• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Украінская медыяэкспертка: Грамадскае вяшчанне — гэта здаровая ежа сярод рознага фастфуду

    Якая сёння роля грамадскага вяшчання ў медыяландшафце Украіны і ці разумеюць яго сутнасць людзі, палітыкі і журналісты? БАЖ пагаварыў з  кіраўніцай Назіральнай рады Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны («Суспільне мовлення»), намесніцай шэф-рэдактара выдання «Дэтэктар Медыя» Святланай Астапай.

    Кіраўніца Назіральнай рады Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны («Суспільне мовлення»), намесніца шэф-рэдактара выдання «Дэтэктар Медыя» Святлана Астапа

    Кіраўніца Назіральнай рады Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны («Суспільне мовлення»), намесніца шэф-рэдактара выдання «Дэтэктар Медыя» Святлана Астапа. Фота: «Суспільне мовлення»

    Праект «Грамадскія СМІ: міжнародны досвед» — гэта працяг даследавання БАЖ па фарміраванні сістэмы грамадскіх СМІ ў Беларусі. У першай частцы мы разглядалі заканадаўчую базу для стварэння грамадскага тэле- і радыёвяшчання, другая прысвечана вывучэнню адпаведнага вопыту краін нашага рэгіёна. Медыяэсперты і асобы, якія стаялі ля вытокаў сістэмы грамадскіх СМІ ў розных краінах, падзяліліся з БАЖ сваім досведам і рэкамендацыямі для Беларусі, а таксама расказалі, якіх памылак варта пазбягаць. 

    «Наша прынцыповая пазіцыя: грамадскае вяшчанне ва Украіне павінна стварацца на базе дзяржаўных СМІ»

    Працэс стварэння сістэмы грамадскіх СМІ ва Украіне расцягнуўся на дзесяцігоддзі і да гэтага часу рэформы працягваюцца. 30 дзяржаўных тэлерадыёкампаній аб’ядналі ў адну грамадскую, вядомую сёння пад брэндам «Суспільне». Грамадскаму вяшчальніку ўдалося дасягнуць незалежнасці рэдакцыйнай палітыкі, атрымаць давер аўдыторыі, толькі фінансаванне, прадугледжанае законам, пакуль выдзяляецца не ў поўнай меры.

    — З’яўленне грамадскага тэлебачання ва Украіне — гэта была патрэба грамадства, патрабаванне міжнародных партнёраў ці былі нейкія іншыя прычыны? Хто быў ініцыятарам стварэння грамадскага медыя? 

    — Гэта было абавязацельства Украіны перад Радай Еўропы. Украіна павінна была рэфармаваць дзяржаўныя медыі, якія ёй дасталіся ў спадчыну  ад Савецкага Саюза.

    Як такой патрэбы ў грамадства, на мой погляд, не было, бо большасць тады не разумела розніцы паміж грамадскім, дзяржаўным і камерцыйным вяшчаннем. Гэтую ідэю прасоўвалі актывісты, грамадскія арганізацыі, медыяэксперты, журналісты, якія гэтую розніцу бачылі.   

    Якую задачу вы ставілі перад сабой, даказваючы неабходнасць такога інстытута? 

    Па-першае, мы хацелі пазбавіцца дзяржаўных медыяў. Таму што ўсе папярэднія гады, перад стварэннем грамадскага вяшчальніка, дзяржаўныя тэлерадыёкампаніі паказалі, што яны не маюць незалежнай рэдакцыйнай палітыкі, працуюць цалкам пад кантролем улады — агульнадзяржаўнай (калі гэта агульнанацыянальнае медыя) альбо абласной (калі гэта рэгіянальнае медыя).  

    Быў такі закон, што апазіцыя мела недзе 30 гадзін на тыдзень, ці на месяц і яе, нібыта, дапускалі на гэтыя тэле- ці радыёканалы. Але, каб выканаць закон, гэтыя гадзіны давалі заўжды ўначы, у час, калі людзі не глядзяць тэлевізар. Асабліва гэта абвастрылася пасля Памаранчавай рэвалюцыі, калі Першы нацыянальны канал паказваў цалкам скажона падзеі на Майдане. Тады стала зразумела, што з гэтым дзяржаўным тэлерадыёвяшчаннем трэба нешта рабіць.  

    На пачатку 2000‑х, калі прыйшоў да ўлады Віктар Юшчанка, вельмі актыўна абмяркоўвалася ідэя стварэння грамадскага вяшчання, напрацоўвалася заканадаўчая база. Але праз некалькі гадоў гэты энтузіязм улады знік. То-бок, не было палітычнай волі, каб стварыць такога вяшчальніка. Дарэчы, заўжды размова ішла пра тое, што грамадскае вяшчанне будзе створана не з нуля, а на базе дзяржаўных СМІ. Такім чынам забівалі двух зайцаў — пазбаўляліся дзяржаўных вяшчальнікаў і стваралі грамадскія. 

    Грамадскія актывісты, якія «пушылі» гэтую ідэю, у тым ліку і я, не апускалі рукі. Мы ўсё адно напрацоўвалі законапраект, ён быў гатовы за часамі Януковіча. Але ўзнікла пытанне: ці варта ствараць грамадскае вяшчанне пры Януковічу, бо мы  разумелі, што гэта будзе не незалежнае вяшчанне. 

    І вось падчас Рэвалюцыі годнасці, калі зноў Першы нацыянальны канал паказаў сябе не з добрага боку і скажона асвятляў падзеі на Майдане, тады катэгарычна было прынята рашэнне, што трэба ўхваляць закон. Ён быў прыняты ў красавіку 2014 года, адразу пасля Рэвалюцыі годнасці, і мы ўзяліся за стварэнне грамадскага вяшчальніка, які запрацаваў у студзені 2017-га. 

    Падчас распрацоўкі заканадаўчай базы ці бралі вы за аснову досвед нейкай іншай краіны, ці прыцягваўся нехта з міжнародных экспертаў,  арганізацый? 

    — Гэта быў наш шлях. То-бок, гэта эксклюзіўная мадэль стварэння грамадскага СМІ. Мы аналізавалі, як гэта адбывалася ў іншых краінах. Некаторыя элементы, магчыма, супадалі, але ў прынцыпе, такой мадэлі, як у нас, нідзе не было. Законапраект гэта быў новы. На жаль, закон, які ўхвалілі ў 2014 годзе, быў вельмі дэкларатыўны. То-бок, проста канстатавалася, што Украіна на базе 30 дзяржаўных вяшчальнікаў стварае аднаго грамадскага — адну юрыдычную асобу. Але нармальнага механізму фактычна не было прапісана.

    Год мы збіраліся на розныя рабочыя групы, падрыхтавалі новую рэдакцыю закона, але ўхваліць яго ўдалося толькі 19 сакавіка 2015, пасля таго як быў абраны новы парламент. Далей ужо працаваў Кабмін, які стварыў камісію па рэфармаванні. Каласальны пласт працы быў зроблены.  

    Святлана Астапа

    Святлана Астапа. Фота: з архіва суразмоўцы

    Чаму для нас гэта беспрэцэдэнтны шлях? Таму што 30 кампаній  аб’ядналіся ў адну, і мы іх ўжо сем гадоў рэфармуем. Сродкаў нам бракавала і бракуе, але мы ўсё адно гэта робім. 

    У склад «Суспільне» уваходзяць: два агульнанацыянальныя каналы («UA:Перший» і «UA:Культура»), тры каналы «Украінскага радыё» (УР‑1, «Промінь» і «Культура»), 23 рэгіянальныя філіі ў рэгіёнах і «UA: Крым», дзіджытал-пляцоўка, аркестр, ансамблі, хор і Дом гуказапісу.

    Фінансаванне «Суспільнага»: дзяржава, донары, уласныя сродкі

    Датычна сродкаў, як абіралася мадэль фінансавання вяшчальніка? І як ён зараз фінансуецца?

    — Паводле закону, дзяржава мусіць фінансаваць грамадскі вяшчальнік у памеры 0,2% ад агульнадзяржаўнага бюджэту за мінулы год. Менавіта гэтую норму мы запазычылі з грузінскага закона аб грамадскіх СМІ.  

    Акрамя гэтага ў нас ёсць яшчэ сродкі ад донараў, якія з намі вельмі шчыльна супрацоўнічаюць. Гэта Еўрапейскі Саюз, Рада Еўропы. Нам, дарэчы, з законамі, са Статутам і з іншымі дакументамі заўжды дапамагала і дапамагае Рада Еўропы.  

    Таксама ў нас вельмі блізкія адносіны з Еўрапейскім вяшчальным саюзам ЕВU, куды ўваходзяць грамадскія вяшчальнікі Еўропы. Яны там таксама вельмі дапамагаюць і ў экспертным плане, зараз дапамагаюць матэрыяльна — з генератарамі, з тэхнікай. 

    Японія дала нам вялікі грант на пераабсталяванне, таму што ў нас уся тэхніка была старая. Акрамя таго ў нас, паводле закона, яшчэ засталося трохі рэкламы — ёсць ад яе прыбыткі, але яны не вельмі вялікія. Прыбыткі ад гаспадарчай дзейнасці — напрыклад, мы здаем некаторыя памяшканні, якія не выкарыстоўваем, у арэнду.

    Рэдакцыйная палітыка і спробы на яе паўплываць 

    Ці працуе зараз грамадскі вяшчальнік паўнавартасна і ці выконвае свае функцыі?

    — За сем гадоў нам удалося дасягнуць рэдакцыйнай і кадравай незалежнасці. То-бок, мы ўжо двойчы правялі выбары старшыні праўлення і самога праўлення. Назіральная рада ў нас абірае старшыню праўлення. Скажу, што спробы ўплыву былі.  

    У Назіральную Раду «Суспільне» ўваходзяць 9 прадстаўнікоў ад розных грамадскіх сфераў (грамадскія арганізацыі, навука і адукацыя, моладзь і дзеці, людзі з інваліднасцю, нацыянальныя меншасці і г.д.) і дэлегуецца па адным прадстаўніку ад парламенцкіх фракцый і груп, але гэтыя асобы не павінны быць дэпутатамі (зараз такіх прадстаўнікоў 7).

    Рэдакцыйная палітыка стала незалежнай: цяпер ужо ніхто не можа патэлефанаваць і сказаць «прышлі нам сюды камеру, бо будзе выступаць губернатар або прэм’ер-міністр». Самі журналісты абіраюць, куды ехаць і якія навіны асвятляць. 

    Што тычыцца фінансавай незалежнасці, то, нягледзячы на тое, што ў нашым профільным законе прапісана 0,2% ад агульнага фонду бюджэту на грамадскага вяшчальніка, але нам, на жаль, за сем гадоў не далі ні разу стоадсоткавы бюджэт. Нават перад вайной нам выдаткавалі амаль утрая менш прадугледжанага. А зараз у сувязі з вайной гэтыя сродкі увогуле абмежаваныя. Нам выдаткоўваюць толькі на самае неабходнае — заробкі,  трансляцыю, камуналку. А на астатняе мы просім грошы ў нашых донараў — міжнародных партнёраў.  

    Ці ўдалося ў выніку дасягнуць той поўнай незалежнасці ад улады, асабліва на рэгіянальным узроўні?  

    — Так, удалося. Першы старшыня праўлення, якога мы абралі, Зураб Аласанія, увогуле проста загадаў, каб не бегалі за ўладаю, не заглядалі ёй у рот. У нас быў такі нават перакос у 2017‑м — напачатку 2018-га, калі  рэгіянальныя філіі перасталі ўвогуле браць каментары ў мясцовай улады. І тады Назіральная рада сказала, што гэта таксама няправільна, бо за ўладаю трэба пільна сачыць, інакш яны вас таксама не будуць заўважаць. І потым мы нават прапісалі гэта ў нашых «Асноўных накірунках дзейнасці». 

    Давер аўдыторыі і праца ва ўмовах вайны

    Як сістэма грамадскага вяшчальніка трансфармавалася цягам часу існавання? Ці былі нейкія прынцыповыя змены і з чым яны звязаныя?

    — Па-першае, адбыліся якасныя змены ў кантэнце паралельна з якаснай зменай кадраў. Многія супрацоўнікі, якія ўсё жыццё адпрацавалі на дзяржаўным вяшчанні, абураліся, як можна знішчыць дзяржаўнае вяшчанне. Яны не разумелі, чым адрозніваецца грамадскае вяшчанне ад камерцыйнага, даводзілася гэта тлумачыць. 

    Спачатку камерцыйныя каналы, якія фінансуюцца алігархамі, нас не ўспрымалі як канкурэнтаў, глядзелі на нас, як на малодшага брата. Але зараз рэйтынгі паказваюць, што наш кантэнт нашмат больш якасны, што мы трымаемся ўсіх стандартаў журналістыкі, яны зразумелі, што да нас трэба больш паважліва ставіцца.

    Калі для камерцыйных каналаў вельмі важны  рэйтынг, бо яны рэкламу прадаюць, то для нас рэйтынг таксама важны, але на першым месцы такі паказнік, як давер. І ў нас зараз 77% даверу да нашых навінаў. 

    У нас у кампаніі зараз каля тысячы чалавек займаецца вырабам інфармацыйнага кантэнту. Таму што ў нас ідзе бесперапынны інфармацыйны марафон. Мы былі яшчэ ў складзе агульнанацыянальнага марафона «Адзіныя навіны», але ў траўні нам удалося палюбоўна разыйсціся і цяпер мы робім толькі свой марафон. 

    Датычна кадраў. Калі кампанія аб’ядналася, то было 7,5 тысяч супрацоўнікаў. Зараз у нас 3 650 недзе. З іх болей за 2 000 — гэта жанчыны. Больш за 100 чалавек зараз служыць у войску, трое з іх загінулі.

    Як грамадскі вяшчальнік праявіў сябе падчас паўнамаштабнай вайны? 

    — Тут мы з калегамі былі ў аднолькавых умовах. Адзінае, што ў нас дастаткова вялікая кампанія. Па-першае, мы яшчэ да паўнамаштабнага ўварвання на закрытым пасяджэнні Назіральнай рады зацвердзілі «план А», «план Б», што мы робім у выпадку паўнамаштабнага ўварвання. Было тры варыянты,  давялося ісці па самым жорсткім. Таму што ніхто не думаў, што ў Кіеве будуць весціся баі. Найперш мы спрабавалі надаць бяспекі нашым філіям у памежжы з Расіяй, а пасля з Кіева давялося правесці рэлакацыю ў Львоў, пазней вярнуліся.  

    У нас амаль 4 000 чалавек было. Давялося палову адправіць у прастой, бо яны не маглі нармальна выконваць свае абавязкі. Гэтыя людзі атрымлівалі  2/3 заробку. Але да канца года фактычна ўсе выйшлі з прастою. 

    Ад пачатку вайны мы не перарывалі свайго вяшчання. Хоць была для нас нават фізічная небяспека. Напрыклад, калі 1 сакавіка 2022 года ў тэлевізійную вежу ў Кіеве патрапіла ракета, а другая разарвалася за 50 метраў ад нашага асноўнага тэлевізійнага цэнтру, мы зразумелі, што там увогуле небяспечна знаходзіцца людзям, і перабраліся ў іншы будынак. 

    Акрамя таго, у нас вырасла пакаленне ваенных карэспандэнтаў. Частка людзей у нас дагэтуль працуе ў філіях на памежных тэрыторыях з Расіяй. Гэта небяспечна. Каля 200 чалавек — у Херсонскай і Данецкай абласцях.  Людзі  штодзённа церпяць ад абстрэлаў. І ўсё адно выязджаюць на фронт і працягваюць працаваць у такіх умовах. 

    Асноўнае, што нас адрознівае, гэта тое, што працягваем працаваць паводле стандартаў. То-бок, не спісваем на вайну тое, што мы не мусім трымацца прафесійных стандартаў.  

    «Калі ў Беларусі пераможа дэмакратыя, я гатова дапамагаць вам ствараць грамадскае вяшчанне» 

    Калі б зараз была магчымасць з чыстага аркуша ствараць грамадскі вяшчальнік, што б вы зрабілі інакш? 

    — Ну, вядома ж, лягчэй рабіць з нуля, альбо на базе аднае ці двух тэлерадыёкампаніяў. 30 — гэта вельмі шмат, вельмі цяжка. Я адпачатку ў Назіральнай радзе, а да таго была яшчэ і ў працоўнай групе па законе аб грамадскім вяшчанні. Мяне гэтая ідэя так захапіла, мне так хацелася, каб ва Украіне не было гэтых дзяржаўных вяшчальнікаў, якія зазіраюць у рот уладзе і толькі хваляць і піяраць яе. 

    Яшчэ колькі гадоў таму, асабліва падчас выбараў — ці ў дзяржаве, ці выбараў кіраўніцтва «Суспільнага», былі такія страхі, што захочуць нас узяць пад кантроль, як гэта адбываецца ў некаторых краінах нават Еўропы — Угоршчына, Славакія, тая самая Польшча, дзе адкат адбыўся ў плане незалежнасці рэдакцыйнай палітыкі грамадскіх вяшчальнікаў. Вельмі шмат залежыць ад людзей, якія працуюць на кампанію — ці яны трывалыя, ці яны змогуць супрацьстаяць гэтаму ўсяму. 

    Святлана Астапа

    Святлана Астапа. Фота: з архіва суразмоўцы

    Глядзіце: чым мы адрозніваемся — грамадскія вяшчальнікі на постсавецкай прасторы ад грамадскіх вяшчальнікаў старой Еўропы. Там грамадскія СМІ з’явіліся нашмат раней, чым камерцыйныя. Таму ж самаму ВВС — 102 гады. А камерцыйныя вяшчальнікі ў іх з’явіліся, шчыра кажучы, недзе пасля Другой Сусветнай вайны. 

    Калі мы ў Швейцарыі пытаем у іхняга грамадскага: «А хто ў вас канкурэнты?» А яны так здзіўлена пазіраюць на нас: «А ў нас няма канкурэнтаў». Я кажу: «Як?».«Дык у нас там нейкія маленькія камерцыйныя кабельныя каналы, яны нам не канкурэнты, мы тут адзіныя на ўсю краіну». То, вядома ж, у такіх умовах нашмат лягчэй працаваць. І ў Японіі, дарэчы, таксама грамадскае вяшчанне — гэта такая вялізная кампанія, без якой грамадства ўжо не ўяўляе свайго жыцця. 

    А ў нас… Пачалі стварэнне грамадскага ва Украіне яшчэ з 1997 года, а стварылі аж у 2017‑м. То-бок, 20 гадоў ніяк не маглі ўхваліць закон, прыняць і рэфармаваць. За гэты час акрамя таго дзяржаўнага вяшчання, якое нам у спадчыну дасталося, разраслася вялізная колькасць камерцыйных каналаў, нашых канкурэнтаў за фінансы, за аўдыторыю.

    Ці патрэбная ў прынцыпе ў сучасным грамадстве такая інстытуцыя, як грамадскія СМІ? Якія могуць быць альтэрнатывы? 

    — Я лічу, што адназначна патрэбная. Асабліва, з незалежнай рэдакцыйнай палітыкай. Бо ўсе іншыя кагосьці абслугоўваюць. Камерцыйныя абслугоўваюць сваіх уласнікаў, яны ніколі нічога не зробяць супраць іх. А дзяржаўнае заўжды піярыць уладу. Грамадскае ў гэтай сітуацыі — такая, ведаеце, здаровая ежа сярод рознага фастфуду. 

    У Беларусі ніколі не было грамадскіх вяшчальнікаў. Што б вы параілі, ці варта іх ствараць, калі ў Беларусь вернецца дэмакратыя, і як гэта лепей зрабіць? 

    — Дарэчы, яшчэ да падзеяў 2020 году ў Беларусі да нас на «Дэтэктар-медыя» прыязджала вялікая група беларускіх журналістаў, я таксама перад імі выступала, распавядала, як стварыць грамадскае вяшчанне, з чаго пачынаць і гэтак далей. Гэта быў, пэўна, 2018 год. 

    Калі казаць, з чаго пачынаць, то мне здаецца, што мусіць быць актыўная група лабістаў гэтага пытання, якія разумеюць, навошта гэта трэба, і могуць патлумачыць іншым. Па-другое, трэба, каб такая група была створана ў парламенце, каб яны ў сваю чаргу таксама патлумачылі калегам навошта гэта, і тыя маглі ўхваліць адпаведны закон. 

    І ўжо, калі будзе заканадаўчы падмурак, рухаць далей гэтае пытанне. Будзе вельмі шмат супраціву, бо я ж кажу — у нас праціўнікамі рэформы былі ўсе дзяржаўныя вяшчальнікі, усе, хто працаваў на дзяржаўным вяшчанні — і людзі шэраговыя, і кіраўніцтва. 

    Калі ў вас атрымаецца, то ваш Першы канал — баявы рупар Лукашэнкі — трэба проста браць і на базе яго ствараць грамадскае вяшчанне. Калі ёсць радыё, то таксама. Калі ў Беларусі пераможа дэмакратыя, я спадзяюся, што я дажыву да таго часу, — клічце, я вам дапамагу. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці