• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Літоўскі медыяэксперт: Стварыць грамадскае тэлебачанне ў краіне, дзе не было такіх традыцый, надзвычай складана

    Грамадскі вяшальнік LRT у Літве аб’ядноўвае тры тэлеканалы і тры радыёпраграмы. Самым складаным было распрацаваць механізм яго незалежнасці ад палітыкаў, бо кожная партыя, якая прыходзіла да ўлады, імкнулася ўсталяваць кантроль над радыё і тэлебачаннем. Як гэта ўдалося і чаму зараз вядуцца размовы пра скарачэнне фінансавання для LRT? БАЖ пагаварыў з аналітыкам медыярынка Нерыюсам Малюкявічусам.

    Аналітык медыярынка  Нерыюс Малюкявічус

    Аналітык медыярынка Нерыюс Малюкявічус. Фота: з асабістага архіва эксперта

    Праект «Грамадскія СМІ: міжнародны досвед» — гэта працяг даследавання БАЖ па фарміраванні сістэмы грамадскіх СМІ ў Беларусі. У першай частцы мы разглядалі заканадаўчую базу для стварэння грамадскага тэле- і радыёвяшчання, другая прысвечана вывучэнню адпаведнага вопыту краін нашага рэгіёна. Медыяэсперты і асобы, якія стаялі ля вытокаў сістэмы грамадскіх СМІ ў розных краінах, падзяліліся з БАЖ сваім досведам і рэкамендацыямі для Беларусі, а таксама расказалі, якіх памылак варта пазбягаць. 

    З’яўленне LRT і кантроль над ім

    — Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Літве захавалася дзяржаўнае радыё і тэлебачанне, але ўсе ведалі, што ў Еўропе ёсць такі інстытут дэмакратыі як грамадскае радыё і тэлебачанне. У краіне набірала абароты дыскусія, як стварыць у нас такую сістэму. У 1996 годзе была заснавана Камісія па радыё і тэлебачанні. Ды і ў Законе аб  прадастаўленні інфармацыі нават быў артыкул і аб грамадскім радыё і тэлебачанні. То-бок пачаліся спробы дэмакратызаваць дзяржаўныя СМІ, каб у літоўскай медыяпрасторы выбудаваўся, як у Еўропе, баланс меркаванняў.

    Але ўсе спробы натыкаліся на тое, што кожная партыя хацела мець сваіх прадстаўнікоў у кіраўніцтве грамадскага вяшчальніка. Хто з буйных фракцый ні прыходзіў да ўлады, напрыклад, кансерватары ці  сацыял-дэмакраты, яны ў першую чаргу пачыналі са змены генеральных  дырэктараў і чальцоў Рады LRT. Гэта працягвалася шмат гадоў.

    Да 2003 года памянялася 14 генеральных дырэктараў: адны працавалі год-два, а некаторыя нават па некалькі дзён. На маю думку, каб стварыць добры Закон аб грамадскім вяшчальніку, каб ён дзейнічаў і быў дэмакратычным, трэба, каб у парламенце быў баланс сіл.

    Нармальны закон, які і зараз працуе, быў прыняты ў Літве ў 2005 годзе. Зрабілі так, што кожныя чатыры гады мяняюцца чатыры з дванаццаці сябраў Рады. Значыць, восем застаюцца, чатыры — мяняюцца. Чатырох сябраў Рады прызначае прэзідэнт краіны, чатырох — парламент, чатырох — грамадскія арганізацыі. Ніхто самастойна не можа памяняць сістэму, таму, напрыклад,  калі прэзідэнт захоча неяк умяшацца, яшчэ ёсць іншыя арганізацыі, якія будуць супраць. Ці калі парламент захоча нешта змяніць, то прэзідэнт таго не дапусціць. 

    Акрамя таго  кожны генеральны дырэктар LRT  працуе толькі адну кадэнцыю — 5 гадоў — і  праводзіць на сваёй пасадзе з першага дня да апошняга. Пасля абвяшчаецца конкурс на замяшчэнне пасады. Такім чынам  ужо чатыры генеральныя дырэктары па пяць гадоў адпрацавалі.

    Зараз у LRT працуе каля 600 чалавек. Вяшчальнік вырабляе каля дзвюх трацін свайго кантэнту ўласнымі сіламі і перадае траціну вонкавым вытворцам.

    — Досвед якіх краін прыдаўся Літве падчас стварэння грамадскага тэлерадыёвяшчання?

