Глыбоцкая суполка ГА «БАЖ» завітала да сваіх калегаў з Маладзечна і перадала “Эстафету добрых спраў”
Як кажа каардынатар глыбоцкай суполкі Таццяна Cмоткіна, важна ўмацоўваць не толькі вертыкальныя сувязі, але і гарызантальныя. У нас вельмі добра наладжаны стасункі з галоўным офісам, з суполкамі Віцебскага рэгіёна, нават з Магілёўскага. А вось у Маладзечна, якое і знаходзіцца недалёка ад Глыбокага, да калегаў з “Рэгіянальнай газеты” і сайта “Кraj.by атрымалася прыехаць упершыню.
Яшчэ звязвае гэтыя два гарады, сяброўства рэдактараў дзвюх незалежных газет Уладзіміра Скрабатуна з “Вольнае Глыбокае” і Аляксандра Манцэвіча з “Рэгіянальнай газеты”. У Беларусі гэтыя друкаваныя незалежныя СМІ цалкам беларускамоўныя. На беларускай мове ў іх нават рэклама.
Глыбоцкія журналісты распавялі маладзечанскім калегам пра добрыя справы, якія ладзіліся ў іх рэгіёне. А таксама засяродзілі ўвагу на дапамозе ў выданні кніг і брашур мясцовым паэтам і іншым грамадскім актывістам. Гэта адзін з відаў дзейнасці, дзе журналісты могуць сябе праявіць у якасці дызайнера, вярстальшчыка, карэктара ды рэдактара. А людзі ўдзячныя ім за тое, што іх творчасць не ляжыць у стале, а бачыць свет і мае сваіх прыхільнікаў.
Пасля сябры Маладзечанскай філіі разам з калегамі з Глыбокага за кубкам гарбаты абмеркавалі, што яны змогуць зрабіць у межах “Эстафеты добрых спраў”. Гучала шмат разнастайных прапановаў, якія кіраўніца Маладзечанскай філіі ГА “БАЖ” Зоя Хруцкая з цікавасцю выслухала. А пра добрыя справы маладзечанцаў у хуткім часе можна будзе даведацца на нашым сайце.