рэдакцыі
Суразмоўца падкрэслівае, нават калі ў самой Беларусі эфект ад такіх расследаванняў можа быць абмежаваным, на міжнародным узроўні яны ўсё ж змяняюць падыход да праблемы і прымушаюць дзейнічаць.
Як журналісты працуюць з аўдыторыяй
Пачынаўся Reform.news як класічны тэкставы вэб-сайт з традыцыйнай зваротнай сувяззю праз пошту ці форму на сайце. Людзі маглі даслаць інфармацыю або пакінуць водгук на матэрыялы. З цягам часу акцэнт змясціўся ў бок відэакантэнту і новых платформ. У рэдакцыі запусцілі некалькі YouTube-праектаў, стварылі акаўнты ў TikTok. Менавіта там цяпер адбываецца найбольш жывая камунікацыя: у каментарах, асабістых паведамленнях.
Прысутнасць вядоўцаў і пазнавальныя твары журналістаў сталі важным фактарам даверу. «Я разумею, што людзі больш ахвотна дзеляцца, калі бачаць твар, калі ведаюць гэтага чалавека. Тады яны хочуць падзяліцца інфармацыяй. Гэта працуе», — адзначае Фёдар Паўлючэнка.
Аб’ёмы зваротнай сувязі далёкія ад масавых, але яны стабільныя і часта ўтрымліваюць важныя факты. Пры гэтым класічны вэб-фармат практычна страціў сваю эфектыўнасць. Пасля блакіроўкі сайта і страты дамена Reform.by пераход на новы адбыўся няўдала — перанакіраванні не спрацавалі, і значная частка аўдыторыі была страчаная. Сёння большая частка падтрымкі паступае праз новыя каналы.
«Усе нашы асноўныя данатары — гэта людзі, якія прыйшлі праз YouTube, TikTok і іншыя новыя праекты. Вялікі дзякуй усім, хто нас падтрымлівае», — падкрэсліваюць у рэдакцыі.
Але зваротная сувязь бывае не толькі пазітыўнай. Аднойчы публікацыя прывяла да асабістай атакі на журналістаў. Гэта была гісторыя пра былога актывіста з Гомеля, які пасля жыцця ва Украіне і працы на наркакартэль пераехаў у Швейцарыю. Пасля выхаду матэрыялу герой рэзка адрэагаваў: пагражаў, спрабаваў узламаць сайт і пошту, выходзіў на знаёмых і сваякоў журналістаў.
Ён стварыў сотні фэйкавых старонак на розных мовах, дзе абвінавачваў аўтара ў жахлівых злачынствах, каб гэтыя фэйкі знаходзіліся пры пошуку імя журналіста. Частку матэрыялаў удалося выдаліць праз запыты, але значная кольскасць засталася на расійскіх і ўкраінскіх пляцоўках, дзе ніхто не збіраўся іх прыбіраць. «Гэта быў вельмі непрыемны досвед», — прызнаецца суразмоўца.
«Выгаранне — наша другое імя»
Галоўны рэдактар не хавае, што пытанне выгарання ў рэдакцыі стаіць востра:
«Гэта непрыемнае пытанне, таму што ніяк мы з ім не спраўляемся. Гэта цяжка. Якога-небудзь асаблівага спосабу няма. Людзі проста працуюць і робяць сваю справу. Гэта рэальна катастрофа».
Журналісты аказаліся ў складаных умовах — пад ціскам, з пагрозамі і крымінальнымі справамі.
«Мы працуем за вельмі маленькія, проста смешныя па польскіх мерках грошы. Практычна ў кругласутачным рэжыме, без выходных, без адпачынкаў. Выгаранне — гэта наша другое імя».
Асобная тэма — публічнасць і ананімнасць журналістаў.
«Мы думалі, як можна зрабіць больш людзей публічнымі. Гэта было б у інтарэсах рэдакцыі, бо цяпер працуе пазнавальнасць і асабісты брэнд. Але не ўсе могуць сабе гэта дазволіць. Зараз у нас толькі тры публічныя асобы: я, Аляксандр Атрошчанкаў і Аляксей Жукаў. Усе астатнія працуюць ананімна, бо інакш небяспечна».
У расследаваннях гэта асабліва адчувальна.
«Часта вялікую частку працы робяць калегі, але я не магу назваць іх імёны. Даводзіцца прымаць гэтую працу на сябе ў публічнай прасторы, і людзі застаюцца без магчымасці сказаць “гэта зрабіў я”. Гэта іх асабістае рашэнне — не свяціцца, але праблема ёсць».
Reform.news: рэдакцыя інтравертаў
Фёдар Паўлючэнка прызнае, што аўдыторыя часта не задумваецца, колькі працы і адказнасці стаіць за кожным матэрыялам, асабліва калі аўтарства не пазначанае або схаванае пад псеўданімам.
«Зараз ёсць праблема, калі чытач, бачачы матэрыял без імя аўтара, проста не думае, што за тэкстам стаіць жывы чалавек, які збіраў інфармацыю і праводзіў каласальную працу».
А сам ён расказвае пра сваю каманду з усмешкай:
«У нас даволі дзіўная каманда — рэдакцыя інтравертаў. Нам камфортна працаваць дыстанцыйна, асабліва не размаўляць і не сустракацца. У 2020‑м я паспрабаваў сабраць усіх у офісе, мы папрацавалі паўдня, і больш ніхто не прыйшоў. Гэта шмат што кажа пра нас.
Можа, у нас менш рэпартажаў і матэрыялаў, што патрабуюць непасрэднай камунікацыі з людзьмі, затое больш расследаванняў, аналітыкі, навін. Гэта тое, у чым нашы навыкі сапраўды працуюць напоўніцу».
І нягледзячы на розныя характары і стыль працы, каманду аб’ядноўвае галоўнае — сумленная журналістыка.
«Я не хачу перабольшваць наша значэнне. Без нас свет не спыніўся б. Але калі мы камусьці патрэбныя і камусьці важныя — дзякуй усім, хто з намі і падтрымлівае нас».