    — Калі я глядзеў досвед іншых краін, то адзначыў: няма ніводнай арганізацыі падобнай адна да другой. Усе вяшчальнікі розныя і з розным вопытам. У некаторых краінах бываюць асобна радыё і тэлебачанне, дзесьці сумесна. Нельга ўзяць за аснову нейкае заканадаўства і па яго ўзоры ствараць у сябе грамадскага вяшчальніка. Людзі на месцах самі ведаюць, што трэба мяняць.

    Стварыць грамадскае тэлебачанне ў краіне, дзе не было такіх традыцый, — гэта надзвычай складана. Напрыклад, ва Украіне, дзе я быў у 2017 годзе, грамадскае тэлебачанне было на дваццатым месцы па аўдыторыі. Як людзі будуць плаціць унёскі і як фінансаваць такое? Калі фінансаваць, дык трэба, каб людзі ведалі, што гэта вельмі добрае тэлебачанне, трэба яму плаціць, падтрымаць і гэтак далей.

    Украінская медыяэкспертка: Грамадскае вяшчанне — гэта здаровая ежа сярод рознага фастфуду

    Праца на дзесяцігоддзі

    Адзін журналіст з Даніі казаў мне, што грамадскае тэлебачанне — гэта гарант бяспекі краіны, таму што гэта ўсё дакладна, аб’ектыўна. Людзі давяраюць вяшчальніку, таму ў іх не ўзнікае пытанне, ці варта плаціць абанентскую плату. 

    75% насельніцтва Літвы, паводле звестак на снежань 2023 года, давяраюць LRT. Гэта на чатыры працэнтныя пункты больш, чым у снежні 2022 года. (Крыніца: Spin­ter Research 2023)

    Праца па стварэнні грамадскага тэлебачання займае дзесяцігоддзі. Напрыклад, у нас быў створаны праект Закона аб грамадскім тэлебачанні, які прадугледжваў, што кожны, хто карыстаецца электрычнасцю, павінен плаціць нейкую фіксаваную суму за радыё і тэлебачанне.  Але пабаяліся прыняць закон у такім выглядзе,  той дакумент не пайшоў у жыццё.

    — А на якой мадэлі фінансавання ў выніку спыніліся?

    Да нас прыязджаў эксперт з Euro­pean Broad­cast Union, гэта арганізацыя, якая аб’ядноўвае ўсіх грамадскіх вяшчальнікаў Еўропы. Яны прапаноўвалі шмат варыянтаў. Зразумелі, што абанентская плата ў нас не будзе працаваць, бо людзі ўжо плацяць за кабельнае тэлебачанне.

    Радыё LRT

    Радыё LRT. Скрыншот

    Тады яны прапанавалі, каб было фінансаванне з бюджэту, але фіксаванае, каб ніхто не мог кожны год  змяняць сістэму. І ў 2013 годзе прынялі закон, што гэта будзе 1.5% ад падаходнага падатку і 1.3% паступленняў ад акцызаў. Гэты механізм фінансавання працуе да гэтага часу, але эканоміка развіваецца, сума ад гэтых паступленняў становіцца вышэй, таму зараз нават пачалі сумнявацца, ці патрэбна столькі сродкаў грамадскаму тэлебачанню.

    Калі ў 2014 годзе была сума 22 мільёны еўра, летась ужо 63 мільёны еўра, а сёлета 73 мільёны еўра. Гэта больш, чым атрымліваюць ўсе камерцыйныя тэлеканалы разам узятыя. А камерцыйных каналаў у нас вельмі шмат. І таму ў парламенце пачаліся размовы, што зашмат LRT атрымлівае.

    У 2015 годзе была забаронена рэклама на грамадскім тэлебачанні і радыё, таму што яны грошы атрымліваюць з бюджэту. Камерцыйныя тэлеканалы былі вельмі задаволены такім рашэннем. І для грамадскага тэлебачання гэта вельмі добра, калі няма рэкламы, бо яно не выбівае гледача і не стварае нейкіх ілюзій, што вяшчанне  залежнае ад рэкламадаўцы. Ты больш аб’ектыўны, калі  не маеш камерцыйнай рэкламы.  

     Выйшлі на першую пазіцыю

    — Увесь час грамадскае тэлебачанне было на трэцім месцы па аўдыторыі, але сёлета нарэшце яны ўзняліся на першую прыступку. Я палічыў, што  яны выйшлі на гэтую пазіцыю за 7 месяцаў. Значыць гэта дае свой плён. Вяшчальнік можа набываць асноўныя спартыўныя спаборніцтвы. Пакуль не атрымалася з Алімпіядай, але Паралімпійскія гульні яны транслююць. Таксама яны паказваюць асноўны Еўрапейскі баскетбольны турнір і Лігу, а яшчэ  — «Еўрабачанне».

    На LRT  добрыя навіны, спартыўныя перадачы, фільмы. І калі ў адным месяцы яны крыху адстаюць па рэйтынгах, то ў другім месяцы крыху вырываюцца наперад.   

    Старшыня LRT Моніка Гарбачаўскайтэ-Будрыне летась распачала свой другі тэрмін у Выканаўчым савеце Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU). Два іншых прадстаўніка LRT былі пераабраныя для працягу працы ў Радыё і Лічбавым камітэтах EBU.

    — Вы зараз часта глядзіце грамадскае тэлебачанне і слухаеце радыё? 

    — Так, пастаянна. Раздражняе, што яны яшчэ не знайшлі сваёй індывідуальнасці, таму што кожны сезон яны каардынальна мяняюць праграмы, эксперыментуюць.

    — А што вам найбольш падабаецца, якія праграмы?

    — Інтэлектуальныя віктарыны — самыя разумныя людзі краіны прыходзяць на тэлебачанне адказваць на пытанні.  Мы нават з жонкай спаборнічаем, хто адкажа правільна. У прынцыпе на LRT шмат якасных забаўляльных праграм. Яшчэ мне падабаюцца перадачы пра вядомых людзей або пра лёсы літоўцаў, якія з’ехалі ў іншыя краіны, а пасля вяртаюцца і расказваюць, як там было.  

    забаўляльныя праграмы на LRT

    Арыгінальнае фларыстычнае шоу Žiedų val­dovai на LRT. Скрыншот відэа

    На радыё кожныя паўгадзіны — навіны, вельмі аператыўна ўсё працуе, у жывым эфіры нейкія падзеі, каментарыі. Я сам працаваў на радыё, быў дырэктарам радыё тры гады, і некаторыя праграмы яшчэ засталіся з маіх часоў.

    Яшчэ LRT стварылі вэб-сайт і зараз спаборнічаюць з Delfi па гэтым напрамку.  У іх вельмі добрыя навіны на шмат якіх мовах, там у рэдакцыі на сайце працуе каля 40 чалавек. Там ты можаш усё паглядзець у запісе:  і радыё паслухаць, і тэлебачанне паглядзець, і фільмы ёсць.  Так што грамадскі вяшчальнік сёння — гэта не толькі звыклыя радыё і тэлебачанне, яны развіваюць іншыя сэрвісы і платформы.

    Беларусі трэба вывучаць досвед іншых краін і цярпенне

    — Ці патрэбны ў прынцыпе ў сучасным грамадстве такі інстытут як грамадскія СМІ? Якія могуць быць альтэрнатывы?

    — Вядома, было б добра мець грамадскае тэлебачанне ў кожнай краіне, але на постсавецкай прасторы я не ўяўляю, як гэта можна зрабіць, бо, аб’ектыўна, там столькі палітыкаў хочуць мець у сваіх руках усю інфармацыю. 

    — У Беларусі ніколі не існавала інстытута грамадскіх СМІ, вашыя рэкамендацыі, ці варта яго ствараць?

    Я думаю, што трэба вывучаць досвед, як вы робіце, іншых краін з такім жа насельніцтвам, як у вас. Нейкія падабенствы знайсці. І цярпенне трэба, безумоўна.

     грамадскае тэлебачанне Літвы LRT

    Фота: LRT.lt

    — У Беларусі ствараць грамадскае вяшчанне лепш на базе Белтэлерадыёкампаніі ці з чыстага ліста?

    — На пустым месцы, я думаю, што гэта немагчыма.  У нас  таксама раней было дзяржаўнае радыё і тэлебачанне Літоўскай ССР і на яго аснове стваралася LRT.  Паступова неяк атрымался. Шмат было дыскусій на гэтую тэму, было шмат тых, хто быў супраць, і мітынгі ў нас за вокнамі былі. Але грамадскае тэлебачанне — гэта калі і адны незадаволеныя, і другія. І гэта вельмi добра.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці